Расіяне абнавілі сутачны «рэкорд» па стратах ва Украіне. Папярэдні пратрымаўся тыдзень
Генштаб УСУ паведамляе пра новы «рэкорд» арміі РФ па стратах. Узламаныя хакерамі даныя Расстата ў асноўным пацвярджаюць дакладнасць украінскіх падлікаў. У той жа час Дональд Трамп спадзяецца на хуткае заканчэнне вайны, а калі яго не будзе — амерыканскі Кангрэс мае намер пачаць маштабную падтрымку Украіны, магчыма нават у абыход Трампа. Ідуць 1720-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Zelenskiy / Official
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 140 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана дзевяць атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі і Мікалаеўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 15 атак у раёнах Сяргееўкі і Маладзецкага, а таксама ў кірунках Вольнага, Дабраполля і Навафёдараўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі сем атак, на Гуляйпольскім кірунку — пяць атак.
* * *
Вечарам 8 лістапада расійскія войскі атакавалі Крэменчуг Палтаўскай вобласці ўдарнымі беспілотнікамі. У выніку атакі пашкоджаны шматкватэрны жылы дом, у якім узнік пажар. Таксама расійскі дрон патрапіў у будынак гатэля. Падраздзяленні ДСНС выратавалі 15 чалавек, пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку 16-гадовы юнак.
У ноч на 9 лістапада расійскі беспілотнік ударыў па Хмяльніцкім. У выніку атакі пашкоджана жылая забудова, у прыватных дамах узнік пажар.
У Ленінградскай вобласці Расіі пасля атакі беспілотнікаў успыхнуў пажар на Кірышскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Кірышскі НПЗ лічыцца адным з найбуйнейшых у Расіі з магутнасцю перапрацоўкі каля 20 млн тон нафты за год.
* * *
Хакерскія групоўкі Silent Crow і Кіберпартызаны BY, якія заявілі пра ўзлом расійскай дзяржаўнай службы статыстыкі (Расстат), апублікавалі даныя, згодна з якімі з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў выніку баявых дзеянняў і іх наступстваў загінулі больш за 450 тысяч расіян.
Па падліках Silent Crow, па стане на канец жніўня 2026 года ў базе Расстата ўтрымліваліся звесткі пра больш чым 410 тысяч смерцяў, звязаных непасрэдна з баявымі дзеяннямі або іх наступствамі. Больш шырокая ацэнка групоўкі складае 450 100 смерцяў — у яе ўключаны амаль 15 тысяч небаявых смерцяў ваеннаслужачых: з-за хвароб, ДТЗ і самагубстваў, а таксама 575 смерцяў з паметкай «тэракт».
Генштаб УСУ нядаўна паведаміў, што страты расіян ва Украіне склалі больш за 1 млн 600 тыс чалавек — лічачы забітых, параненых і зніклых без вестак. Расстат лічыць толькі забітых, не ўлічваючы ў сваёй статыстыцы нават зніклых без вестак.
* * *
Страты арміі РФ на вайне ва Украіне склалі рэкордную лічбу ў 2980 чалавек. Папярэдні «рэкорд» быў усталяваны 2 лістапада — 2500 чалавек.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю CBS News заявіў, што пасля ўхвалення мірнага пагаднення Украіна можа набыць «трохі іншыя абрысы». У той жа час ён выказаў надзею, што дамоўленасці пра заканчэнне вайны ўдасца дасягнуць у найбліжэйшы час.
«Думаю, у нас будзе пагадненне, і я лічу, што гэта адбудзецца. У выніку, Украіна набудзе трохі іншыя абрысы», — заявіў Трамп.
Галоўнай перашкодай на шляху да міру Трамп назваў «нянавісць паміж Зяленскім і Пуціным». Адказваючы на пытанне, каму ён больш давярае — Уладзіміру Зяленскаму або Уладзіміру Пуціну, — Трамп наўпрост не адказаў і заявіў, што мае «добрыя адносіны з абодвума».
«Вы ўсё ўбачыце. Нас чакае вельмі важная сустрэча. Я веру, што гэта вайна скончыцца — і скончыцца хутка», — сказаў прэзідэнт ЗША.
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што пытанне гарантый бяспекі для Украіны з'яўляецца адной з ключавых тэм у рамках перамоў па заканчэнні расійска-украінскай вайны. Ён выказаў надзею, што на сустрэчы ў Абу-Дабі будзе прагрэс, паведамляе DRM News.
