«Сьпеўнік багоўкі»: выйшаў музычны альбом на вершы з дзіцячай анталогіі Вольгі Гапеевай

 Паэтка Вольга Гапеева і музыка Віктар Сямашка прадставілі альбом «Сьпеўнік багоўкі». У яго ўвайшлі 24 кампазіцыі, створаныя на аснове вершаў з першай беларускай анталогіі нерыфмаванай паэзіі для дзяцей, укладзенай і праілюстраванай Гапеевай.

cover__1_.png

У анталогію ўвайшлі творы аўтараў розных эпох і краін — ад Скандынавіі да Новай Зеландыі, ад Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі да Ірана, Індыі і Японіі. У альбоме, у прыватнасці, загучалі вершы паэткі Заро Ўайл, якая піша па-англійску ў Францыі і мае беларускае паходжанне, нямецкага дадаіста Х'юга Баля, кубінскага паэта Нікаляса Гільена, а таксама Федэрыка Гарсіі Лоркі і іншых аўтараў. Агульная працягласць альбома — каля 40 хвілін.

«Вольга падала ідэю заняцца гэтым матэрыялам летась падчас фестывалю Pradmova ў Варшаве. Спачатку я зусім не ўяўляў, што можа атрымацца. Але паступова ўвайшоў у ролю дзіўнаватага дзіцячага барда з маленькай гітаркай. Далучыў вакальны квартэт з самога сябе таксама. То бок, вырашыў зрабіць усё па-хатняму, аскетычна і лаканічна, але вынаходліва, каб у кожнай песні была свая цікавостка і каб яны звязваліся міжсобку», — распавёў пра працу над праектам Віктар Сямашка.

art1.jpg

Паводле Вольгі Гапеевай, альбом атрымаўся вельмі разнастайным.

«Альбом атрымаўся вельмі разнастайным, дзе спалучыліся лірычнае і бунтарскае, іранічнае і ўдумлівае. Я вельмі ўдзячная Віктару, які пагадзіўся на гэтую авантуру. Як можна праспяваць хайку або танка, і ўвогуле нерыфмаваныя вершы? Гэта выпрабаванне яшчэ тое! Мне хацелася, каб у дзяцей (і дарослых) была магчымасць і ў музычным плане мець нешта эксперыментальнае і авангарднае, з элементамі какафоніі і джазу, што пашырала б іх музычны гарызонт», — адзначыла яна.

Паслухаць «Сьпеўнік багоўкі» можна на платформе SoundCloud, а анталогія нерыфмаванай паэзіі для дзяцей даступная на сайце выдавецтва Skaryna Press.