ДПСУ: Расія павялічыла колькасць атак беспілотнікамі па Украіне з тэрыторыі Беларусі

Прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка кажа, што Расія павялічыла колькасць атак ударнымі беспілотнікамі па Украіне з тэрыторыі Беларусі. У той жа час Пуцін прадказальна адмовіўся ад мірных перамоў, прапанаваных Уладзімірам Зяленскім. Таму Еўропа будзе абмяркоўваць, як прымусіць Пуціна да размовы. Ідуць 1564-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

500602641_1055035170142894_2261950644589991916_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 269 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 чэрвеня.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 40 атак у раёне Прылук, Злагоды, Рыбнага, Святапятроўкі, Залізнічнага і ў бок Дабраполля, Уздвіжаўкі, Гіркага, Гуляйпольскага і іншых.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурм расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Котліна, Грышына, Удачнага, Новамікалаеўкі, Мураўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ 29 разоў спрабавала ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Навасёлаўкі, Зарэчнага, Дробышава і ў бок Лімана, Азёрнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Берастоку, Русінага Яру, Тарэцкага і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў у раёнах Січневага, Зялёнага Гаю, Аляксандраграда, Тэрновага і ў бок Воранага.

На Славянскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — сем.

* * *

У ноч на 6 чэрвеня Расія атакавала Украіну 272 БПЛА, з якіх 249 Паветраныя сілы УСУ прызналі збітымі або задушанымі.

Расіяне ў суботу раніцай, 6 чэрвеня, нанеслі ўдары па Запарожжы. У выніку абстрэлу зафіксаваны пашкоджанні крытычнай і прамысловай інфраструктуры. Два работнікі аднаго з аб’ектаў загінулі.

Падчас чарговай начной атакі РФ на Адэскую вобласць у ноч на 6 чэрвеня былі пашкоджаны трохпавярховы гатэль, складскі будынак, шматпавярховы жылы дом, тэрыторыя медыцынскага цэнтра і аб’ект крытычнай інфраструктуры. Загінулых і пацярпелых няма.

У ноч на 6 чэрвеня расійскія рэгіёны і часова акупаваныя тэрыторыі Украіны падвергліся масіраванай атацы беспілотнікаў. У выніку ўдараў адбыліся пажары на нафтабазах, а таксама зафіксавана паражэнне партовай інфраструктуры ў Марыупалі і Кранштаце.

Ва Усць-Лабінску Краснадарскага края РФ серыя выбухаў прагрымела каля чатырох раніцы. Беспілотнікі паразілі мясцовую нафтабазу.

Пад удар патрапіў марскі порт у часова акупаваным Марыупалі. На тэрыторыі порта раздаліся выбухі, пасля чаго раён ахутаў густы дым. Таксама загарэлася нафтабаза ў часова акупаваным горадзе Зугрэс Данецкай вобласці.

Беспілотнікі атакавалі порт Кранштата ў Балтыйскім моры, дзе пасля выбухаў узнікла некалькі ачагоў узгарання. У Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці аб’явілі паветраную трывогу з-за пагрозы БПЛА.

Выбухі гэтай ноччу зафіксаваны ў горадзе Узлоў Тульскай вобласці Расіі.

* * *

Прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Андрэй Дземчанка падчас прэс-брыфінгу 5 чэрвеня заявіў, што Расія павялічыла колькасць атак ударнымі беспілотнікамі па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

Дземчанка адзначыў, што рэжым Лукашэнкі нядаўна абвінавачваў Украіну ў нібыта рэгулярных спробах нанесці ўдары беспілотнікамі па прыгранічнай інфраструктуры Беларусі, але ігнаруе транзіт расійскіх дронаў праз сваю тэрыторыю.

«Беларусь ніякім чынам не асудзіла такія дзеянні», – падкрэсліў ён.

«Большасць дронаў, якія запускае Расія для масіраваных атак па Украіне, заходзяць на тэрыторыю Беларусі і ідуць па яе тэрыторыі, каб у далейшым праз Кіеўскую і Жытомірскую вобласці заляцець ва Украіну. За апошнія некалькі тыдняў фіксуецца павелічэнне выпадкаў прымянення такой тактыкі», — сказаў Дземчанка.

Па словах прадстаўніка ДПСУ, Крэмль «актыўна цісне на Беларусь, каб яна ўласнымі сіламі далучылася да вайны з намі». З-за пастаяннай пагрозы правакацый Украіна працягвае ўзмацняць абарону і фартыфікацыйныя ўмацаванні на паўночных рубяжах. У той жа час украінскія пагранічнікі не назіраюць павелічэння колькасці расійскіх войскаў непасрэдна ля мяжы з Беларуссю, якое было б дастатковым для атакі на Украіну.

