Бэн Ходжэс: ва Украіны ёсць рэсурс для вызвалення Крыма
Украіна можа вызваліць Крым — нават не ў выніку наземнай аперацыі, а проста зрабіўшы перабыванне расіян там цяжкім і бессэнсоўным, лічыць генерал Бэн Ходжэс. А Расія сутыкнулася з моцнай дылемай: ёй трэба салдаты на фронце, аднак мабілізацыя пагражае існаванню расійскай улады. Ідуць 1555-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 317 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 66 штурмаў расіян у раёнах Новааляксандраўкі, Радзінскага, Грышына, Зацішак, Мураўкі, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 35 атак у раёнах Рыбнага, Дабраполля, Прылук, Залізнічнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Сцяпанаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру.
На Ліманскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках расійцы атакавалі па 11 разоў на кожным.
На Арэхаўскім і Купянскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
У ноч на 28 траўня Расія атакавала Украіну аэрабалістычнай ракетай «Кінжал» ды 147 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 138 варожых БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і дронаў іншых тыпаў.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram напісаў, што Расія рыхтуе дадатковую мабілізацыю для кампенсацыі вялікіх страт арміі на вайне супраць Украіны.
Паводле яго, украінскі бок атрымлівае ўсё больш унутранай інфармацыі з Расіі па падрыхтоўцы новых мабілізацыйных мерапрыемстваў. «Палітычнае кіраўніцтва Расіі паставіла задачу павялічыць акупацыйны кантынгент. Размова ідзе як мінімум пра дзясяткі тысяч дадаткова», — паведаміў Зяленскі.
Таксама расійскія ўлады актывізавалі выдачу так званых мабілізацыйных распараджэнняў, што можа сведчыць пра далейшае пашырэнне мабілізацыі.
«Лічым гэтыя расійскія крокі пацвярджэннем таго, што да сапраўднай дыпламатыі Масква не рыхтуецца», — дадаў кіраўнік Украіны.
* * *

* * *
Украіна зламала расійскую стратэгію колькаснай перавагі: дроны і ўдары сярэдняй дальнасці знішчаюць жывую сілу і тэхніку хутчэй, чым Масква паспявае іх папаўняць, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Крэмль будаваў стратэгію на адным — задавіць Украіну масай вайскоўцаў. Гэтая стаўка больш не іграе: украінскія сілы атрымалі тактычную перавагу ў прымяненні дронаў па ўсёй лініі фронту. У спалучэнні з ударамі сярэдняй далёкасці гэта дазваляе знішчаць расійскіх акупантаў у тэхніцы і жывой сіле значна хутчэй, чым Масква паспявае іх папаўняць, адзначаюць у ISW.
Вясной 2026 года Украіна рэзка ўзмацніла ўдары сярэдняй далёкасці і дасягнула адчувальных вынікаў. Парушаны рух па ключавых трасах паміж мацерыковай Расіяй і акупаваным Крымам, у прыватнасці па магістралі М-14. Пад пастаянным агнявым кантролем знаходзяцца маршруты паміж акупаваным поўднем і Данецкам, гаворыцца ў справаздачы Інстытута.
Міністр абароны Міхаіл Фёдараў афіцыйна назваў гэта «лагістычнай блакадай». Кіеў нарошчвае фінансаванне самых эфектыўных дронавых падраздзяленняў і адкрывае тэндэры на новыя закупы. У выніку, як лічаць аналітыкі, нават калі Расія аб’явіць мабілізацыю, новыя рэзервісты з вялікай верагоднасцю проста не змогуць бяспечна дабрацца да перадавой.
У той жа час у Расіі фінансавыя стымулы для вярбоўкі даюць усё меншы эфект. ISW піша, што Масква ўжо шукае людзей сярод новых груп, у прыватнасці жанчын і студэнтаў прыцягваюць у падраздзяленні дронаў і СПА для абароны тылу.
Прымусовы прызыў нясе для Крамля сур’ёзныя палітычныя рызыкі. Яшчэ ў сярэдзіне 2025-га грамадства мірылася з вайной, таму што расійская армія месцамі прасоўвалася наперад. Цяпер значных перамог няма, эканоміка пад ударам, страты велізарныя. У такіх умовах мабілізацыя здольна выклікаць магутную незадаволенасць і стаць пагрозай для самога рэжыму, лічаць у ISW.
