Новыя «экстрэмісцкія фармаванні», затрыманні і ціск на бізнес. Хронікі рэпрэсій 17 красавіка

 У Беларусі працягваецца ўзмацненне ціску: улады прызнаюць новыя «экстрэмісцкія фармаванні», пашыраюць спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў», затрымліваюць праваабаронцаў і судзяць людзей за «садзейнічанне экстрэмізму». З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі галоўнае за апошнія дні.

1_1097_1.png

Новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Платформа «Тры сланы» і ініцыятыва «Вольныя» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ. Паводле ведамства, дачыненне да «Трох сланоў» маюць Лібер Павел і Гаркавы Данііл, а да ініцыятывы «Вольныя» — Станкевіч Вераніка, Фурманаў Дзмітрый, Люзіна Юлія, Ганецкая Юлія, Шніп Агата, Удрыс Артур, Давыдзька Дар’я.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 10 чалавек

КДБ абнавіў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго ўключылі яшчэ дзесяць чалавек.

Сярод іх — вядомы мінскі лекар-неўролаг Руслан Бадамшын. Таксама ў спісе: Ігар Клімковіч, Аляксей Хвесеня, Іван Кавальскі, Аляксандр Палячонак, Віталь Мусіловіч, Арцём Шабунеў, Дзмітрый Баніт, Ягор Кракасевіч, Аляксандр Петрашкевіч.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1444 чалавекі, з іх 697 — беларусы.

«Спіс экстрэмістаў» працягвае расці

17 красавіка МУС зрабіла чарговае абнаўленне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У спіс дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 6526 чалавек.

Сярод іншых у яго ўключылі сямейную пару з Берасцейшчыны — Вольгу і Дзмітрыя Капузаў, а таксама валанцёрку з Наваполацка Інну Коласаву.

Паводле інфармацыі МУС, жанчыну асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, ёй прызначылі «хатнюю хімію», піша @vicspring.

У 2020 годзе Інна Коласава была заснавальніцай і каардынатаркай валанцёрскай ініцыятывы «Помоги врачам Полоцк-Новополоцк». Падчас пандэміі COVID-19 яна разам з іншымі дапамагала медыкам — знаходзіла сродкі індывідуальнай абароны, дэзрастворы і абсталяванне.

У 2022 годзе навапалачанка высадзіла невялікі сквер «Добрый доктор» — у знак удзячнасці лекарам, якія дапамаглі ёй перамагчы небяспечны вірус.

Ціск на бізнес: справа ZROBIM architects

Стала вядома, у чым абвінавачваюць архітэктурную студыю ZROBIM architects.

Адзін з яе заснавальнікаў, Андрусь Bezdar, цяпер знаходзіцца пад следствам. У сюжэце на СТБ сцвярджаецца, што кампанію падазраюць у «шэрых» заробках і ўхіленні ад падаткаў, піша Наша Ніва.

Паводле версіі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, значная частка выручкі не адлюстроўвалася ў бухгалтарскім уліку. Частку аплат, як сцвярджаецца, прымалі наяўнымі або праз крыптавалюту, выкарыстоўваючы кашалькі на незарэгістраваных у Беларусі біржах.

У сюжэце таксама заяўлялася, што «не менш за 60%» заробкаў супрацоўнікам выплачвалі «ў канвертах».

Другі сузаснавальнік студыі, Аляксей Караблёў, цяпер жыве ў ЗША.

Паводле сілавікоў, з 2021 па 2025 год кампанія магла атрымаць каля 6 мільёнаў долараў неўлічанага прыбытку. Шкоду бюджэту ацэньваюць больш чым у 5 мільёнаў рублёў.

Кампанія працягвае працу.

9 і 10 красавіка ў офіс ZROBIM architects прыходзілі сілавікі. Каля 50 супрацоўнікаў былі затрыманыя, большасць з іх пазней адпусцілі.

У пачатку сакавіка студыя атрымала ліст ад дзяржорганаў з патрабаваннем увесці ў штат ідэолага.

У ДФР заявілі, што праверкі ў галіне будуць працягвацца.

Версія затрымання ксяндза Анатоля Парахневіча

З’явілася версія, за што маглі затрымаць ксяндза Анатоля Парахневіча.

Выданне Katolik.life са спасылкай на вернікаў паведаміла, што прычынай магла стаць яго дзейнасць па захаванні памяці грамадзян Польшчы, загінулых на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

65-гадовы святар вядомы не толькі пастырскай службай, але і краязнаўчай дзейнасцю. Ён вывучаў гісторыю рэгіёна, які ў ХХ стагоддзі перажыў складаныя і трагічныя падзеі, і займаўся яе захаваннем.

Падрабязнасці справы пакуль не раскрываюцца — каб не нашкодзіць святару. Аднак вернікі лічаць важным надаць сітуацыі публічнасць.

У Мазыры затрымалі праваабаронцу

У Мазыры затрыманы праваабаронца Уладзімір Целяпун.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яго ўзялі пад варту некалькі дзён або каля тыдня таму.

Целяпун вядомы ў рэгіёне дзейнасцю ў абароне правоў чалавека, у тым ліку права на мірныя сходы. У 2019 годзе ён таксама дапамагаў сем’ям дзяцей з інваліднасцю адстойваць права на працу рэабілітацыйнага цэнтра «Радуга».

Маладую маці з Гомеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

34-гадовую гамяльчанку Аксану Умрыхіну асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Жанчына выхоўвае траіх дзяцей і робіць гэта адна — яна ў разводзе.

З допісаў у сацсетках вядома, што яна шукала розныя магчымасці заробку — у тым ліку спрабавала зарабляць на лайках у YouTube і разглядала вакансіі адміністратара тэлеграм-каналаў, піша Наша Ніва.

Справу разглядалі ў Гомельскім абласным судзе. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК.

Жанчыне прызначылі «хатнюю хімію». Падрабязнасці справы невядомыя.