150 гадоў Цётцы. Чаму Алёіза Пашкевіч і сёньня апярэджвае свой час

Прыгожы юбілей пасярод лета яднае сёлета ўсіх беларусаў і беларусак — 15 ліпеня Цётцы спаўняецца 150 гадоў. Першая беларуская паэтка, пісьменьніца, публіцыстка, рэвалюцыянэрка, а таксама забытая першая беларуская фэміністка і нястомная вандроўніца, чалавек з іскрыстым характарам. Кабета, якая пражыла нядоўгае бліскавічнае жыцьцё, памерла заўчасна, нечакана, пакінуўшы Беларусь у скрусе аж да сёньня...

ciotka_a4_02333.jpg

Але скрушна сама яна не жыла і вучыла астатніх карыстацца напоўніцу як мілотамі жыцьця, так і магчымасьцямі, якія заўсёды не да канца зразумелыя і ацэненыя большасьцю. Ці не таму адважная Алёйза Пашкевіч сьмела рвалася і да арлоў у неба, і пад зямлю да каранёў дубовых, а з сэрца свайго магла зрабіць сапраўды дынаміт, каб бахнуць і разбудзіць саснулых ды здранцьвелых.

Дасюль досыць аднабакова ўзгадваюць і шануюць яе — пераважна ў савецкім каноне рэвалюцыянэркі-народніцы, сацыялісткі. Хоць сама яна разьбівала многія каноны: пераходзіла ад рэвалюцыйных вершаў да ўпадніцкіх апавяданьняў, ад унівэрсальнага да нацыянальнага ў сацыялізьме, зьвязаўшы, падаецца, два няўлоўныя хвасты ідэалёгіі. Усюль і ўсяму надавала беларускасьці. Зь ейных вуснаў на пляцах у царскай Вільні лілася беларуская мова.

skrypka_1.jpeg

Дасюль не да канца ацэненая яна сучаснымі беларускімі фэміністымі, якія почасту лепей ведаюць заходнія традыцыі фэмінізму, чымся свае. А зь Цёткі пачаўся беларускі фэмінізм у самым пачатку XX стагодзьдзя: яна сумысьля распачала працу сярод жаночае моладзі, стварыла першы жаночы гурток у Вільні ў 1905 годзе, заклікала кабетаў уступаць у сацыялісцкі рух, а ня ў Лігу раўнапраўнасьці жанчынаў. То бок выразна праявіла сябе як сацыялістка-фэміністка ў процівагу лібэральным ці буржуазным фэміністым, якіх называла «капялюшніцамі».

У вершах ды апавяданьнях стварала жаночыя вобразы і апісвала тагачасныя праблемы і беды, зь якімі сутыкаліся перадусім кабеты і дзяўчаты. Яшчэ вымоўней фэмінісцкая тэма гучыць у ейных падарожных нататках: так, апынуўшыся ў Фінляндыі, пісьменьніца зьвярнула ўвагу на перадавы характар фінляндзкай нацыі, дзе кабеты першымі ў Эўропе атрымалі выбарныя правы. А яшчэ песьнярка спынілася на такой важнай дагэтуль тэме, як сямейны гвалт. Так, гасьцюючы ў Кюмеляйнаў, яна цікавілася ў мясцовых кабетаў, ці б’юць іх мужчыны. Паказальна, што празарлівая Цётка адразу ўмела намацаць вузлавыя ўнівэрсальныя моманты і рызыкі, што здаўна паўстаюць перад жанчынамі.

Глядзіце таксама

Таму гэтыя ўгодкі спрычыньваюць нас усіх, у тым ліку да мясцовага фэмінізму, робяць яго канкрэтным і рэальным, даводзячы простую праўду: фэмінізм — гэта здаўна і беларуская зьява, ня трэба шукаць яго толькі па-за межамі радзімы. Насамрэч, з улікам такіх угодкаў, 2026 год мусіў бы стаць ня проста годам Жанчыны, а годам канкрэтнай Цёткі. Станцыю новай лініі менскага мэтро, а таксама пляцы ў беларускіх гарадох маглі б назваць у гонар песьняркі...

Беларусы на радзіме могуць трапіць на магілу пісьменьніцы ў Старым Двары, адведаць былы хутар Пясчына, дзе яна нарадзілася. Але і беларус_кам Вільні пашанціла — яны могуць прайсьціся па цікавых маршрутах нястомнай змагаркі. Штодня мы праяжджаем Зялёны мост і касьцёл сьв. Рафала, у якім пабраліся шлюбам Цётка і Сьцяпанас Кайрыс, — касьцёл Цёткі, як яго цяпер некаторыя беларусы называюць. У Сьніпішках пэўны час жыла паэтка. Ідучы ў бок Зьвярынцу, дзе пазьней жыла Цётка з мужам-летувісам, варта спыніцца на вуліцы Якштаса, у якую ўліваецца вуліца Каштанавая: там месьціцца будынак былой прыватнай жаночай гімназіі Прозаравай, у якой навучалася будучая паэтка. Ну і немагчыма забыць пра аддалены закуток Вільні — падмястовы прамысловы цэнтар Нова-Вялейск ці Новую Вільню, дзе ў псыхіятрычным шпіталі фэльчаркай працавала рэвалюцыянэрка. Сёньня адна з вуліцаў Новай Вільні носіць імя слыннай беларускі — A. Paškevič-Ciotkos gatvė.

Зрэшты, да ўгодкаў далучылася выдавецтва «Скарына», якое рыхтуе нечаканае выданьне твораў Цёткі на лацініцы, на якой часта пісала паэтка. Упершыню асноўныя паэтычныя і празаічныя творы «дзяўчыны з іскрамі», як яе называла летувіская прыяцелька Юлія Білюнене, сабраныя пад адной вокладкай сучаснаю лацініцаю. Гэта і даніна памяці графічнай разнастайнасьці як самой Цёткі, так і беларускага пісьменства наагул, а таксама знак сучаснасьці паэткі, якая дасылае нам з пачатку XX стагодзьдзя моцнае пасланьне падтрымкі зноў змаргіналізаванай на радзіме лацініцы. Зрэшты, юбілярка ў свае 150 гадоў мае права на такі падарунак...

vokladka_141.jpg

Такім парадкам, «Tvory Ciotki» — другая кніга ў «Віленскай сэрыі», якая сёлета ўвесну была запачаткаваная выдавецтвам «Скарына». Першай кнігай сэрыі сталі ўспаміны «Там, дзе мяне няма» Галіны Войцік. Увосень 2026 году плянуецца прэзэнтацыя як сэрыі, так і асобных твораў з гэтай сэрыі.

А пакуль усіх віншую з днём Цёткі, а калі шчыра, то з годам Цёткі, якая праз стагодзьдзі так трапна і як ніколі актуальна паўтарае: «Мы — сіла! Мы — права!». Цётка дагэтуль, ва ўсё яшчэ цяжкія для беларускага слова часіны, застаецца арыентырам як у справе фэмінізму, так і ў пытаньні захаваньня моўнага графічнага багацьця.