«Кіберпартызаны BY» выкралі расійскія даныя пра страты ў вайне з Украінай

Беларускія «Кіберпартызаны BY» і хакерская групоўка Silent Crow правялі кібератаку на інтэрнэт-рэсурсы Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі (Расстата). Хакеры выкралі 23 ТБ даных, сярод якіх — звесткі пра расійскія страты ў вайне супраць Украіны. Па ўкраінскіх даных армія РФ усталявала на фронце адразу два «рэкорды» — па сутачных і месячных стратах салдат. Ідуць 1713-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з euroradio.fm

Калаж з euroradio.fm

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 205 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 лістапада.

На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі 10 атак у бок Стэпавага, Зялёнай Даліны і ў раёне Зарэчнага.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 20 атак у раёне Канстанцінаўкі і ў бок населеных пунктаў Аляксеева-Дружкоўка, Мікалаеўка, Восікавае, Райскае, Паўлаўка, Навапаўлаўка.

На Пакроўскім кірунку адбылася 31 атака непадалёк населеных пунктаў Сафіеўка, Вольнае, Светлае, Вадзянскае, Васільеўка, Маладзецкае, Удачнае і ў бок Дабраполля, Навагрышына, Мірнага, Сяргееўкі, Навапаўлаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі восем атак, на Гуляйпольскім кірунку — сем атак.

* * *

У кастрычніку ўкраінскія ваенныя вярнулі больш зямлі, чым захапілі расіяне, а страты арміі РФ дасягнулі рэкорднага за час поўнамаштабнай вайны ўзроўню, напісаў у Telegram прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Па яго словах, на працягу кастрычніка расійская армія страціла 54400 ваенных забітымі і цяжкапараненымі. Гэта найбольшы месячны паказчык за ўвесь час поўнамаштабнай вайны.

У той жа час украінскія абаронцы за кастрычнік вызвалілі 96,2 квадратных кіламетраў Украіны, што на 10,4 квадратнага кіламетра больш, чым расійскія войскі змаглі захапіць за той жа перыяд.

«Расія страчвае. Мы захоўваем пазіцыі, вызваляем тэрыторыю і робім так, каб кожны дзень вайны каштаваў агрэсару максімальна дорага. Каб спыніць гэтыя жахлівыя страты, Расіі дастаткова абраць спыненне агню і дыпламатыю», — прапанаваў прэзідэнт Украіны.

* * *

У ноч на 2 лістапада Расія атакавала Украіну 193 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (75 рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 154 БпЛА (58 рэактыўныя), больш за 6 ударных беспілотнікаў яшчэ ў паветры.

У выніку ўдараў БпЛА па пасёлку Васішчава пад Харкавам пацярпелі 11 чалавек. Дрон трапіў у дах пяціпавярховага жылога дома.

Вечарам 1 лістапада ў Палтаўскай вобласці ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў былі пашкоджаны жылыя дамы, адзін чалавек траўмаваны.

У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку расійскіх атак на працягу 1 лістапада параненыя 6 чалавек.

Вечарам 1 лістапада расіяне атакавалі Запарожжа, атрымалі траўмы хлопец і дзяўчына.

Раніцай 2 лістапада Самарская вобласць Расіі падверглася атацы беспілотнікаў. Верагоднай мэтай стала лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя «Самара» ў горадзе Прасвет, дзе пасля атакі ўзнік пажар. Станцыя «Самара» з'яўляецца важным вузлом прыёму, захавання і транспартыроўкі нафты і мае адзін з найбуйнейшых рэзервуарных паркаў у Еўропе.

* * *

Цягам 1 лістапада Сілы абароны Украіны абясшкодзілі 2500 расійскіх ваенных. Гэта найбольшыя сутачныя страты арміі РФ за ўвесь час поўнамаштабнай вайны. Папярэдні рэкорд устанавілі зусім нядаўна, 21 кастрычніка 2026 года: тады РФ страціла 2250 асоб за суткі. Да гэтага амаль два гады трымаўся рэкорд 19 снежня 2024 года — 2200 акупантаў за суткі.

880112422_29524604803811870_7729084000741570835_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв'ю CNN Türk у Стамбуле, што гатовы сустрэцца з лідарам РФ Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Стамбуле для абмеркавання ўмоў спынення вайны.

«Гэта вайна павінна скончыцца. Мы павінны аб'яднацца, каб перавесці гэтую вайну з гарачай фазы хаця б у дыпламатычную. У гэтым кантэксце я спадзяюся на пасрэдніцтва Турцыі. Асабіста я лічу, што нашы адносіны з прэзідэнтам (Эрдаганам), а таксама яго адносіны з Трампам і Пуціным могуць апынуцца карыснымі. Сёння зноў гаворка ішла пра правядзенне сустрэчы лідараў у трохбаковым фармаце ў Турцыі. Вядома, калі Турцыя зможа гэта арганізаваць, мы з радасцю пагодзімся на гэта», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што сустрэча на ўзроўні тэхнічных груп, якая павінна адбыцца ў Абу-Дабі, і сустрэча лідараў – гэта «паралельныя працэсы».

«Нашы тэхнічныя групы правядуць перамовы. Аднак мы лічым, што сустрэча лідараў з'яўляецца абавязковай умовай. Пытанні, якія могуць абмяркоўваць тэхнічныя групы, дакладна вызначаны. Некаторыя з іх, наадварот, павінны разглядацца на ўзроўні лідараў», — сказаў ён.

Галоўным пытаннем парадку дня сустрэчы лідараў, на думку Зяленскага, з'яўляецца «забеспячэнне безумоўнага і поўнага спынення агню, а таксама кантроль за гэтым з дапамогай магутнага механізму маніторынгу».

«Нашым прыярытэтам з'яўляецца забеспячэнне перамір'я на існуючай лініі фронту, а ўжо потым — абмеркаванне іншых пытанняў», — сказаў прэзідэнт Украіны.

* * *

Беларускія «Кіберпартызаны BY» і хакерская групоўка Silent Crow правялі кібератаку на інтэрнэт-рэсурсы Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расіі (Расстата). На галоўным партале і сайтах рэгіянальных упраўленняў з'явіліся паведамленні на беларускай мове: «Нікому не пазбегнуць адказнасці».

У прэс-службе Расстата заявілі, што атакі былі старанна падрыхтаваныя і адбываліся адначасова па некалькіх кірунках з 29 кастрычніка па 1 лістапада. Па даных расійскага ведамства, да іх прыцягнулі значную колькасць спецыялістаў рознага профілю, тады як крыніцы атак былі геаграфічна рассяроджаныя.

У той жа час у Расстаце сцвярджаюць, што ўцечкі баз даных нібыта не адбылося. У ведамстве патлумачылі, што сістэмы маніторынгу «своечасова» выявілі падазроную актыўнасць, — але на момант публікацыі сайт Расстата не працаваў.

Хакерская групоўка Silent Crow заявіла пра выкраданне 23 ТБ даных. Сярод іх — звесткі пра расійскія страты ў вайне супраць Украіны, дэмаграфічная і эканамічная статыстыка, а таксама дакументы з паметкай «для службовага карыстання».

Расстат сапраўды ўлічвае выпадкі гібелі ў выніку ваенных дзеянняў, але з 2024 года ведамства прыпыніла публікацыю зводнай статыстыкі пра прычыны смерці. З адкрытага доступу таксама зніклі іншыя даныя, па якіх можна было ацэньваць наступствы поўнамаштабнага ўварвання.