Вайна з Расеяй 1654-2024: З гісторыі роду Драбышэўскіх
370 гадоў як адзін дзень. Час зьмяняецца, а вораг застаецца тым жа. Гэта гісторыя пра далёкую мінуўшчыну і адначасова пра сёньняшні, а таксама, на жаль, заўтрашні дзень. Розныя пакаленьні аднае сям'і супрацьстаяць агрэсіі аднаго і таго ж ворага.

Урывак з сямейнага дакумэнта Драбышэўскіх, датычнага вайны з Масквой 1654-1667
Вайна першая
Падстолі Менскі Гжэгаж Пузынка-Драбышэўскі нарадзіўся ў 1629 годзе. Ён зьяўляецца маім наўпроставым ў 12 пакаленьні продкам. Усярэдзіне XVII стагодзьдзя жыў у Мсціслаўскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. Там яму належылі, як ведаем з пазьнейшых дакумэнтаў, маёнткі Пнева і Каўшоў. Але ў 1654 годзе распачаласяя самая страшэнная ва ўсёй гісторыі беларускіх земляў вайна. На нашую краіну напалі спрадвечныя ворагі з Усходу.
Як пазначана ў дакумэнтах, Гжэгаж Драбышэўскі перасяліўся са спустошанага непрыяцелем края Рэчы Паспалітай у Рэчыцкі павет падчас непрыяцельскага нашэсьця.
Менавіта ў 1654 годзе расейскія войскі цалкам спустошылі Мсціслаўскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага і акупавалі Мсціслаўль, дзе выразалі 15 тысячаў чалавек. З маскоўскіх дакумэнтаў таго перыяду:
«Таго ж года гаспадараў баярын і ваявода князь Аляксей Мікіціч Трубяцкой з таварышы горад Мсціслаў узяў, і высек і выпаліў і пабіў у ім больш за 15 тысячаў».
У іншым дакумэнце, ужо датычным непасрэдна сям'і Драбышэўскіх сустракаем:
«У няшчасныя часы вайны маскоўскай з Рэччу Паспалітай, каб выратаваць жыцьцё сваё, Гжэгаж вымушаны быў пакінуць Мсціслаўскае ваяводзтва».
Увогуле нам неаднаразова траплялася ў разнастайных актавых кнігах, у справах, якія так ці інакш былі зьвязаныя з канкрэтнай асобай пана Гжэгажа Драбышэўскага ўзгадкі тае вайны з Расеяй, калі выкарыстоўваліся словазлучэньні кшталту «маскоўская навала», «ворагі і непрыяцелі».
У якой форме ў вайне ўдзельнічаў сам Гжэгаж – мы ня ведаем. Ці прымаў ён удзел у абароне ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага – верагодна. З дакладнасьцю можна казаць аб тым, што нашчадкам ён перадаў патрыятычныя погляды. У адрозьненьні, напрыклад, ад свайго сучасьніка – знакамітага Сімяёна Полацкага, які ў час той самай страшэннай вайны абраў бок непрыяцеля, і перасяліўся ў сталіцу акупантаў, дзе выхоўваў маскоўскіх цароў, што залівалі крывёй нашае Вялікае Княства.
З тэстамэнту Гжэгажа Драбышэўскага 1699 года
«У імя Найсьвяцейшай Тройцы, Айцы, Сына і Духа Сьвятога на вечную памяць. Амэн.
Я, Гжэгаж Пузынка Драбышэўскі, які запісваецца тут, быў пасланы ў горад яго каралеўскай міласьці Мсціслаўль, каб паклапаціцца аб маёнтках Пнева і Каўшоў, якія падлягаюць судоваму працэсу, калі ў сувязі з маімі гадамі, у сямідзесяцігадовым узросьце цалкам саслаб і адчуваю блізкі канец майго жыцьця, а калі б з прычыны розных выпадкаў прыйшоў бы да цяжкасьцяў у пражываньні, не жадаў бы для сыноў згубіць праз няведаньне сродкаў для ўтрыманьня, а таксама жадаю справядліва разьмеркаваць, што каму ад мяне належыць, пакуль знаходжуся ў прытомнасьці, раблю гэтыя мае распараджэньні па тэстамэнту адпаведна майго сораму.
Па-першае, абяцаю і даручаю душу маю грэшную Богу і Створцу майму, цела як пыл, павінна быць аддадзена зямлі паводле хрысьціянскага звычаю, і каб Імшу сьвятую справіў па мне сын, тут са мною прысутны.

