ЗША не падоўжылі зняцце абмежаванняў на расійскую нафту ў танкерах

Спрыяльны час для Расіі заканчваецца: санкцыі ЗША ў дачыненні да расійскай нафты зноў уступілі ў сілу. Адміністрацыя Трампа дазволіла тэрміну дзеяння выключэння скончыцца ў гэтыя выходныя, а значыць, у Расіі будзе менш грошай на вайну. Тым часам свет амаль стварыў Трыбунал па агрэсіі супраць Украіны. Ідуць 1512-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

a8298e604b1fb93cca929d994ebb579b.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 212 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Біліцкага, Шаўчэнка, Грышына, Котліна, Мураўкі, Маладзецкага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 31 атаку паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Берастоку, Клебан-Быка, Русінага Яру, Іванаполля, Іллінаўкі, Яблонаўкі, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі і Сафіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 13 атак у раёнах Мірнага, Гуляйполя і ў бок Горкага, Дабраполля, Залізнічнага.

На Ліманскім кірунку армія РФ 12 разоў спрабавала прасунуцца каля Навасергіеўкі, Ліману, Дробышава і Дзіброва.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў у раёнах Аляксандраграду, Варанога, Вербавага, Новагрыгораўкі, Калінаўскага, Злагоды.

На Купянскім кірунку расіяне 10 разоў атакавалі у кірунку Курылаўкі, Купянска-Вузлавога, Новай Круглякоўкі, Загрызава, Багуслаўкі, Наваплатонаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ дзевяць разоў спрабаваў прарваць абарону УСУ ў раёнах Ваўчанску, Старыцы і Ліману.

* * *

У ноч на 15 красавіка Расія атакавала Украіну трыма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М, а таксама 324 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 309 БпЛА.

У Дняпры ў выніку атакі дронаў РФ у горадзе загарэўся адмінбудынак, таксама знівечана 9-павярховая новабудоўля ў цэнтры горада. Вядома пра раненне 29-гадовай жанчыны.

У Чаркасах адбылося падзенне беспілотнікаў у некалькіх лакацыях. Вядома пра чатырох пацярпелых.

У Запарожжы дроны трапілі ў аўтастаянку, прадпрыемства і прыпынак грамадскага транспарту. Пашкодзіла бліжэйшыя жылыя дамы і кіёск, у выніку загінула 74-гадовая прадаўшчыца кіёска, якая знаходзілася ў ім падчас атакі.

У Сумах дроны цэлілі ў прамзону горада, абышлося без пацярпелых.

Расіяне атакавалі беспілотнікамі партовую інфраструктуру ў Адэскай вобласці — пашкодзілі склады і адміністрацыйныя будынкі.

У Дзяснянскім раёне Кіева выявілі баявую частку расійскай ракеты «Іскандэр-К». У сувязі з гэтым жыхароў папярэдзілі пра выбух у выніку абясшкоджвання боепрыпасу.

На найстарэйшым порахавым заводзе ў расійскай Казані прагрымеў магутны выбух. У мясцовай адміністрацыі паведамілі, што адбыўся выбух «тэхнагеннага характару», у выніку якога адбылося абвальванне ў адным з цэхаў. Ёсць пацярпелыя. Паводле афіцыйнай інфармацыі, прычынай выбуху стала сістэма скіду ціску.

Казанскі порахавы завод — гэта абаронна-прамысловае прадпрыемства, размешчанае ў Кіраўскім раёне Казані і заснаванае яшчэ ў XVIII стагоддзі. Яно вырабляе порах для стралковай зброі і артылерыі і ўваходзіць у спіс сістэмаўтваральных прадпрыемстваў Расіі.

* * * 

671500755_1309335928046149_3245322542215202404_n.jfif

* * *

Прэзідэнт УкраіныУладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Стэрам у Осла пацвердзіў, што спецпасланнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф і зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер плануюць прыехаць ва Украіну.

