«Забыць часта цяжэй, чым памятаць». Раман пра памяць, гвалт і даросленьне
У канцы 2025 году ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшаў пераклад рамана Марэка Торчыка «Прэпарацыя памяці». Гэта тэкст пра досьвед даросленьня, траўмы і пошук сябе, які адначасова пашырае беларускую квір-літаратуру і выходзіць далёка за яе межы.

У канцы 2025 году ў выдавецтве «Янушкевіч» у перакладзе Сяргея Сматрычэнкі выйшаў пераклад чэскага раману, які годна папоўніў невялікую пакуль паліцу квір-літаратуры па-беларуску. Маецца на ўвазе раман Марэка Торчыка «Прэпарацыя памяці». Назва няпростая, насьцярожыць многіх, але ня тых, хто любіць корпацца і дазнавацца сакрэтаў і траўмаў іншых. Як бы яе ні перакладалі на іншыя мовы, цэнтральным у назьве застаецца панятак «памяць».
Памяць, успаміны хлопца з чэскай правінцыі, які жыў ня ў самы добры эканамічны час для краіны, з маці, бяз бацькі. Маладога хлопца, які між іншым адкрывае сваю гейскасьць тады, калі
«астатнія раскусілі цябе значна раней. Хоць ты ўжо і не памятаеш, калі дакладна ўсё пайшло абы-як, першым ты заўжды ўспамінаеш чырвоны колер».
Раман Марэка Торчыка — адзін з самых яркіх чэскіх дэбютных раманаў апошніх гадоў. За яго аўтар атрымаў прэмію Magnesia Litera за прозу, а таксама прэмію Іржы Ортэна, быў перакладзены на ангельскую, беларускую, нямецкую ды іншыя мовы. Цяпер пісьменьніка запрашаюць на буйныя міжнародныя кніжныя кірмашы, а кніга адаптуецца для сцэны тэатрам HaDivadlo ў Брно.
Варта адзначыць добрую працу перакладніка Сяргея Сматрычэнкі, які ўдала і дакладна перадаў па-беларуску размовы і абразы гамафобскага ды расісцкага кшталту. Зрэшты, кранальна і тонка перакладнік справіўся з перадачай рэфлексіяў і эмоцыяў пратаганіста.
Вельмі трапна ў адным тэлевізійным інтэрвію малады пісьменьнік (нарадзіўся ў 1993 годзе) адрэагаваў на камэнтар журналіста пра тое, што апошнім часам зьяўляецца зашмат квір-раманаў: «Але выдаецца таксама шмат неквір-раманаў, і ніхто не зьдзіўляецца і не пытае, што новага яны могуць прапанаваць чытацтву».

Марэк Торчык
Сапраўды, нават калі ўжо і зьявілася пэўная колькасьць раманаў пра квір-досьвед, важна пісаць далей — з улікам новых пакаленьняў, якія маюць (ад)розныя патрэбы, жаданьні і праблемы. Ды і цалкам квір-раманам гэты тэкст назваць нельга, бо значная частка кнігі прысьвечаная гісторыі маці-адзіночкі. Але квір-тэма, сапраўды, дамінуе і часта зацямняе ўсё астатняе.
Ня так шмат тэкстаў, а тым больш па-беларуску, прысьвечаныя тэме адзінокай маці сына-гея ці дачкі-лесьбійкі. Малады аўтар праўдзіва і з любоўю, хоць і на фоне змрочнай правінцыйнай постсацыялісцкай рэчаіснасьці, успамінае і апісвае маці:
«Яшчэ доўга пасьля таго, як у старэйшых клясах ты прызнаўся маме, што ты гей, яна адмаўлялася прамовіць гэтае слова ўголас. Калі інакш не выпадала, у яе ўздрыгвала ніжняя губа, і яна пераходзіла на ледзь чутны шэпт».
Варта адзначыць, што «Прэпарацыя памяці» — гэта не зусім аўтабіяграфія, як можа падацца спачатку. Хоць у рамане прысутнічаюць элемэнты з уласнага жыцьця, твор застаецца мастацкім.
Аўтар сьмела закранае ня толькі тэму гомасэксуальнасьці, але і некалькі вельмі складаных іншых тэмаў: зьдзекі, гвалт, у тым ліку гамафобскі, хатні гвалт і алькагалізм. Гэтая кніга таксама пра тое, як парадаксальна ўладкавана жыцьцё: забыць часта цяжэй, чым памятаць.
Гэтымі «некаторымі» становяцца ня толькі, але вельмі часта геі, якім цяжка або немагчыма забыць гвалт і абразы, з якімі яны сутыкаюцца ў любых, у тым ліку дэмакратычных грамадзтвах. Таму
«часам табе здаецца, што лепш бы ты ўсё жыцьцё правёў, сціснуўшы далоні ў кулакі».
Яшчэ цяжэй забыць, чым памятаць, выпадае сябру пратаганіста:
«Калі ты так выглядаеш, то ніколі не зможаш сябе лічыць нармальным. Пярэсты, цыган, а да ўсяго яшчэ гей — гэта поўны гамон».
Марэк Торчык адзначае ў сваіх выступах, што не хацеў пісаць бясьпечнай, зручнай кнігі, бо не верыць у літаратуру як бясьпечнае месца, хоць яна і застаецца сродкам эмпатыі. Шлях да эмпатыі вядзе праз агульны боль, праз здольнасьць бачыць іншых — нават калі яны паўстаюць не ў прывабным сьвятле. У гэтым і ёсьць адначасова простасьць і веліч гэтай кнігі.
«Прэпарацыя памяці» — гэта ўнівэрсальны, моцны псыхалягічны раман, які працуе з траўмамі мінулага і дапамагае рухацца далей — ня толькі аўтару, але і чытачам. Гэта тэкст, які сёньня патрэбны, у тым ліку бацькам, якія ня ведаюць, што рабіць і казаць, калі іхнае дзіця прызнаецца ў сваёй гомасэксуальнасьці.
На жаль, гэты сьмелы і важны тэкст можа мець праблемы ў Беларусі 2026 году пасьля ўвядзеньня закону аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці». Але і тут аўтар прапануе выразную думку:
«Няма нічога прасьцейшага, чым паказаць пальцам на іншых — на тых, хто стаіць крыху ніжэй за нас, — і стварыць з іх страшыдла, усю злосьць зрынуць на інакшае».
Стаўшы вядомым дзякуючы першаму раману, цяпер даступнаму і па-беларуску, пісьменьнік завяршае другі — пад працоўнай назвай «Раптоўныя зьмены надвор’я». Як і першая, новая кніга — ня з лёгкіх: яна пра ўзмацненьне адзіноты, ізаляцыі, абмежаванасьці чалавека і чалавецтва. А таксама — пра мікрабіялёгію, засеў хмараў, надвор’е і канец сьвету — як асабісты, так і агульнаплянэтны.