«Доўгае падарожжа дадому»: у Запарожжы адкрылася фотавыстава пра баявы шлях Палка Каліноўскага
У Запарожжы адкрылася вайскова-дакументальная фотавыстава «Доўгае падарожжа дадому», прысвечаная чатырохгадоваму баявому шляху беларускіх добраахвотнікаў. У экспазіцыі — больш за 100 фотаздымкаў, большасць з якіх раней не выстаўлялася.

7 жніўня ў Цэнтры сучаснага мастацтва Запарожжа адбылася прэзентацыя вайскова-дакументальнай выставы «Доўгае падарожжа дадому», прысвечанай чатырохгадоваму баявому шляху беларускіх добраахвотнікаў.
Выставу падрыхтавала супольнасць «Каліноўцы» разам з прэс-службай Палка Каліноўскага. Паколькі Запарожжа знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад фронту, з меркаванняў бяспекі прэзентацыю загадзя не анансавалі. Яна прайшла ў закрытым фармаце.
У экспазіцыю ўвайшло больш за 100 фотаздымкаў беларускіх добраахвотнікаў. Гэта гісторыя людзей, якія абралі складаны і ахвярны шлях вяртання ў Беларусь — праз узброеную барацьбу за вызваленне Украіны. Большасць прадстаўленых фотаздымкаў экспануецца ўпершыню.
Выстава мае адмысловае канцэптуальнае рашэнне.
Экспазіцыя падзеленая на зоны, якія ўвасабляюць украінскія рэгіёны, дзе беларусы бралі ўдзел у абароне і вызваленні краіны. Гэта Кіеўская, Харкаўская, Данецкая, Луганская, Мікалаеўская, Херсонская і Запарожская вобласці.
Прастора выставы нагадвае пра бесперапыннае перамяшчэнне ваяроў з аднаго сектара ў іншы. Частка фотаздымкаў замест традыцыйных рам размешчаная ў картонных скрынях. Гэты прыём сімвалізуе пастаянныя пераезды і своеасаблівую «адысею» беларусаў на доўгім шляху дадому.
Выстава працуе з 8 жніўня па 6 верасня. Уваход вольны.
Адрас: Запарожжа, праспект Саборны, 151, Цэнтр сучаснага мастацтва.
Падчас наведвання выставы ахвотныя могуць падтрымаць Полк Каліноўскага данатам.
















