Страты Расіі на вайне з Украінай перавысілі 1 мільён 600 тысяч чалавек
Адзін мільён і 600 тысяч чалавек — столькі РФ ужо страціла забітымі і параненымі ў вайне з Украінай па даных украінскіх вайскоўцаў. У той жа час Дональд Трамп анансаваў «выдатнае» пагадненне адносна заканчэння вайны, якое будзе тычыцца «не толькі Украіны». Пытанне ў тым, ці ведае пра планы Трампа Уладзімір Пуцін. Ідуць 1717-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота REUTERS/Zohra Bensemra
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 188 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 11 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Сцяпанаўка і ў бок Раскошнага.
На Пакроўскім кірунку адбылося 16 атак непадалёк населеных пунктаў Вольнае, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Дабраполле, Святагораўка, Сяргееўка, Навапаўлаўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне дзевяць разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Ягораўка, Касаўцава, Горкае і паблізу Дабраполля.
* * *
Вечарам 5 лістапада расійскія войскі атакавалі энергетычную інфраструктуру Белацэркаўскай грамады ў Кіеўскай вобласці рэактыўнымі беспілотнікамі, у выніку чаго ўзніклі перабоі з электрычнасцю.
Беспілотнікі атакавалі Афіпскі НПЗ у Краснодарскім краі РФ. Там прагрымела серыя выбухаў, пасля чаго ўспыхнуў пажар.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўдзельнікаў 30-га Ібера-амерыканскага саміту паведаміў, што кожная электрастанцыя ў Украіне так ці інакш пацярпела ад расійскіх атак.
Па яго словах, расіяне выкарыстоўваюць дроны і ракеты для нанясення ўдараў нават па тым энергетычным абсталяванні, ад якога залежыць праца ўкраінскіх АЭС.
Зяленскі заклікаў Іспанію і краіны Лацінскай Амерыкі дапамагчы з тэрміновай пастаўкай электратэхнічнага абсталявання і генератараў. У прыватнасці, Украіна зацікаўленая ў трансфарматарах з Бразіліі, Мексікі, Аргенціны і Калумбіі, сілавых кабелях з Чылі, а таксама ў абсталяванні, кабелях і генератарах з Іспаніі.
«Нам патрэбнае абсталяванне, сумяшчальнае з нашай энергасеткай. І патрэбна хутка», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
* * *
Страты Расіі на вайне з Украінай перавысілі 1 мільён 600 тысяч чалавек
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на галандскім ток-шоу Паў і Дэ Віт заявіў, што ў вайне Расіі супраць Украіны пераможцаў не будзе. Яна, на яго думку, скончыцца «шляхам кампрамісаў», паведамляе Bloomberg.
На пытанне, ці выйграе хтосьці вайну, якую пачала Расія супраць Украіны ў лютым 2022 года, Рутэ адказаў: «Я не думаю, што гэта вельмі магчыма. Такія войны заўсёды заканчваюцца мірным пагадненнем, якое часта з'яўляецца свайго роду кампрамісам».
Па яго словах, Еўропа павінна захоўваць пільнасць адносна патэнцыйнай расійскай агрэсіі нават пасля таго, як вайна ва Украіне будзе скончана.
«Расійская пагроза сёння не праяўляецца непасрэдна на нашай мяжы, таму што многія з гэтых салдат занятыя ва Украіне. Але калі там усё скончыцца, то велізарная армія будзе існаваць не проста так», — патлумачыў генсек NATO.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі ў Белым доме анансаваў маштабнае «выдатнае» пагадненне адносна заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. Больш за тое — яно будзе тычыцца «не толькі Украіны».
«Будзе дасягнута пагадненне. Гэта будзе маштабнае пагадненне, і яно будзе тычыцца не толькі Украіны. Яно будзе тычыцца не толькі Украіны, і я нават магу сказаць, што, магчыма, яно закране ўсю Еўропу. Гэта будзе вялікае, выдатнае пагадненне, і ўсе будуць у захапленні», — запэўніў лідар ЗША.
Ён сустракаўся са спецпасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыемым, нагадаў Трамп. Каментуючы гэтую сустрэчу, кіраўнік Белага дома сказаў, што рыхтуецца дагавор пра заканчэнне вайны, аднак дадатковых дэталей амерыканскі прэзідэнт не раскрыў.
* * *
Першая лэдзі ЗША Меланія Трамп падчас мерапрыемства ў Белым доме, прысвечанага гуманітарнай аперацыі ў Алешках на часова акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці, паведаміла, што напісала асабістыя лісты прэзідэнтам Украіны і Расіі — Уладзіміру Зяленскаму і Уладзіміру Пуціну.
«Я сёння напісала прэзідэнту Пуціну і прэзідэнту Зяленскаму, звярнулася да іх з асабістымі лістамі. Я хачу, каб вы перадалі гэтыя лісты вашым прэзідэнтам, зрабіце гэта як маю асабістую паслугу», — сказала Меланія Трамп.
Меланія Трамп выказала надзею, што гуманітарная аперацыя ў Алешках стане пачаткам больш шырокага мірнага працэсу. Яна падкрэсліла, што чалавечнасць павінна быць важнейшай за ваеннае супрацьстаянне, а сумесны клопат пра пакуты мірных жыхароў можа дапамагчы бакам знайсці узаемаразуменне.
«Разам мы зможам стварыць нешта больш трывалае, чым часовае перамір'е», — заявіла першая лэдзі ЗША.