Уладзімір Зяленскі: Украіна атрымала «моцную прапанову ЗША» аб спыненні удараў паміж РФ і Украінай

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна пагадзілася не наносіць удары па расійскіх энергетычных аб'ектах, і Расія пагадзілася зрабіць тое ж самае. Аднак кіраўнік Украіны Уладзімір Зяленскі кажа пра гэта, толькі як пра «моцную прапанову» ЗША. А ў Расіі ўвогуле ні на што не пагаджаліся. Ідуць 1665-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

514702368_1081861574126920_8488491590554275554_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 262 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 верасня.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 29 атак. Расіяне штурмавалі ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Іллінаўўкі, Доўгай Балкі, Русінага Яру, Тарэцкага, Вольнага.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 26 атак у бок населеных пунктаў Новы Донбас, Ганнаўка, Біліцкае, Дабраполле, Светлае, Мацяшава, Сяргееўка, Удачнае, Маладзецкае і Навападгародняе.

На Гуляйпольскім кірунку армія РФ дзевяць разоў атакавала ў бок населеных пунктаў Раздзянка, Дабраполле, Верхняя Тэрса, Чыгуначнае і Чароўнае.

На Купянскім, Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па восем атак расіян на кожным.

* * *

У ноч на 15 верасня Расія атакавала Украіну 200 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed, у тым ліку рэактыўнымі, а таксама дронамі Гербера і імітатарамі дронаў «Пародыя». Супрацьпаветраная абарона збіла ці задушыла 187 БпЛА.

У Кіеве ў выніку атакі пацярпеў адзін чалавек, адбылося трапленне па АЗС і складскіх памяшканнях.

Расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па горадзе Ізюм у Харкаўскай вобласці: 4 чалавекі пацярпелі, з іх трое — дзеці.

Знішчальнікі НАТА ў ноч на 15 верасня збілі беспілотнік, які ўварваўся ў паветраную прастору Літвы. Збіты дрон заляцеў у Літву з Беларусі.

У ноч на 15 верасня беспілотнікі атакавалі Валгаградскую і Самарскую вобласці РФ. Пад удар маглі патрапіць завод «Сябракоўцэмент» і Сызранскі НПЗ. Таксама расійскія рэсурсы пісалі пра ракетны ўдар па Таганрогу — па Таганрогскім авіяцыйным навукова-тэхнічным комплексе імя Г. М. Берыева, дзе рамантуюць і мадэрнізуюць ваенныя самалёты.

* * * 

809979346_1006330222413278_731978864076313889_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна атрымала «моцную прапанову ЗША» аб узаемным спыненні удараў паміж РФ і Украінай. «І калі гэта можа стаць першым крокам па дээскалацыі, крокам па спыненні ўдараў Расіі па нашай крытычнай інфраструктуры і нашага адказу, то Украіна гатовая падтрымаць дээскалацыю», — сказаў ён.

Гэтую заяву Зяленскі зрабіў пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вечарам 14 верасня ў сацсетцы TruthSocial напісаў: «Украіна згадзілася не наносіць удары па расійскіх энергетычных аб'ектах. Расія згадзілася зрабіць тое ж самае».

«Калі партнёры гатовыя забяспечыць рэальнае жаданне Расіі не наносіць удары па нашай электрасетцы, іншых нашых энергетычных аб'ектах, крытычнай інфраструктуры, транспарціроўцы харчавання, то мы, вядома, гатовыя забяспечыць адпаведнае ўстрыманне ад нашых удараў», — заявіў Зяленскі, дадаўшы, што «дээскалацыйны крок у дачыненні да крытычнай інфраструктуры можа стаць першым крокам да міру».

Аднак у той жа час Зяленскі адзначыў, што «Украіна не ўпэўнена, што Расія жадае выконваць якія-небудзь дамоўленасці».

* * *

Перамовы аб спыненні ўдараў па энергетычных аб'ектах працягваюцца ўжо некаторы час, аднак кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін не хоча заключаць пагадненне да наступлення зімы, піша Financial Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы ў Расіі.

Выданне адзначае, што на працягу некалькіх месяцаў Украіна заклікала Расію згадзіцца на ўзаемнае спыненне ўдараў па энергетычных аб'ектах, а таксама атак на порты і іншую крытычную інфраструктуру. Аднак Масква не праяўляла зацікаўленасці і адхіляла прапановы Кіева, а замест гэтага ўзмацняла свае атакі.

Крыніца, знаёмая з пазіцыяй Расіі, пацвердзіла FT, што Масква і Кіеў аднавілі перамовы аб магчымым энергетычным перамір'і. Але чыноўнікі, знаёмыя з пазіцыяй Крамля, сцвярджаюць, што Пуцін не хоча заключаць пагадненне да наступлення зімы, паколькі, на яго думку, удары па энергетычнай інфраструктуры Украіны могуць узмацніць ціск на Кіеў і прымусіць яго пайсці на саступкі.

* * *

Паслы краін Еўрасаюза адклалі на тыдзень заканчэнне дзеяння персанальных санкцый ЕС супраць Расіі пасля таго, як не змаглі дамовіцца аб іх працягу яшчэ на шэсць месяцаў, піша Reuters.

Ключавым прадметам спрэчкі стала пытанне, ці выключаць са санкцыйнага спісу расійска-ўзбекскага мільярдэра Алішэра Усманава. Францыя далучылася да Славакіі, якая патрабуе зняць з яго санкцыі. Парыж спасылаецца на меркаванні нацыянальнай бяспекі.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Францыі адмовіўся ад каментароў.

Для працягу санкцый ЕС неабходна аднагалосная падтрымка ўсіх 27 дзяржаў-членаў. Персанальныя санкцыі супраць Расіі павінны абнаўляцца кожныя шэсць месяцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што санкцыі супраць Расіі маюць значэнне і цяпер «дакладна не час» іх здымаць або дапамагаць расійскім алігархам пазбягаць абмежаванняў.

«Дакладна не час здымаць санкцыі, дакладна не час ратаваць ад санкцый расійскіх алігархаў і дакладна не час Еўропе рабіць падарункі Расіі. Усманаў, Фрыдман, іншыя такія расійскія фігуры пакуль не зрабілі сваіх крокаў супраць вайны. Не час Еўропе забываць, што адбываецца», — заявіў кіраўнік Украіны.

* * *

Законапраект Ліндсі Грэма аб узмацненні санкцый супраць Расіі, які раней падтрымаў Сенат ЗША, прайшоў важнае працэдурнае галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў. Яго ўхваліў рэгламентны камітэт, адкрыўшы шлях да разгляду дакумента ўсімі кангрэсменамі, паведамляе The Hill.

Цяпер законапраект могуць вынесці на поўнавартаснае галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў ужо на гэтым тыдні. Спікер Майк Джонсан раней заяўляў, што дакумент могуць разгледзець па паскоранай працэдуры, для якой неабходна падтрымка дзвюх трацін кангрэсменаў.

Дакумент прадугледжвае ўзмацненне эканамічнага ціску на РФ і яе саюзнікаў, у прыватнасці ўвядзенне фактычна «каральных» мыт на тавары з краін, якія купляюць расійскі ўран і нафтапрадукты.