Палітвязняў вызваляюць, але спіс рэпрэсаваных працягвае расці. Хронікі рэпрэсій 15 верасня

Пасля вызвалення 250 палітвязняў у сакавіку 2026 года праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 224 чалавекі, якія застаюцца за кратамі. Яшчэ 138 чалавек прызналі палітвязнямі постфактум. Тым часам КДБ дадаў у «спіс тэрарыстаў» сям’ю з Мінска, а двух палітвязняў з Барысава асудзілі да пяці гадоў калоніі.

1_1097_1.png

Пасля 19 сакавіка 2026 года, калі ў межах чарговай хвалі памілавання на волю выйшлі 250 чалавек, праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 224 чалавекі, якія застаюцца за кратамі. Яшчэ 138 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі ўжо пасля вызвалення — постфактум.

Такім чынам, пасля сакавіцкай хвалі вызваленняў зафіксаваныя яшчэ 362 выпадкі палітычна матываванага пазбаўлення волі.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, за год вызваленняў на волю выйшлі 440 палітычных зняволеных, яшчэ 205 чалавек былі вызваленыя з адначасовай прымусовай дэпартацыяй з Беларусі.

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што паралельна працягваюцца затрыманні, крымінальны пераслед і вынясенне жорсткіх прысудаў. Сярод тых, хто застаецца за кратамі, — валанцёр «Вясны» Віталь Чопік, асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі, і адвакат Дзмітрый Лаеўскі, якога нядаўна асудзілі да трох гадоў.

Сям’ю з Мінска дадалі ў «спіс тэрарыстаў»

КДБ абнавіў спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго ўнеслі палітзняволеных Дзмітрыя Корсакава і Таццяну Корсакаву.

Сям’ю з Мінска асудзілі за «здраду дзяржаве» і «кантрабанду зброі». Дзмітрыю прысудзілі 14 гадоў, Таццяне — 12 гадоў зняволення. Абодвум таксама прызначылі штрафы па 50 тысяч рублёў.

У спіс таксама дадалі Арцёма Меркеля і Кацярыну Манкевіч. Андрэя Шэйку і Дзмітрыя Мароза ў яго ўнеслі яшчэ 4 верасня.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1476 чалавек, з іх 725 — грамадзяне Беларусі.

Двух палітвязняў з Барысава асудзілі да пяці гадоў калоніі

14 верасня агучылі прысуд па справе артпрасторы «Склад бутэлек» у Барысаве. Палітвязняў Сяргея Салаша і Дзмітрыя Бабіцкага асудзілі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Акрамя таго, кожнаму прызначылі штраф у памеры 800 базавых велічыняў — 36 тысяч рублёў.

Сяргея Салаша затрымалі 12 лістапада 2025 года, Дзмітрыя Бабіцкага — 12 снежня. У пачатку снежня 2025 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» ініцыятыву «Склад бутэлек».

28-гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску

28-гадовую Аксану Дзячук, якая нарадзілася ў Марыупалі і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны выехала з Украіны, у Мінску асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Пры якіх абставінах яна апынулася ў Беларусі і што менавіта стала падставай для крымінальнай справы, дакладна не вядома.

Напрыканцы 2025 года Дзячук пісала пра праблемы, з якімі сутыкнулася ў Польшчы: хваробу, складанасці з працаўладкаваннем і нявырашаныя побытавыя пытанні. Тады яна таксама дапускала вяртанне ў Марыупаль, які знаходзіўся пад расійскай акупацыяй.

Пра справу паведамляе «Наша Ніва».

Яшчэ 11 чалавек прызналі палітвязнямі

Палітвязнямі прызналі Эдуарда Курляндчыка, Ігара Панкова, Дзяніса Адаміна, Міраслава Бандарэнку, Сяргея Зінчанку, Яўгена Румо, Івана Кавальчука, Канстанціна Харытоненку, Ягора Сацішура, Яраслава Галоўчанку і Уладзіміра Капузу.

Старонку Яны Латушка ў Instagram дадалі ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У яго дадалі Instagram-старонку Яны Латушка — дачкі беларускага палітыка Паўла Латушкі. Таксама ў спіс трапілі Instagram-акаўнт «grodnonovosti44» і акаўнт «Ласкатухі» (laskatuchi) у Threads.