* * *
Шведскі прэм’ер Ульф Крыстэрсан на прэс-канферэнцыі на ваеннай базе Упланд ва Упсале аб’явіць пра перадачу Украіне знішчальнікаў Jas 39 Gripen. Размова ідзе пра самалёты мадыфікацый C/D, паведамляе шведскі партал Aftonbladet.
Таксама пачнуцца перамовы адносна будучага продажу Украіне дадатковых самалётаў, больш сучаснай мадыфікацыі — Gripen E. Украіна аплаціць гэтыя самалёты за кошт крэдытаў ЕС.
У мінулым годзе Швецыя і Украіна падпісалі ліст аб намерах, які можа прывесці да пагаднення на 100-150 самалётаў Gripen.
Знішчальнік Gripen ствараўся для ўмоў, набліжаных да цяперашніх украінскіх рэалій. Галоўнай асаблівасцю самалёта з’яўляецца здольнасць да размеркаванага базавання: знішчальнік можа ўзлятаць і садзіцца на ўчастках звычайных шашэйных дарог і кароткіх узлётна-пасадачных палосах. Акрамя мабільнасці Gripen адрозніваецца хуткасцю абслугоўвання мінімальнай колькасцю персаналу: для місій тыпу «паветра — паветра» поўная дазапраўка і пераўзбраенне займае менш за 10 хвілін, а для ўдараў па наземных мэтах — менш за 20 хвілін.
* * *
Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс лічыць, што ва Украіны ёсць рэсурс для вызвалення Крыма. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Укрінфарм.
У інтэрв’ю вайсковец расказаў, як ён бачыць магчымую аперацыю па вызваленні Крыма. «Гэта гучыць крыху спрошчана, але першая фаза — гэта ізаляваць яго, перарэзаць дарогу на Джанкой, знішчыць Керчанскі мост. Другое — зрабіць яго непрыдатным, немагчымым для выкарыстання расіянамі», — лічыць ён.
Ён мяркуе, што Украіна ўжо можа ўразіць кожны квадратны метр Крыма, маючы высокадакладныя сродкі. Таму трэба працягваць біць па аэрадромах, рэштках флоту, лагістыцы, іншых задзейнічаных у вайне аб’ектах, каб расіяне зразумелі, што яны не могуць там заставацца, што Крым не прыносіць ім ніякай карысці.
Ходжэс падкрэсліў, што важна перарэзаць шляхі ў Крым: як дарогу на Джанкой, так і Керчанскі мост, які мае «велізарны псіхалагічны ўплыў».
«Керчанскі мост ужо пашкоджаны і ў некаторых месцах "дзіравы". Гэта ўразлівае месца, але ён таксама мае велізарны псіхалагічны ўплыў. І пакуль гэты мост стаіць, нават пасля таго, як мір нарэшце ўзгодняць, ён будзе перашкодай для Украіны ў магчымасці выходзіць у Азоўскае мора. Такім чынам, гэты мост рана ці позна ўпадзе», — лічыць афіцэр.
Пры гэтым ён прызнаў, што даўжэй і цяжэй будзе змусіць расіян сысці. На думку Ходжэса, гэта можа адбыцца дзякуючы агульным намаганням з выкарыстаннем высокадакладных сродкаў вялікай далёкасці для знішчэння расійскай інфраструктуры.
«Я да гэтага часу ўпэўнены, што Крым з’яўляецца найважнейшым месцам, кропкай гэтай вайны. І бок, які кантралюе Крым, выйграе вайну. Я не магу ўявіць заканчэнне вайны і дасягненне доўгатэрміновага ўстойлівага міру, калі Расія працягне кантраляваць Крым», — сказаў экс-камандуючы.
Пакуль Расія кантралюе Крым, Украіна не зможа выйсці ў Азоўскае мора, адбудаваць Марыупаль ці Бярдзянск. «І, канешне, Расія ўсё яшчэ магла б перашкаджаць суднаходству з Адэсы ці Мікалаева. Таму пытанне Крыма павінна быць вырашана», — лічыць Ходжэс.