Код продкаў. Як гісторыя раскідала і зноў звяла родзічаў

Што рабіць, калі вёскі, адкуль паходзяць твае продкі, ужо няма на мапе? А калі частка роду сто гадоў таму з’ехала ў Сібір, а іншая апынулася ў Кіеве? Гісторык і генеолаг распавядае, як архіўныя дакументы, сямейная памяць і выпадковыя паведамленні ў сацсетках дапамаглі сабраць разам галінкі роду, раскіданыя гісторыяй.

Ходні на старой мапе

Ходні на старой мапе

У кожнай сям’і ёсць людзі, якія нібыта былі, але ўжо амаль ператварыліся ў цень. Пра іх памятаюць ускосна: нехта калісьці з’ехаў, хтосьці застаўся «недзе там», нехта быў родны, але сувязь абарвалася так даўно, што ад яе засталося толькі адчуванне пустога месца. І, можа быць, самае дзіўнае ў такіх пошуках — момант, калі гэтае пустое месца раптам пачынае напаўняцца жывымі людзьмі.

Доўгі час я не ведаў, што адзін з такіх «ценяў» у маёй сямейнай гісторыі мае нават канкрэтную назву. Яна адкрылася мне ў архіўным радку: Ходні. Праблема была толькі ў тым, што гэтага месца ўжо не існавала на мапе, а значыць, пошук родзічаў давялося пачынаць з пошуку самога месца, дзе яны калісьці жылі.

Ходні, якіх няма на мапе

Усё пачалося з кароткай нататкі ў старым дакуменце. У рэвізскай казцы 1834 года вёскі Новы Двор пад Менскам каля імя майго продка Яна Хадзінскага было пазначана, што ў 1832 годзе яго перавялі сюды з ранейшага месца — засценка Ходні Вілейскага павета. Гэты радок адкрыў для мяне гісторыю пра людзей, месца і сямейную галіну, якая на некалькі стагоддзяў нібыта выпала з нашай памяці.

Найперш я рынуўся шукаць, дзе былі тыя Ходні. Здавалася, гэта самае простае: знайсці старое паселішча на мапе, прывязаць яго да сучаснай мясцовасці і пайсці далей па дакументах. Але вельмі хутка высветлілася, што на мапе такога месца ўжо няма.Я шукаў доўга, вяртаўся да гэтай назвы зноў і зноў, правяраў розныя варыянты напісання, але Ходні нібыта зніклі без следу. Атрымлівалася, што спачатку трэба было знайсці сам засценак, і толькі потым — людзей, якія там жылі.

Паступова з дакументаў пачала складацца гісторыя самога пераезду. Пасля знішчэння Рэчы Паспалітай уладанні ў былым Маркаўскім старостве атрымаў расійскі генерал Берхман, які, падобна, не надта займаўся мясцовымі справамі. Каля 1806 года ён прадаў гэтыя землі Яну Любанскаму. І ўжо пры Любанскім тут пачаліся сур’ёзныя гаспадарчыя змены.

Ходні таксама належалі яму. А калі ў 1818 годзе Ян Любанскі ажаніўся з Тэкляй Прушынскай і атрымаў у пасаг маёнтак Новы Двор пад Менскам, менавіта туды паміж 1830 і 1832 гадамі ён перавёз некалькі сем’яў са сваіх ранейшых уладанняў, у тым ліку і майго Яна Хадзінскага з сям’ёй.

Запіс пра Хадзінскага Яна Мікітавіча ў рэвізскай казцы маёнтка Новы Двор, 1834

Запіс пра Хадзінскага Яна Мікітавіча ў рэвізскай казцы маёнтка Новы Двор, 1834

Так Ходні засталіся без жыхароў і фактычна зніклі з жывой мапы, а мая галіна роду апынулася ў Новым Двары, дзе і пачалася вялікая гісторыя Хадзінскіх пад Менскам. Паводле інвентару 1848 года гэтая сям’я мела каля 11,2 гектара зямлі. Але калі Ходні зніклі, хто застаўся на тым месцы? Ці былі ў нас там іншыя родзічы? І што сталася з той часткай роду, якая не апынулася ў Новым Двары?

