Радаўніца ў Вільні: памяць па-за домам (ФОТА)

 Як беларусы ў выгнаньні ўшаноўваюць памяць на віленскіх могілках — і адкрываюць для сябе забытыя імёны і мясьціны, якія таксама належаць нашай гісторыі.

img_2712__1_.jpeg

Радаўніца ў Вільні не такая жвавая, як у Беларусі, але і тут поўна беларусаў, пахаваных на розных могілках. Поўна і жывых беларусаў у выгнаньні, якія, ня маючы магчымасьці адведаць крэўных на могілках, ідуць у гэты адмысловы дзень ушанаваць памяць тутэйшых беларусаў.

img_2721__1__1.jpeg

Вядома, асноўная частка слынных беларусаў пахаваная на Старых і Новых Росах, Бэрнардынах, Былінах і Антокальніскіх могілках, але ня менш беларусаў, няхай і менш вядомых, раскіданыя па іншых віленскіх могілках.

img_2716__1_.jpeg

Гэтым разам заманулася пашпацыраваць па Салтонішках, дзе пахаваны выбітны беларус, эспэрантыст, лацініст, перакладнік, грамадзкі дзяяч і сацыяліст Фэлікс Стацкевіч (1879–1967). Побач зь ім нядаўна была пахаваная ягоная дачка Ірэна Стацкевіч (1936–2023). На пліце прозьвішча напісана па-расейску праз «э»: Стэцкевіч. Фэлікс Стацкевіч увайшоў у гісторыю як складальнік «Эспэранта-беларускага слоўніку», як заснавальнік і рэдактар часопіса «Віленскі летапіс» (1933–1934; 1935–1939). Арыштоўваўся як польскімі, так і савецкімі ўладамі. Ацалеў. Вярнуўся ў любую Вільню, дзе і памёр неўпрыкмет у 1967 годзе. Могілкі Салтонішкі павінныя стаць абавязковым маршрутам памяці для беларусаў і беларусак.

img_2707.jpeg

Радаўніца ў Вільні можа і ня такая цёплая і мітусьлівая, як на радзіме, але ня менш кранальная і павучальная: гэта дзень памяці і вяртаньня зь нябыту важных імёнаў, каштоўных гісторыяў і мясьцінаў памяці па-за межамі Беларусі.