«Там, дзе мяне няма». У Вільні выйшлі ўспаміны Галіны Войцік

Выдавецтва «Скарына» адкрывае «Віленскую сэрыю» кнігай успамінаў Галіны Войцік — дасьледніцы, якая ўсё жыцьцё пісала пра іншых і толькі пасьля сьмерці атрымала ўласную кнігу.

vojcik.jpg

Выдавецтва «Скарына» запачаткавала «Віленскую сэрыю», у якой плянуецца выдаваць творы віленскіх беларускіх аўтараў як мінулага, так і цяперашняга часу. Першая кніга новай сэрыі — «Там, дзе мяне няма» — успаміны Галіны Войцік (1927–2007), слыннай вільнянкі, германісткі, перакладніцы і грамадзкай дзяячкі. Усё жыцьцё гэтая працавітая дасьледніца рыхтавала кнігі і праграмы пра іншых беларусаў Вільні і ня мела часу напісаць сваю ўласную кнігу. Але яна пакінула ўспаміны, якія друкаваліся ў газэтах «Рунь» і «Наша Ніва». Аўтарка жадала пабачыць свае ўспаміны пад адной вокладкай. Яе мара зьдзейсьнілася толькі цяпер. Заслуга ў гэтым пісьменьніка Алега Мінкіна, які падрыхтаваў рукапіс. У выдавецтве «Скарына» рукапіс быў дапрацаваны і дапоўнены пасажамі з успамінаў Галіны Войцік, запісаных на радыё Сяргеем Дубаўцом. Таксама да тэксту спрычыніўся сын Галіны Войцік Яраслаў. Ён дапамог і са здымкамі пісьменьніцы. Апрача гэтага ў кнігу ўвайшлі публікацыі Г. Войцік з розных зборнікаў, прысьвечаных Вільні. Уступнае слова напісалі Алег Мінкін і Людвіка Кардзіс.

Галіна Войцік у 1952–1955 гг. Фота з архіву яе сына Яраслава Войціка

Галіна Войцік у 1952–1955 гг. Фота з архіву яе сына Яраслава Войціка

Такім парадкам, «Віленская сэрыя» стартуе з кнігай, якая агарне цяперашніх беларусак і беларусаў Вільні гаючымі прыпамінкамі, горкімі і сьмешнымі гісторыямі мінулага, пра якое многія забылі ці папросту ня ведалі. Як і «Вандроўкі па Вільні» Лявона Луцкевіча, мужа Г. Войцік, новая кніга запрашае да вандровак па беларускіх мясьцінах Вільні, з любоўю апісаных пісьменьніцай.

Друкаваная кніга зьявіцца ў продажы напрыканцы месяца, а электронную можна набыць ужо цяпер. Прэзэнтацыі плянуюцца ў Вільні і ў іншых месцах рэгіёну ўлетку.

Таксама ў «Віленскай сэрыі» рыхтуюцца творы Францішка Ўмястоўскага, Макара Краўцова, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Янкі Багдановіча, Алены Цэпрынскай ды іншых аўтараў, чый лёс зьвязаны зь Вільняй.