Хадзінскі Аркадзь Сцяпанавіч, нашчадак тых, хто застаўся на Вілейшчыне

Хадзінскі Аркадзь Сцяпанавіч, нашчадак тых, хто застаўся на Вілейшчыне

Як пазней высветлілася, тыя самыя пытанні задаваў сабе не адзін я. Пакуль я сядзеў у архіве і спрабаваў разабрацца з Ходнямі, тое самае самастойна рабілі маедванаццаціюрадныя браты Іван і Максім. Да іх дайшлі ўспаміны іхняга прапрадзеда Міхалюка Хадзінскага, які жыў у вёсцы непадалёк ад Ходняў — як потым высветлілася, у Новых Зімодрах.

Назва «Ходні» перажыла сам засценак і засталася ў сямейнай памяці, але без яснага разумення, дзе гэтае месца было і як яно звязанае з пазнейшымі галінкамі роду.

Аднойчы ў сацсетках мне напісаў Іван. Пытанне было кароткае і на першы погляд зусім звычайнае: адкуль я. Мы пачалі параўноўваць тое, што кожны ведаў пра сваіх продкаў, зводзіць імёны, мясцовасці, старыя сямейныя ўспаміны, і стала зразумела, што мы ідзем па следзе адной і той жа гісторыі, толькі з розных бакоў. Я прыйшоў да гэтай гісторыі праз радок у рэвізскай казцы, а яны — праз сямейныя ўспаміны пра Ходні.

Як дзве галіны роду зноў сустрэліся праз стагоддзі

Далей пошук пайшоў ужо разам. Дзякуючы метрыкам, інвентарам, рэвізіям і іншым дакументам нам удалося прасачыць увесь гэты шлях і зразумець, што наш агульны продак жыў яшчэ напрыканцы XVII — на пачатку XVIII стагоддзяў. Адны з ягоных дзяцей засталіся ў Ходнях, іншыя стварылі побач новы засценак — Зімодры.

Яшчэ доўга яны жылі побач. Але з кожным пакаленнем сувязі слабелі, пакуль адна галіна не апынулася пад Менскам, а другая не засталася на старым месцы каля Куранца і Вілейкі.

Наймацнейшым быў, вядома, момант сустрэчы. Мяне запрасілі ў старую хату, якую калісьці сваімі рукамі паставілі продкі маіх дванаццаціюрадных братоў. Мы сядзелі разам, згадвалі, параўноўвалі гісторыі, слухалі на YouTube «Малітву» ў выкананні Мулявіна і радаваліся з таго, што родныя людзі знайшліся амаль праз 300 гадоў пасля таго, як сям’я разышлася на розныя галінкі.

А само месца былога засценка Ходні нам, здаецца, урэшце ўдалося лакалізаваць дзякуючы старым мапам. Цяпер там поле. І адно дрэва пасярэдзіне.

Дрэва, якое расце на імаверным месцы былога засценка Ходні. Фота аўтара

Дрэва, якое расце на імаверным месцы былога засценка Ходні. Фота аўтара

Беларуская вёска ў Сібіры

Але на гэтым гісторыя разарваных і зноў знойдзеных галін не скончылася. Бо калі ў выпадку з Ходнямі сям’я згубілася на адносна невялікай прасторы паміж двума суседнімі засценкамі, дык іншыя Хадзінскія з часам апынуліся ўжо за тысячы кіламетраў ад родных мясцін. І гэты разрыў быў не менш драматычны.

Хадзінскія Сымон Якаўлевіч і Тамара

Хадзінскія Сымон Якаўлевіч і Тамара

Усё пачалося з Восіпа Хадзінскага, які жыў у Талуці, што недалёка ад згаданых вышэй Новых Зімодраў.

Лёсы трох ягоных сыноў склаліся настолькі па-рознаму, што менавіта з іх пачалося вялікае разыходжанне гэтай галіны роду. Адзін з іх, Канстанцін, быў аддадзены ў рэкруты, вярнуўся ў 1880 годзе ўжо унтэр-афіцэрам, а пасля паспеў тройчы ажаніцца і мець шасцёра дзяцей. Нашчадкі аднаго з ягоных сыноў пазней апынуліся ў Латвіі і цяпер носяць прозвішча ўжо ў форме Хадзінскіс.