Першая старонка тэстамэнта Гжэгажа Драбышэўскага 1699 года
Па-другое, мой спадчынны маёнтак Сапагі, які знаходзіцца ў Менскім ваяводзтве, Рэчыцкім павеце разам так падзяляю: фальварак, які займае сабою 10 дымоў людзей падданых аседлых і нам паслухмяных з усімі пабудовамі з хатняй чэлядзьдзю, скацінай, канямі, павозкамі, хатнім і гаспадарчым інвэнтаром, чэншам срэбрам і медзьдзю, лясамі, сенажацямі і з усім тым, што належыла гэтаму фальварку, адпаведна старажытным дэкрэтам і звычаям і зараз належыць; таксама ўсё, што ў доме маім апынецца, усё на вечныя часы запісваю мілым сынам маім іх міласьцям панам Габрыэлю, Яну, Марціну і Крыштафу Пузынкам Драбышэўскім».
Паміж 1699 і 1704 годам Гжэгаж Драбышэўскі сканаў.
Глядзіце таксама артыкул пра некаторых нашчадкаў пана Драбышэўскага і продкаў аўтара

З павіннасьці баяраў Чачэрскага староства 1704 года, да якога адносілася ваколіца Сапагі:
«Калі б на тое была патрэба — ісьці да замку альбо на абарону межаў, заездаў — усе з дому пешшу ці конна са зброяй, да бою падрыхтаванай павінны прыйсьці.
Падчас Паспалітага рушаньня ў павет альбо на попіс, калі б гэтага вострая неабходнасьць была, паводле старых статутаў і павіннасьцяў з канём добрым і ўзбраеньнем вайсковым у сукнях пошту дастаўляць павінны».
Такія павіннасьці былі прапісаныя да панцырных баяраў. А вось звычайная шляхта, відавочна, мусіла шыхтавацца ў строй дзеля змаганьня з імаверным ворагам. Вораг у Чачэрскага староства ці больш шырэй – у Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага быў адзін: Масква.
Паміж войнамі шматлікія прадстаўнікі роду мелі дачыненьне да войска. Так, у 1765-1771 гадах ротмістрам Рэчыцкага павету Вялікага Княства Літоўскага быў нашчадак Гжэгажа – Міхал Драбышэўскі, а ў 1789 годзе Францішак Драбышэўскі з Сапагоў стаў паручнікам конна-грэнадзёрскага палка. Імаверна ён удзельнічаў неўзабаве ў 1794 годзе ў паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі.
Вайна другая

Пётр Драбышэўскі. Фота: Павал Хадзінскі
Пётр Казіміравіч Драбышэўскі мае 65 гадоў і жыве ў сталіцы Ўкраіны. У Кіеў з ваколіцы Сапожкі (раней – Сапагі) перабраўся ягоны бацька ўсярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Пётр зьяўляецца наўпроставым нашчадкам Гжэгажа Драбышэўскага – ён сем разоў праўнук сьведкі агрэсіі Расеі ў 1654 годзе.
У сваім шаноўным ўзросьце спадар Пётр не сядзіць бяз справы, калі на яго парозе зьявіліся акупанты. Ён займаецца тым, што працуе, па яго словах, «на птушкафабрыцы». Яго выхаванцы – не тавар для прадуктовай крамы, але баявыя дроны, якія ўжываюцца на фронце.

Працоўны стол
Ранейшыя калегі па працы прапанавалі Пятру далучыцца да вытворчасьці баявых дронаў, бо мелі патрабу ў яго ведах і досьведзе.
«Я паэтапна разабраўся з усёй тэхналёгіяй. Гарная справа, дужа-дужа патрэбная», — кажа спадар Драбышэўскі.

Пётр Драбышэўскі разам са сваімі «птушкамі»
На сёньняшні дзень ён прыклаў руку да стварэньня больш як 5 тысячаў дронаў, што выкарыстоўваюцца супраць акупантаў. Напрыклад, так «птушкі» Пятра Драбышэўскага дапамагаюць 72 Асобнай мэханізаванай брыгадзе ЎСУ зьнішчаць ворага:
Крыніца: Serge Berezhnoy [ youtube ]
У Пятра Драбышэўскага два сыны. Старэйшы — Канстантын – лекар у тылу, малодшы – Андрэй – сёньня ваюе, ён малодшы лейтэнант. Нядаўна Андрэй прыяжджаў да сям'і на перабыўку.
Пётр Драбышэўскі распавядае:
«Добраахвотнікам Андрэй стаў два гады таму. Выдаткаваў шмат грошай, каб яго прызналі годным да арміі. З першых дзён вайны стаў валантэрам, бо чарга ў тэрабарону была вельмі вялікая.
На зборах пашкодзіў руку, але прайшоў камісію яшчэ хворым. Два гады як сын служыць у выведцы на фронце».

Малодшы лейтэнант Андрэй Драбышэўскі на застаўцы тэлефона яго бацькі, Пятра
Сабака, якога Андрэй прывёз з Часовага Яру ў Кіеў.

Андрэй Драбышэўскі ваюе пры дапамозе дронаў, што робіць ягоны бацька Пётр.
Крыніца: BCTV [ youtube ]
370 гадоў, вораг застаецца тым жа самым.