* * *

716911211_1352354027077672_3535645162054469767_n.jpg

* * *

Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў, што азнаёміўся з адкрытым пісьмом прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і «не бачыць сэнсу ў правядзенні сустрэчы».

Таксама расійскі лідар сказаў, што Зяленскі нібыта прасіў яго аб сустрэчы праз аднаго з расійскіх бізнесменаў. Пры гэтым падкрэсліў, што не адмаўляўся ад сустрэчы, але супраць «пустых размоў».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адказ заявіў, што яму шкада, што Уладзімір Пуцін не хоча заканчваць вайну.

«На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну — усе пачулі сённяшні адказ. Слабы адказ. Ён проста не хоча заканчваць вайну. Думаю, што многіх у свеце гэты адказ расчараваў», — сказаў Зяленскі ў звароце 5 чэрвеня.

«Ён не хоча нічога мяняць, не хоча прызнаць, што яго вайна падабаецца толькі яму і тым, хто выцягвае з яго грошы, – яны ўсе сёння былі вельмі ўсмешлівыя. Значыць, грошай у Расіі павінна стаць менш, а ціску на Расію – больш», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін цяпер павінны «самі разбірацца» ў пытанні расійска-ўкраінскай вайны.

Падчас зносін з журналістамі ў Трампа спыталі, ці хоча ён, пасля таго як Зяленскі прапанаваў Пуціну асабістую сустрэчу, каб яны правялі гутарку без удзелу ЗША. «Я не супраць. То бок няхай яны самі разбіраюцца. Гэта я прывёў іх да гэтай сітуацыі, і я думаю, што ўсё ўладзіцца», – адказаў амерыканскі прэзідэнт.

Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што цяпер «набліжаецца момант, калі пытанне паміж Расіяй і Украінай павінна быць вырашана».

* * *

Лідары Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі плануюць сустрэцца на выхадных з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, каб абмеркаваць шляхі прыцягнення Расіі да перамоў аб спыненні вайны, піша Bloomberg.

Па словах крыніц, сустрэча пакуль запланавана на вечар нядзелі, 7 чэрвеня, у Вялікабрытаніі. Пры гэтым адзначаецца, што планы Зяленскага яшчэ могуць змяніцца, і сустрэча можа быць перанесена.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паведаміў, што лідары трох краін сустрэнуцца са Зяленскім «у бліжэйшыя дні». «Мы заўсёды выступалі за прамыя перамовы паміж Украінай і Крамлём. Менавіта еўрапейцы могуць дапамагчы», — сказаў ён.

Напярэдадні Зяленскі прапанаваў новыя мірныя перамовы з РФ. А Вялікабрытанія, Францыя і Германія разглядалі магчымасць пасадзіць Уладзіміра Пуціна за стол перамоў, паколькі Украіна дасягае ўсё большага поспеху ў вайне дзякуючы ўдарам беспілотнікаў углыб тэрыторыі Расіі.

* * *

«Аптымістычныя» заявы кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме рэзка разыходзяцца з фактычнымі паказчыкамі, заявіў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.

Па словах Уласюка, расійская эканоміка ўсё больш набывае прыкметы сістэмнага крызісу, які ў экспертных ацэнках ужо параўноўваюць са станам «дзяржавы-банкрута». Даходы федэральнага бюджэту РФ скараціліся прыкладна на 40% у гадавым вымярэнні, нават на фоне высокіх сусветных цэн на нафту. Сукупны бюджэтны дэфіцыт перавысіў 80 млрд долараў. 71 з 85 суб’ектаў РФ завяршылі мінулы год з дэфіцытам, а іх сумарны адмоўны баланс перавысіў 34 млрд долараў.

Доля замежнага капіталу ў РФ, па ацэнках, апусцілася да 0,01%, што фактычна сведчыць пра згортванне знешняга інвестыцыйнага ўдзелу. Пагаршаецца сітуацыя ўнутры бізнесу: больш за 30% прадпрымальнікаў разглядаюць скарачэнне або закрыццё дзейнасці, яшчэ каля трэці — пераход у ценявы сектар. Індэкс дзелавой актыўнасці ўпершыню з 2022 года сышоў у адмоўную зону.

Істотна скарацілася і знешнегандлёвае сальда Расіі — амаль у тры разы з пачатку паўнамаштабнай вайны: з 337 да 125 млрд долараў. Найбуйнейшыя экспартныя кампаніі фіксуюць падзенне даходаў, а асобныя дзяржпраекты сутыкаюцца з дэфіцытам фінансавання.

На фоне публічных заяў пра «новыя магчымасці» эканамічная статыстыка паказвае на адваротную дынаміку. Санкцыйны ціск носіць назапашвальны эфект і паступова абмяжоўвае доступ расійскай эканомікі да інвестыцый, тэхналогій і ключавых рынкаў.