Але яшчэ большы разлом прынеслі лёсы ягоных братоў Івана і Фамы. Каля 1898 года яны разам з жонкамі і малымі дзецьмі сарваліся з родных мясцін і паехалі ў далёкі сібірскі край — на тэрыторыю сучаснай Омскай вобласці Расіі. Яны былі не сам-насам: разам з імі рушылі яшчэ каля дваццаці беларускіх сем’яў з Вілейшчыны — Місюлі, Гілі, Занковічы, Сялюны і іншыя.

На новым месцы яны спачатку заклалі выселак, а пазней паўстала вёска Аляксандраўка.

Хадзінскія, в. Аляксандраўка, 1932-1933 гг.

Хадзінскія, в. Аляксандраўка, 1932-1933 гг.

Гэтае перасяленне фактычна адарвала частку роду ад Беларусі і перанесла ў зусім іншы свет. Але, як часта бывае ў такіх гісторыях, адлегласць не азначала поўнага размывання памяці пра свае карані.

Пазней нашчадкі распавядалі, што каля шасцідзесяці гадоў у Аляксандраўцы трымаўся амаль непарушны звычай не браць у жонкі або мужы людзей не з беларускіх сем’яў.

«Не хадзілі замуж за чалдонаў», — як дакладна апісвалі сітуацыю сваякі.

За гэты час усе вельмі шчыльна паміж сабой парадніліся. Нягледзячы на тое, што людзі апынуліся далёка ад дома, яны ўсё роўна доўга спрабавалі захаваць сваю супольнасць і памяць пра паходжанне.

Як сацсеткі дапамаглі знайсці сваякоў

Шукаць іх давялося ўжо не праз архівы, а значна больш манатонным і сучасным спосабам — праз сацсеткі. Я проста рассылаў аднатыповыя паведамленні людзям з патрэбнымі прозвішчамі і пытаўся пра продкаў. Гэта была праца амаль без усялякай гарантыі выніку.

Большасць такіх паведамленняў, як звычайна, сыходзіць у пустэчу. Але ў нейкі момант адказала адна жанчына сталага веку. Потым іншая. І з гэтых першых адказаў паступова склалася сапраўдная галіна роду, якая захавалася на сібірскай зямлі.

За перасяленцамі нарэшце пачалі праступаць канкрэтныя людзі. Хадзінскія, Місюлі, Гілі, Сялюны — тыя, хто калісьці выехалі з Вілейшчыны і ў іншым краі будавалі новае жыццё.

Місюль Варфаламей Канстантынавіч, унук Фамы Восіпавіча Хадзінскага

Місюль Варфаламей Канстантынавіч, унук Фамы Восіпавіча Хадзінскага

Асабліва кранальна было чытаць паведамленні новых сваякоў. Яны не хавалі эмоцый.

Хтосьці пісаў: «Вялікі дзякуй за гэтую вялізную працу з дрэвам».

Хтосьці прызнаваўся: «Мы сябе лічым этнічнымі беларусамі».

А нехта проста пісаў: «Мы тут усе на эмоцыях ад такіх навінаў. Наша 90-гадовая бабуля шчаслівая даведацца столькі падрабязнасцяў».

Было адчуванне, што для іх гэта таксама нешта вельмі важнае.

Кіеўская галіна

Ёсць і іншы тып такіх вяртанняў — калі згублены родзіч знаходзіцца ўжо не праз старажытныя метрыкі, а ў жывой сучаснасці і ў самы драматычны момант гісторыі.

Так для мяне адкрыўся Пётр Драбышэўскі, якому цяпер 68 гадоў і які жыве ў Кіеве. Ягоны бацька Казімір яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя перабраўся туды з ваколіцы Сапожкі, што ў сучасным Кармянскім раёне Беларусі.

Юзэф Якубавіч Драбышэўскі з сям'ёй

Юзэф Якубавіч Драбышэўскі з сям'ёй

Пётр, як і я, з’яўляецца наўпроставым нашчадкам Гжэгажа Драбышэўскага — чалавека, які жыў у XVII стагоддзі і быў сведкам расійскай агрэсіі 1654–1667 гадоў.

