Уладзімір Зяленскі: магчыма, «гарачая фаза» вайны завершыцца да лістапада

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з фракцыяй «Слуга народа» выказаў меркаванне, што «гарачая фаза» вайны можа завершыцца да лістапада. Але, на жаль, наўрад ці гэта адбудзецца: ў Расіі наадварот, назіраюцца прыкметы новай мабілізацыі. Ідуць 1553-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

702564306_1335284985451243_3068864302586198637_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 267 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 траўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмаў расіян у раёнах Шахава, Вольнага, Кутузаўкі, Радзінскага, Шаўчэнка, Біліцкага, Сафіеўкі, Кучарава Яру, Зацішак, Грышына, Сяргееўкі, Удачнае і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 24 атакі расійцаў у раёнах Дабраполля, Новага Запарожжа, Злагоды, Рыбнага, Прылук, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі, Чароўнага, Раўнаполля і іншых.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 17 атак арміі РФ каля Навасёлаўкі, Новаміхайлаўкі, Дзіброва, Дробышава, Стаўкі, Ямпалю, Нававодзянага і Азёрнага.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Плешчыеўкі, Іллінаўкі і ў бок Мікалайполля.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ у раёнах Ліману, Гранаў, Старыцы, Графскага, Радзькоўкі, Ахрымаўкі і Калодзежнага.

На Куп’янскім кірунку УСУ спынілі сем атак РФ, на Арэхаўскім кірунку — шэсць атак.

* * *

Сітуацыя на фронце характарызуецца ўмацаваннем украінскіх пазіцый дзякуючы прымяненню беспілотнікаў, тэхналагічных рашэнняў і актыўнай абароне, напісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram.

«На фронце нашы пазіцыі сталі мацнейшымі: дзякуючы мужнасці нашых людзей, дронам, розным тэхналагічным рашэнням, а таксама мідлстрайкам і нашым дальнабойным санкцыям нам удалося стабілізаваць фронт. Усё няпроста. Мы актыўна абараняемся, у гэтым годзе ў нас вынікі лепшыя, чым раней. Асабліва прыемна, калі гэта выразна пацвярджае, у тым ліку, і ныццё так званых расійскіх "ваенкораў"», — заявіў ён.

Кіраўнік Украіны адзначыў, што нягледзячы на стабілізацыю асобных участкаў, баявыя дзеянні застаюцца напружанымі. Украіна працягвае ўтрымліваць абарону і ўзмацняць тэхналагічны складнік арміі, што ўплывае на агульную дынаміку на фронце.

* * *

Шэсць чалавек пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па Харкаўскай вобласці вечарам 25 траўня.

Расійская армія вечарам 25 траўня нанесла ўдар па Адэсе: загінуў чалавек, пацярпелі тры чалавекі, пашкоджаны аб’ект інфраструктуры, навучальная ўстанова і жылыя дамы.

* * *

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў падчас тэлефоннай размовы з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё «афіцыйна давёў» да амерыканскага боку, што расійская армія «прыступае» да сістэмных удараў па аб’ектах у Кіеве, якія нібыта выкарыстоўваюцца для патрэб УСУ, паведамляе МЗС РФ.

У заяве гаворыцца, што расійскія войскі «прыступаюць да сістэмных і паслядоўных удараў» па аб’ектах у Кіеве, якія нібыта выкарыстоўваюцца для патрэб украінскай арміі, а таксама па «цэнтрах прыняцця адпаведных рашэнняў». Лаўроў звярнуў увагу Рубіё на папярэднюю заяву МЗС РФ, у якой замежным дзяржавам рэкамендавалі эвакуіраваць дыпламатычны персанал і грамадзян з Кіева.

У МЗС Украіны ў адказ на пагрозы Лаўрова нагадалі, што Расія прымяняе супраць сталіцы Украіны ўвесь спектр смертаносных ракет і дронаў ужо больш за чатыры гады: удары не спыняліся практычна ні на адным тыдні.

«Паводле ацэнкі ўкраінскага боку, агульны ўзровень пагроз бяспецы з боку Расіі для Кіева і іншых украінскіх гарадоў застаецца такім жа, як і ў папярэднія гады і месяцы», — адзначылі ў МЗС Украіны.

Новыя расійскія пагрозы Украіна расцэньвае як шантаж замежных дыпламатаў: «Масква фактычна прызнаецца ў тым, што яе абстрэлы накіраваны ў прыватнасці на запалохванне замежнага дыпкорпуса. Гэта сведчанне будзе каштоўным доказам у міжнародна-прававых працэсах супраць дзяржавы-агрэсара».