«На працягу ўсяго часу, пакуль мы абмяркоўваем расійска-украінскую вайну, пастаянна падымаецца адно пытанне — неабходнасць надання гарантый бяспекі. Якой будзе пасляваенная сістэма бяспекі Украіны... і ўсяго еўрапейскага кантынента? Гэта адна з ключавых тэм, якая неаднаразова падымалася ў ходзе кожнай размовы, калі абмяркоўваліся перамовы», — сказаў Рубіё.
Ён таксама патлумачыў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, кажучы пра прагрэс, мае на ўвазе пэўны прагрэс у прапрацоўцы таго, як магла б выглядаць архітэктура бяспекі пасля заканчэння вайны. Рубіё падкрэсліў, што перад пераходам да гэтага этапу для пачатку трэба закончыць вайну, але такія абмеркаванні ўжо вядуцца.
Рэзюмуючы ён дадаў, што на сёння размова ідзе пра першапачатковыя прапановы, але пакуль яшчэ нічога не ўзгоднена.
* * *
ЗША могуць і павінны як можна хутчэй аднавіць ваенную дапамогу для Украіны, а таксама ўзмацніць санкцыі супраць Расіі, заявіў амерыканскі сенатар-дэмакрат Рычард Блюменталь у Х.
Па словах Блюменталя, ён плануе ўнесці ў Кангрэс ЗША спецыяльны законапраект. Калі яго ініцыятыва атрымае падтрымку, Украіна зноў зможа атрымліваць ваенную дапамогу ад ЗША, якую заблакаваў прэзідэнт Дональд Трамп. Таксама сенатар разам з іншымі дэмакратамі мае намер дамагацца ад кіраўніка Белага дома ўвядзення «пякельных санкцый» супраць Расіі, а таксама аднаўлення абмежаванняў, дзеянне якіх было прыпынена.
«Трэба пакласці канец агіднаму пагадненню Трампа па дызельным паліве, аказаць ваенную дапамогу (Украіне), у прыватнасці ў сферы супрацьпаветранай абароны, і прыняць дадатковыя меры, каб дэманстраваць неабходную падтрымку і прымусіць Пуціна сесці за стол перамоў пра сапраўдны мір», — падкрэсліў Блюменталь.
Сенатар мае намер запатрабаваць ад Трампа замяніць сваіх спецпрадстаўнікоў па пытаннях Украіны і Расіі. «Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу патрэбныя новыя перамоўшчыкі — не пакорлівыя марыянеткі, якія называюць гэтага жорсткага забойцу "гуманістам"», — заявіў дэмакрат, маючы на ўвазе скандальную заяву Стыва Уіткафа.
* * *
Украіна правяла выпрабаванні экзаатмасферных сістэм — размова ідзе пра комплексы, якія здольныя перахопліваць балістычныя ракеты ў блізкім космасе, піша The Guardian.
Масква як мінімум тройчы прымяняла балістычныя ракеты «Арэшнік», здольныя выходзіць у блізкі космас, пасля чаго падзяляюцца на некалькі баявых блокаў з незалежным навядзеннем. На фоне гэтых пагроз Кіеў актывізаваў працу па дыверсіфікацыі доступу да касмічных тэхналогій і сістэм сувязі, паступова зніжаючы залежнасць ад амерыканскіх сістэм, у прыватнасці Starlink. У апошнія тыдні праца апошняй суправаджалася супярэчлівымі абмежаваннямі.
У той жа час Украіна распрацоўвае ўласныя касмічныя сродкі супрацьдзеяння пагрозам, у прыватнасці ракетам «Арэшнік».
Украіна ўжо правяла як мінімум тры выпрабаванні сістэм перахопу мэтаў у блізкім космасе. «Гэта прыярытэт... Мы ўжо прадэманстравалі запускі экзаатмасферных сістэм і працуем над тым, каб зразумець, ці зможам мы запусціць іх у вытворчасць», — заявіў кіраўнік падкамітэта па дзяржаўнай бяспецы, абароне і абарончых інавацыях Фёдар Веніслаўскі.
Паралельна Украіна працуе над стварэннем уласнай групоўкі спадарожнікаў, далучаючыся да ліку дзяржаў, якія імкнуцца ўзмацніць сваю прысутнасць у касмічнай прасторы.