Больш падрабязна пра Пятра Драбышэўскага і ягоных продкаў вы можаце прачытаць у гэтым артыкуле

Тут цяжка не заўважыць гістарычную паралель. Праз некалькі стагоддзяў ягоны нашчадак зноў жыве ў краіне, якая абараняецца ад новай расійскай вайны.

Як і ў гісторыі з Аляксандраўкай, усё пачалося з сацсетак. Спачатку былі кароткія паведамленні, у якіх раптам пачалі ажываць зусім хатнія, чалавечыя дэталі.

«Вялікі дзякуй. Бабулю сапраўды клікалі Люба», — напісаў мне Пётр.

Потым — іншае: ён добра памятае дзеда Юзэфа, «каларытная была постаць»; на стале ў хаце стаяў складны алтар, а ў сенцах — лампавы батарэйны прыёмнік, бо электрычнасці ў вёсцы не было.

У гэтых паведамленнях была яшчэ і простая адкрытасць. Пётр пытаўся, ці існуюць яшчэ Сапожкі, прызнаваўся, што апошні раз быў там у 1991 годзе.

Чытайце таксама артыкул пра некаторых нашчадкаў пана Драбышэўскага і продкаў аўтара

Асабліва моцна гэта адчулася ўжо пры жывой сустрэчы. Перад поўнамаштабнай вайной мне пашчасціла быць у Кіеве, і мы сустрэліся ў бары за доўгімі размовамі. Я размаўляў па-беларуску, Пётр — па-ўкраінску, і гэта гучала вельмі натуральна.

Пётр Драбышэўскі

Пётр Драбышэўскі

У такія хвіліны асабліва выразна адчуваеш, што роднасць не заўсёды трымаецца на аднолькавых пашпартах або на тым, што людзі ўсё жыццё пражылі побач.

Але сённяшняе жыццё Пятра ўжо немагчыма аддзяліць ад вайны.

Ён сам кажа, што працуе «на птушкафабрыцы». Толькі ягоныя «птушкі» — не для прадуктовай крамы, а баявыя дроны, якія ідуць на фронт.

«Птушкафабрыка»

«Птушкафабрыка»

Паводле ягоных словаў, ён прыклаў руку ўжо больш як да пяці тысяч дронаў, якія выкарыстоўваюцца супраць акупантаў.

«Гарная справа, вельмі-вельмі патрэбная», — кажа ён пра гэта без лішняга пафасу, як чалавек, які проста ведае, што мусіць рабіць.

Малодшы сын Пятра, Андрэй, служыць на фронце і выкарыстоўвае дроны, руку да якіх прыклаў яго бацька.

Калі такія драбніцы раптам складаюцца разам, робіцца ясна: яшчэ адна страчаная галіна ўжо больш не страчаная.

Ад аўтара. Праект «Код продкаў» для мяне стаў яшчэ адным доказам простай рэчы. У Беларусі сямейная памяць часта захоўваецца насуперак гісторыі, а не дзякуючы ёй. Нашыя роды праходзілі праз войны, рэпрэсіі, пераезды, змену межаў і маўчанне, якое часам цягнулася пакаленнямі. Таму пошук сваіх каранёў, акрамя цікавасці да мінулага, становіцца яшчэ і спосабам вярнуць сабе тое, што гісторыя калісьці паспрабавала разарваць.

Калі пасля гэтых тэкстаў камусьці захочацца спытаць у старэйшых пра стары фотаздымак, разгарнуць сямейныя дакументы, знайсці на мапе забытае месца або проста запісаць тое, што яшчэ памятаюць родныя, значыць, гэты праект быў патрэбны. Бо памяць жыве роўна столькі, колькі ёсць каму яе ўзяць у рукі і перадаць далей.

Павел Хадзінскі — беларускі журналіст, гісторык і генеолаг з шматгадовым досведам у пошуках архіўных звестак і складання радаводаў. Артыкулы Паўла Хадзінскага ў «Новым Часе».