МЗС Украіны выказала ўдзячнасць дыпламатам, якія працягваюць працаваць ва Украіне падчас вайны, і заявіла, што гатова аказаць садзейнічанне ў дадатковым узмацненні бяспекі замежных дыпмісій, якія звернуцца з такім запытам.

* * * 

706091402_1342661854713556_3757527805577366365_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з фракцыяй «Слуга народа» раскрыў нардэпам магчымыя тэрміны завяршэння «гарачай фазы» вайны, напісала нардэп ад «Слугі народа» Вольга Васілеўская-Смаглюк у Telegram.

«Прэзідэнт адзначыў, што да лістапада разглядаецца магчымасць, пры ўмове прадастаўлення гарантый бяспекі, завяршыць "гарачую фазу". Цяпер у нас ёсць перавага на фронце, якой можна скарыстацца. Асноўная мэта — не даць РФ магчымасць падмануць і пасля кароткага перапынку пачаць новыя баявыя дзеянні, новы наступ», — расказала яна.

Як напісала Васілеўская-Смаглюк, Украіна чакае ад Еўропы, якога яна абярэ сваім прадстаўніком на мірных перамовах. Таксама Украіна чакае дэлегацыю з ЗША ў бліжэйшы час.

Паводле слоў крыніцы РБК-Украіна, заява Зяленскага пра магчымыя тэрміны завяршэння «гарачай фазы» вайны выклікана маючымі адбыцца выбарамі ў ЗША. «Мы так мяркуем, што ў амерыканцаў ёсць намер паспрабаваць усё ўціхамірыць да іх выбараў восенню», — сказаў суразмоўца.

У адміністрацыі прэзідэнта ЗША, працягнуў суразмоўца, разумеюць, што Рэспубліканскай партыі будзе складана на выбарах у Кангрэс у лістападзе, таму Белы дом «будзе спрабаваць вырашыць» сітуацыю з вайной Расіі супраць Украіны раней.

* * *

Расіянам у пачатку 2026 года ўсё часцей сталі выдаваць «мабілізацыйныя прадпісанні», што можа сведчыць пра падрыхтоўку РФ да агульнай мабілізацыі, піша The Moscow Times.

Паводле даных выдання, ваенкаматы выклікаюць расіян «для ўдакладнення звестак», але пры гэтым яны часцей сталі атрымліваць мабілізацыйныя прадпісанні.

Выданне адзначае, што з канца сакавіка Google фіксуе ўсплёск запытаў па ключавых словах «мабілізацыйнае прадпісанне», а ўжо ў пачатку красавіка быў пік па колькасці. «Яндэкс Wordstat» зафіксаваў амаль 4-разовы скачок запытаў па «мабілізацыйных прадпісаннях» увесну. У студзені запыт фіксаваўся на ўзроўні 10 тысяч, а ў красавіку — каля 40 тысяч.

Мабілізацыйнае прадпісанне выдаюць на падставе рашэння муніцыпальнай прызыўной камісіі. У ім змяшчаецца інструкцыя, што павінен зрабіць чалавек у выпадку аб’яўлення мабілізацыі, а менавіта — куды і калі з’явіцца, і што ўзяць з сабой. Як правіла, прадпісанне ўклейваюць або ўкладваюць у ваенны білет.

Акрамя таго, піша The Moscow Times, Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які вызваляе ўдзельнікаў так званай «СВА» і членаў іх сем’яў ад неабходнасці гасіць пратэрмінаваныя крэдыты.

Дакумент распаўсюджваецца толькі на тых, хто вырашыў заключыць кантракт з Мінабароны Расіі з 1 траўня 2026 года і тэрмінам не менш за адзін год. Даўгі такіх «ваенных» і іх сужэнцаў не павінны перавышаць 10 млн рублёў.

Спісанне стане магчымым толькі па тых крэдытах, якія былі ўзятыя да заключэння кантракта з Мінабароны РФ, а таксама пры наяўнасці рашэння суда пра спагнанне запазычанасці, якое ўжо ўступіла ў сілу, альбо выдачы ці прад’яўлення выканаўчага акта.

Выданне адзначае, што першы раз Пуцін дазволіў «удзельнікам СВА» і іх сем’ям не выплачваць пратэрмінаваныя крэдыты ў лістападзе 2024 года. Тады ўказ дзейнічаў пры ўмове, калі пазыка была ўзята да 1 снежня таго ж года.

«У выпадку смерці ваеннаслужачага на фронце ці з-за калецтва, ранення, траўмы альбо кантузіі, а таксама калі ён атрымае інваліднасць I групы, усе крэдытныя абавязацельствы членаў яго сям’і падлягаюць спыненню — незалежна ад таго, калі менавіта ён быў прызваны ці падпісаў кантракт», — дадало выданне.