Масква хоча «адкаціць» NATO да межаў 1997 года

Крэмль на перамовах у Абу-Дабі высунуў непрымальныя для Еўропы патрабаванні. І гэтыя патрабаванні ніяк не тычацца Украіны. Што кажа пра тое, што Пуцін у мірных перамовах не зацікаўлены. А ў ЗША пачынаюцца расследаванні ў дачыненні да тых, хто абмяжоўваў дапамогу Украіне. Ідуць 1725-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з inbusiness.kz

Фота з inbusiness.kz

Працягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 273 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 лістапада.

На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі 15 атак паблізу Грэкаўкі і ў бок населеных пунктаў Новаплатонаўка, Дружалюбаўка, Зялёная Даліна, Ліман.

На Пакроўскім кірунку адбылося47 атак непадалёк населеных пунктаў Тарэцкае, Сафіеўка, Вольнае, Новы Данбас, Вадзянскае, Дабраполле, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Кучараў Яр, Залаты Калодзеж, Ганнаўка, Навагрышына, Мірнае, Сяргееўка, Навапаўлаўка.

На Гуляйпольскім і Канстанцінаўскім кірунках расіяне атакавалі па 11 разоў на кожным.

На Арэхаўскім кірунку армія РФ правяла восем атак, на Славянскім кірунку — шэсць атак.

* * *

У ноч на 14 лістапада Расія атакавала Украіну 96 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (61 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 81 БпЛА. Некалькі ўдарных беспілотнікаў яшчэ ў паветры, атака працягваецца.

13 лістапада расіяне нанеслі ўдар па Запарожжы кіруемымі авіяцыйнымі бомбамі, беспілотнікамі і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Параненыя да 50 чалавек, з якіх 8 — дзеці, два чалавекі загінулі, адзін з іх — ратавальнік, які разбіраў завалы.

Раніцай 14 лістапада расійскія войскі атакавалі беспілотнікам прыватны дом у Глухаве Сумскай вобласці. Раненні атрымалі жанчына і яе 9-гадовы ўнук, які знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Таксама ў выніку паўторнага ўдару пацярпеў паліцэйскі.

* * * 

905199647_908068095726130_4112415361361416929_n.jfif

* * *

Еўропу на маючых адбыцца перамовах пра спыненне вайны ва Украіне будуць прадстаўляць інстытуты Еўрапейскага Саюза, а таксама Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія і Польшча, заявіў прэзідэнт Еўрасавета Антоніу Кошта на прэс-канферэнцыі ў Дубліне.

Па словах Кошты, пазіцыя ЕС ясная: бяспека Еўропы пачынаецца з бяспекі Украіны, і ЕС вітае ўсе дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на тое, каб прывесці Расію за стол перамоў.

«Мы ўсяляк падтрымліваем гэты працэс і спадзяемся, што ён дасць канкрэтныя вынікі. Сёння лідары дамовіліся, што нашай еўрапейскай камандай для перамоў пра мір ва Украіне з'яўляюцца інстытуты Еўрапейскага Саюза і краіны Е5 (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія і Польшча. — Рэд.)», — сказаў Кошта.

Кошта падкрэсліў, што іншыя бакі ў перамовах таксама дзейнічаюць камандамі. «Калі паглядзець на спецыяльных пасланнікаў прэзідэнта Трампа, то іх не адзін, а двое. Калі паглядзець на ўкраінскую дэлегацыю, то, думаю, там тры або чатыры чалавекі. Гэта нармальна», – заявіў кіраўнік Еўрасавета.

Ён дадаў, што каманда прадстаўляе не толькі Еўрапейскі Саюз, але і «кааліцыю ахвотных», якая адыгрывае важную ролю ў кантэксце забеспячэння гарантый бяспекі для Украіны пасля заключэння мірнага пагаднення.

* * *

Расія запатрабавала перагляду еўрапейскай сістэмы бяспекі як папярэдняй умовы для перамоў пра Украіну пры пасрэдніцтве ЗША, піша Bloomberg, спасылаючыся на дасведчаныя крыніцы.

Пад змяненнем «архітэктуры бяспекі» ў Еўропе Масква мае на ўвазе адкат NATO да межаў 1997 года, патлумачыў суразмоўца інфармагенцтва з дыпламатычных колаў і падкрэсліў, што для Еўропы гэта абсалютна непрымальна.

Напярэдадні прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што РФ патрабуе ад Захаду «дакументальнага афармлення» непашырэння NATO.

Нягледзячы на тое, што ў Еўропе лічаць недапушчальным абмяркоўваць пытанні сістэмы бяспекі з Масквой, якая сама парушае бягучыя дамоўленасці, некаторыя лідары, уключаючы кіраўніка Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен, прыватна прасоўваюць ідэю хаця б пачаць гаварыць на гэтую тэму паралельна з мірнымі перамовамі.

Такая перспектыва выклікала рэзкае непрыманне як публічнае, так і кулуарнае з боку многіх краін, якія мяжуюць з РФ, адзначаюць дыпламаты. Яны дадаюць, што такі дыялог толькі іграе на руку Крамлю.

Некалькі еўрапейскіх чыноўнікаў настойваюць на прагматычным падыходзе, які прадугледжвае пачатак кансультацый з Расіяй па архітэктуры бяспекі для таго, каб утрымаць яе і ЗША ў перамоўным працэсе.

* * *

Ліцэнзіі на вытворчасць украінскіх ракет Patriot у ЗША «захраслі» ў Пентагоне, напісаў журналіст Алекс Раўфоглу ў X.

Дзве крыніцы пацвердзілі журналісту, што ліцэнзійныя дакументы знаходзяцца ў тупіку. Па іх словах, працэс спыніўся падчас працы Майкла Дафі, які займаў пасаду намесніка міністра абароны ЗША па закупках і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.

Затрымка адбылася нягледзячы на тое, што дзяржаўны сакратар Марка Рубіё і кіраўнік Пентагона Піт Хегсет нібыта падпісалі неабходныя дакументы яшчэ ў кастрычніку.

У Міністэрстве абароны ЗША пакуль устрымаліся ад афіцыйных каментароў па гэтай сітуацыі.

* * *

Сенатары-дэмакраты ЗША абавязалі амерыканскага мільярдэра Ілана Маска захаваць дакументы SpaceX, якія тычацца меркаваных абмежаванняў Starlink для Украіны, паведамляе The Wall Street Journal, спасылаючыся на адпаведны ліст.

Перабоі ў працы сэрвісаў былі з 13 па 24 кастрычніка, а таксама 12 лістапада, што ўскладніла правядзенне ваенных аперацый Украіны, гаворыцца ў лісце.

«Абмежаванні, уведзеныя ў кастрычніку і лістападзе, спараджаюць трывожную верагоднасць таго, што гэтыя ўразлівасці захаваюцца нават у сістэмах, на якія разлічвае ўрад ЗША», — напісалі ў лісце да Маска сенатары Джэйн Шахін і Крыс Кунс.

Таксама яны папрасілі Маска паведаміць, ці санкцыянаваў хтосьці гэтыя абмежаванні па-за межамі SpaceX.

Маск павінен даць значную частку дакументаў кампаніі, пачынаючы з 1 верасня, уключаючы ўсю перапіску, звязаную са Starlink і Starshield для Украіны, а таксама перапіску непасрэдна паміж Маскам, кіраўнікамі SpaceX, Белым домам або Пентагонам. Выканаць патрабаванні і адказаць на канкрэтныя пытанні нагляду бізнесмен павінен да 30 лістапада.