Амаль дзве тысячы беларускіх НКА знішчаныя, сотні — у працэсе. Хронікі рэпрэсій 4 лістапада
З 2020 года ў Беларусі знішчана або ў працэсе ліквідацыі не менш за 1977 грамадскіх арганізацый. Рэпрэсіі працягваюцца: улады прызнаюць «экстрэмісцкімі» культурныя праекты і асуджаюць грамадзян па палітычных артыкулах. Праваабаронцы паведамляюць пра 182 палітвязняў у асаблівай рызыцы.

За апошнія пяць гадоў як мінімум 1977 беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, установаў, асацыяцый ці фондаў ліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі
На канец 2024 года было ліквідавана не менш за 1 891 НКА.
Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец кастрычніка як мінімум 1214 арганізацый знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі, 763 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.
«Экстрэмісцкай» прызналі старонку вядомага рэканструктара Паўла Станкевіча, а таксама ягоныя праекты
Гаворка пра старонкі ва «Укантакце» «Рыцарский клуб "Барысфен"», «Средневековый шоу-театр "Барысфен"», «Путешествие в средневековье - Тур выходного дня», «Павел Станкевіч» і старонку ў Facebook «Павел Станкевич (Pavel Stankevich)».
Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі друкаванае выданне «Вот они, а вот и мы. Белорусская поэзия и стихи солидарности», YouTube-канал і старонкі ў сацсетках праекту «Покиньте вагон», Telegram-канал «Йобанi бiлоруси», які збіраў абразы беларусаў ва ўкраінскім сегменце «X», а таксама шэраг Facebook-старонак.
Не менш за 182 палітвязня ў асаблівай рызыцц
Па стане на 4 лістапада праваабаронцам вядома не менш чым пра 182 палітвязняў, якія знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх:
- 66 чалавек у цяжкім стане фізічнага здароўя;
- 37 чалавек у складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі;
- 25 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
- 9 чалавек з ментальнымі разладамі;
- 8 чалавек з інваліднасцю.
Таксама ў гэтую лічбу ўваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: інкамунікада, зняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў, нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання сышоў.
Інжынера з Брэста асудзілі па палітычнай крымінальнай справе
Берасцейцу Ігару Бахаўчуку 48 гадоў. Скончыў Мінскі энергетычны тэхнікум, пазней — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Мае жонку і сына.
Ігар працаваў у шэрагу кампаній у Мінску і Брэсце. Ягоная апошняя вядомая пасада — інжынер тэхнічнага агляду ў адной са сталічных кампаній. З траўня 2022‑га ён шукаў працу ў Літве — Вільні, Клайпедзе ці Каўнасе, піша «Наша Ніва».
Бахаўчука асудзілі ў 2025 годзе па двух артыкулах — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361‑2 КК) і «абраза прадстаўніка ўлады» (ч. 1 арт. 368 КК).
У выніку яму прысудзілі «хатнюю хімію». Сутнасць абвінавачанняў і дакладны прысуд невядомыя. Імя Ігара з'явілася ў «спісе экстрэмістаў».