«Мы не атрымалі ніякай інфармацыі пра тое, калі яны прыедуць. Яны сказалі мне, у самым пачатку красавіка — 1-га ці 2-га красавіка — у мяне была размова з імі, у ўсёй маёй каманды была размова з імі. Гэта была пазітыўная размова паміж намі, і яны пацвердзілі, што прыедуць», — распавёў Зяленскі.

Ён дадаў, што яны шмат разоў былі ў Маскве, і ні разу — у Кіеве.

«Мы будзем чакаць іх у любы час, калі яны будуць гатовыя, але я думаю, што зараз іх фокус на Іране і Блізкім Усходзе. У любым выпадку для нас важна працягваць кантакт з амерыканцамі», — сказаў Зяленскі.

* * *

Санкцыі ЗША ў дачыненні да расійскай нафты зноў уступілі ў сілу пасля таго, як адміністрацыя Трампа дазволіла тэрміну дзеяння выключэння скончыцца ў гэтыя выхадныя, паведамляе Politico. У сакавіку было абвешчана пра зняцце абмежаванняў з расійскай нафты, якая на момант 12 сакавіка ўжо была загружана на суды.

Крыніцы ў Сенаце ЗША адзначылі, што заканчэнне тэрміну дзеяння выключэння наўрад ці з’яўляецца падставай для святкавання, паколькі Расія да гэтага часу выкарыстоўвае шматлікія абыходныя шляхі збыту сваёй нафты.

«Яшчэ да выдачы ліцэнзіі расійская нафта, якая знаходзіцца пад санкцыямі, трапляла на рынак, паколькі адміністрацыя Трампа не ўвяла ніякіх контрсанкцый супраць Расіі — ні на продаж нафты, ні на крытычна важныя закупкі для ваеннай машыны Крамля — на працягу больш за год», — сказаў ананімны памочнік сенатара-дэмакрата.

Вашынгтон аргументаваў аслабленне санкцый супраць Расіі глабальным ростам цэн на нафту ў выніку вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана і ўдараў апошняга па многіх краінах Персідскага заліва, што фактычна паралізавала экспарт нафты з рэгіёна. Падобныя рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да венесуэльскай і іранскай нафты.

Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент казаў, што аслабленне Вашынгтонам санкцый супраць расійскай нафты прынясе Маскве «нязначны» прыбытак у памеры каля 2 мільярдаў долараў.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп час ад часу паўтарае, што Армузскі праліў так ці інакш будзе разблакаваны. У пятніцу ён зноў заявіў, што гэта адбудзецца «даволі хутка».

* * *

Ісландыя і Польшча пацвердзілі сваю гатоўнасць далучыцца да пагаднення, неабходнага для стварэння Спецыяльнага трыбунала па расследаванні злачынстваў расійскай агрэсіі супраць Украіны, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў Х.

«Мы ўдзячныя нашым ісландскім і польскім партнёрам за гэты важны крок. Гэта азначае паваротны момант: з 17 пацверджаннямі мы афіцыйна перасягнулі юрыдычны мінімум у колькасці дзяржаў-членаў, неабходных для галасавання за пагадненне», — напісаў Сібіга.

Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра пашыранае частковае пагадненне (EPA) па Кіруючым камітэце Спецыяльнага трыбунала. Зараз яно можа быць вынесена на разгляд і прынята падчас пасяджэння Камітэта міністраў Савета Еўропы на ўзроўні міністраў у Кішынёве 14–15 мая.

Паводле слоў Сібігі, Украіна і далей будзе збіраць подпісы краін для далучэння — як у межах Савета Еўропы, так і па-за ім, на ўсіх кантынентах і ва ўсіх рэгіёнах.

«Мы заклікаем усе дзяржавы далучыцца да гэтых гістарычных намаганняў па адказнасці. Злачынцы ў Маскве павінны ўсвядоміць, што правасуддзе непазбежнае. Ад звычайных расійскіх выканаўцаў да вышэйшага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва. Справаздачнасць мае вырашальнае значэнне для трывалага міру», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны.