За савецкімі партрэтамі: што Маркс і Энгельс пісалі пра беларусаў

Маркс і Энгельс наўрад ці маглі ўявіць, што праз паўтара стагоддзя беларусы будуць высвятляць, якое месца яны адводзілі нашаму народу ў сваёй карціне свету. Заснавальнікі марксізму крытыкавалі расійскі царызм, выступалі за незалежнасць Польшчы і згадвалі беларусаў як асобную этнамоўную групу. Але гэта яшчэ не азначае, што яны падтрымлівалі беларускую дзяржаўнасць або прызнавалі права кожнага народа на самавызначэнне. Што яны насамрэч пісалі пра беларусаў — і чаму іх погляды сёння варта чытаць крытычна?

Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс. Фота: Wikimedia Commons.

Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс. Фота: Wikimedia Commons.

У Савецкім Саюзе творы Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, напісаныя супраць маскоўскага імперыялізму, не былі цалкам забароненыя, але іх палітычна нязручны змест нярэдка заставаўся на другім плане. Паказальны лёс артыкула Энгельса «Знешняя палітыка расейскага царызму»: у ліпені 1934 года Сталін выступіў супраць яго публікацыі ў часопісе «Бальшавік».

У гэтых тэкстах Расея паўставала не як натуральны цэнтр гістарычнага аб'яднання ўсходніх славян, а як імперыя, якая выкарыстоўвала нацыянальныя і рэлігійныя аргументы для апраўдання захопу чужых земляў. Беларусы і ўкраінцы фігуравалі не як часткі адзінага «рускага народа», а як насельніцтва асобных гістарычных тэрыторый са сваімі мовамі і культурнымі адрозненнямі.

Што такое «Рэч Паспалітая»?

Як у СССР слова «Расія» нярэдка ўжывалася ў побытавай і палітычнай мове як азначэнне ўсёй дзяржавы, хоць юрыдычна Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка і Савецкі Саюз не былі адным і тым жа, так і Рэч Паспалітую часта называюць проста «Польшчай», нават калі гаворка ідзе пра шматнацыянальную дзяржаву, якая аб'ядноўвала Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае. Не пазбеглі гэтага спрашчэння і ідэолагі сацыялізму.

Маркс і Энгельс разглядалі расійскі царызм як адну з галоўных апор еўрапейскай манархічнай рэакцыі: расійскі ўрад душыў рэвалюцыйныя рухі, умешваўся ў справы суседніх народаў і імкнуўся пашыраць свой уплыў у Еўропе. Падтрымка польскай незалежнасці, такім чынам, была для аўтараў сучаснай сацыялістычнай тэорыі не толькі пытаннем гістарычнай справядлівасці. Яны звязвалі яе з агульнаеўрапейскай барацьбой за дэмакратычную рэвалюцыю. У гэтым кантэксце незалежная Польшча станавілася тым мурам, за якім усе іншыя еўрапейскія народы змаглі б скончыць з манархіямі і феадалізмам.

Глядзіце таксама

Але падтрымка аднаўлення Польшчы ставіла перад Марксам і Энгельсам і іншае пытанне: што менавіта павінна было быць адноўлена?

Апісваючы Вялікае Княства Літоўскае, Энгельс вылучаў некалькі асноўных этнамоўных груп. На поўначы, у балтыйскіх землях, жылі літоўцы, мова якіх адрознівалася ад славянскіх моў суседзяў. Далей на поўдзень і ўсход ад земляў уласна Польскага Каралеўства жылі беларусы. Паўднёвыя вобласці былі населеныя так званымі маларосамі, або ўкраінцамі ў сучаснай тэрміналогіі. Беларусаў Энгельс характарызаваў як народ, які размаўляе на мове, «прамежкавай паміж польскай і рускай, але бліжэйшай да апошняй».

Робячы выснову з гэтага апісання, Энгельс пісаў, што аднаўленне Польшчы азначала б не проста ўзнаўленне дзяржавы адной нацыянальнасці, а стварэнне дзяржавы, якая аб'ядноўвала б «прынамсі чатыры розныя нацыянальнасці». Маючы на ўвазе палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, ён аспрэчваў меркаванне, быццам патрабаванне аднаўлення Польшчы абавязкова вынікае з прынцыпу стварэння дзяржавы для аднаго этнічнага народа.

Для яго аднаўленне Польшчы было патрэбнае не таму, што «кожная нацыянальнасць» мае права на дзяржаву, а таму, што Польшча — буйная гістарычная нацыя, і яе незалежнасць была ўмовай барацьбы супраць царызму.

Пры гэтым важна ўдакладніць, што Энгельс не патрабаваў ад беларусаў асіміляцыі ці адмовы ад сваёй мовы і этнічнай самабытнасці. Ён спакойна прызнаваў іх асобным народам і нават бачыў карысць у тым, што буйныя дзяржавы маюць у сваім складзе «іншародныя элементы». Гэтая думка гучыць у яго так: «І, урэшце, немалая карысць ёсць у тым, што розныя нацыі, якія сфарміраваліся палітычна, у большасці выпадкаў маюць у сваім складзе некаторыя іншародныя элементы, якія ствараюць звяно з іх суседзямі і ўносяць разнастайнасць у занадта манатонную аднароднасць нацыянальнага характару».

У гэтым сэнсе Энгельс разглядае беларусаў як частку палітычнай (грамадзянскай) польскай нацыі — гэта значыць супольнасці ўсіх грамадзян Рэчы Паспалітай, аб'яднаных агульнай дзяржавай, законам і палітычнымі інстытутамі, а не адзінай этнічнай культурай.

Беларусы ў складзе Рэчы Паспалітай, паводле інтэрпрэтацыі аўтара, уносілі сваю яркую барву ў агульную палітычную нацыю — гэтак жа, як валійцы і мэнцы ў Брытаніі, брэтонцы ў Францыі, саамы ў Швецыі, баскі ў Гішпаніі. Менавіта такая разнастайнасць, а не нівеляцыя, рабіла буйную дзяржаву жывой і багатай.

Супраць імперыі

Але галоўнае для Энгельса — не культурніцкае, а палітычнае пытанне: беларусы не павінны былі стаць інструментам Расіі ў яе гульні супраць Польшчы. Менавіта таму ён падрабязна апісваў, як Расія яшчэ ў XVIII стагоддзі выкарыстоўвала «праваслаўных» і «маларосаў» для падрыву Польшчы, а потым, пасля анэксіі, вярнула тых жа сялян пад уладу іх паноў. Для Энгельса гэта быў узор цынічнага выкарыстання «нацыянальнага руху» ў імперскіх мэтах. Таму і беларусам, і ўкраінцам ён хацеў бы іншага: каб іх нацыянальнае пытанне вырашалася не пад дыктоўку Пецярбурга, а ў межах дэмакратычнай барацьбы супраць царызму, у саюзе з польскім рэвалюцыйным рухам. Канчаткова ж іх лёс, як і лёс усіх «малых нацый», падпарадкоўваўся ў Энгельса больш шырокай задачы — сацыяльнаму вызваленню працоўных класаў, перад якой нацыянальнае пытанне было другасным.

Важна, аднак, што гэтая думка Энгельса належыць пэўнаму часу — 1840–1860-м гадам. У позніх працах, у 1880–1890-х, ён прызнаваў, што некаторыя з «малых нацый» падняліся на больш высокі ўзровень і з аб'екта гістарычнага развіцця сталі яго суб'ектам. Так, у 1880-я гады ён ужо пісаў, што Украіна мае права на ўласнае самавызначэнне, а ў 1890-я адзначаў, што баскі ўжо ідуць сваім шляхам да сацыялізму. Катэгорыя «гістарычных» і «негістарычных» нацый не была раз і назаўжды дадзенай: народ, які раней лічыўся «малой нацыяй», мог з цягам часу набыць здольнасць да самастойнага палітычнага жыцця і тым самым змяніць сваё месца ў ягонай схеме.

Такім чынам, паводле Энгельса, у малых народаў, якія апынуліся ў складзе буйных нацыянальных дзяржаў, было два шляхі. Першы — паступова падняцца да самастойнага нацыянальнага развіцця. Другі — асімілявацца, растварыцца ў буйной нацыі і страціць свае нацыянальныя асаблівасці.

Паўстанне Каліноўскага — больш чым паўстанне

Падчас Студзеньскага паўстання 1863 года Энгельс падтрымліваў паўстанцаў, якія змагаліся супраць расійскага самадзяржаўя. Асаблівую ўвагу ён надаваў руху ў Літве і Беларусі, дзе дзейнічаў Кастусь Каліноўскі. Для Энгельса было прынцыпова важна, каб паўстанне не заставалася справай адной шляхты, як у 1830 годзе, а перарасло ў масавы рух, здольны пахіснуць расійскую ўладу.

У лісце да Маркса ад 8 красавіка 1863 года Энгельс назваў літоўскі рух «самым важным», бо ён выходзіў за межы Каралеўства Польскага, а ў ім актыўна ўдзельнічалі сяляне. Энгельс спадзяваўся, што развіццё гэтага руху дапаможа ажывіць паўстанне ў Каралеўстве Польскім і павысіць яго шанцы на перамогу. Такім чынам, дзейнасць Каліноўскага і яго паплечнікаў адпавядала таму кірунку паўстання, які Энгельс лічыў найбольш перспектыўным: вызваленчая барацьба мусіла абапірацца на сялянскія масы.

Глядзіце таксама

Каб зразумець, чаму Энгельс лічыў знаходжанне беларусаў у Рэчы Паспалітай правільным для іх развіцця, трэба адказаць на пытанне: у складзе якой дзяржавы яны мелі больш шанцаў захаваць сваю этнічную самабытнасць і развівацца ў бок сучаснай еўрапейскай нацыі? Энгельс не ідэалізаваў шляхецкую Польшчу — ён бачыў яе феадальны ўціск, права вета і рабаванне сялян. Але ён бачыў і іншае: Рэч Паспалітая была дзяржавай, якая мела ўнутраную здольнасць да рэфармавання, а Расійская імперыя такой здольнасці не мела. Для беларусаў гэта азначала розніцу паміж магчымасцю эвалюцыі ў бок еўрапейскай дзяржавы і канчатковым замацаваннем азіяцкага самадзяржаўя. Інакш кажучы, нават шляхецка-арыстакратычная Рэч Паспалітая да 1772 года была ў сто разоў лепшая за Масковію — менавіта таму, што мела ў сабе здольнасць да эвалюцыі, якой Масковія была пазбаўленая.

Маркс апісваў хваробу старой Рэчы Паспалітай вельмі рэзка: «Выбарнае каралеўства і ліберум вета былі тымі двума восямі польскай канстытуцыі, на якіх трымаўся распродаж краіны польскай арыстакратыяй... і апіраўся рускі ўплыў у Польшчы... Польская шляхецкая дэмакратыя вырадзілася ў анархію, адзінай асновай якой была прывілея некалькіх алігархаў прадаваць Польшчу тым, хто больш дасць. Алігархічная анархія была толькі палітычным выразам сацыяльнага заняпаду Польшчы».

Але менавіта з гэтага заняпаду Маркс выводзіў і магчымасць адраджэння: «З польскіх сеймаў 1788 і 1790 гадоў пачынаецца адраджэнне польскага народа, якое адгэтуль ідзе нароўні з распадам польскай дзяржавы. Першае нацыянальнае паўстанне Польшчы супраць рускага іга па неабходнасці супала са спробай унутранага дзяржаўнага перавароту, палітычнай рэвалюцыі, сацыяльнага адраджэння». І далей: «Сама Расія прывяла палякаў да пераканання, што асноўнай умовай аднаўлення яе нацыянальнай незалежнасці з'яўляюцца ўнутраныя рэформы». Такім чынам, для Маркса нацыянальная барацьба супраць Расіі была неаддзельная ад барацьбы супраць уласнага ладу.

Вяршыняй гэтай эвалюцыі стала Канстытуцыя 3 мая 1791 года. Маркс пісаў: «Пры ўсіх яе недахопах гэтая канстытуцыя паўстае перад намі на фоне руска-пруска-аўстрыйскага варварства як адзіны твор, прасякнуты духам свабоды, які калі-небудзь самастойна стварала Усходняя Еўропа. І яна выходзіла выключна ад прывілеяванага класа, ад шляхты. Сусветная гісторыя не ведае іншага прыкладу падобнай высакароднасці высакароднага саслоўя».

Глядзіце таксама

Гэтаксама і Энгельс вельмі высока ацэньваў патэнцыял рэфармаванай Рэчы Паспалітай: «У крытычны момант свайго існавання, калі ўспыхнула Французская рэвалюцыя, Польшча ўжо была пакалечаная першым падзелам і падзеленая паміж чатырма дзяржавамі. І ўсё ж яна знайшла ў сабе смеласць — дзякуючы Канстытуцыі 3 мая 1791 года — падняць сцяг Французскай рэвалюцыі на берагах Віслы; гэтым учынкам яна ўзнялася значна вышэй за ўсіх сваіх суседзяў».

Такім чынам, для Маркса і Энгельса старая Рэч Паспалітая была дзяржавай, якая ў XVIII стагоддзі ўступіла на шлях унутранай рэвалюцыі. І менавіта таму Маркс мог сказаць, што «Польшча стала цэнтрам усходне-еўрапейскай дэмакратыі ў той час, калі Германія прагнівала ва ўбогасці». Менавіта таму падзелы Польшчы былі катастрофай для ўсіх яе народаў: яны перарвалі гэтую эвалюцыю і замянілі яе панаваннем рэакцыйных Расіі, Прусіі і Аўстрыі.

«Авангард рэвалюцыйнай Еўропы»

Пры гэтым Маркс і Энгельс не заклікалі да простага аднаўлення Рэчы Паспалітай. Кракаўскае паўстанне 1846 года, рэвалюцыю 1848 года і паўстанне 1863–1864 гадоў яны разглядалі як працяг гэтай справы на больш высокім узроўні. Кожнае з іх было крокам наперад: ад нацыянальна-вызваленчай барацьбы да сацыяльнай праграмы. Паўстанне 1863–1864 гадоў, паводле Энгельса, вылучыла «самую радыкальную з усіх рэвалюцыйных праграм, калі-небудзь вылучаных на ўсходзе Еўропы» — праграму не толькі нацыянальнага вызвалення, але і сацыяльнай справядлівасці: зямлі для сялян, роўнасці ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай. Менавіта таму Маркс называў Польшчу «адзіным еўрапейскім народам, які змагаўся і змагаецца як сусветны салдат рэвалюцыі»: яна ваявала не толькі за сябе, але і за свабоду ўсіх.

І менавіта таму для беларусаў гэта мела прамое значэнне. Калі новая Рэч Паспалітая мусіла стаць дзяржавай чатырох народаў — польскага, літоўскага, беларускага і ўкраінскага, — то беларусы мелі магчымасць стаць часткай гэтага адраджэння, а не застацца па-за ім. Паводле логікі думкі Маркса і Энгельса, у складзе дэмакратычнай і антыфеадальнай дзяржавы беларусы атрымалі б не толькі нацыянальнае прызнанне, але і вызваленне ад феадальнага ўціску, доступ да адукацыі, удзел у палітычным жыцці. Калі б паўстанні 1846, 1848 і 1863–1864 гадоў перамаглі, беларусы сталі б часткай таго самага «авангарду рэвалюцыйнай Еўропы». Менавіта таму Маркс і Энгельс выступалі за тое, каб новая Польшча была як мага больш шматнацыянальнай і магла далучыць да сацыяльнага прагрэсу як мага больш народаў.

Варта ўлічваць, што погляды Маркса і Энгельса на беларусаў фарміраваліся ў пэўную гістарычную эпоху — у 1840–1870-я гады, калі беларускі нацыянальны рух яшчэ не ставіў пытання пра ўласную дзяржаўнасць. У той час дзеячы беларускага руху бачылі будучыню свайго народа не ў асобнай нацыянальнай дзяржаве, а ў складзе дэмакратычнай федэрацыі свабодных народаў Рэчы Паспалітай.

Толькі пасля смерці Маркса і Энгельса, у іншую гістарычную эпоху — эпоху распаду імперый, сусветных войнаў і нацыянальных рухаў XX стагоддзя, — беларускія патрыёты паставілі пытанне пра ўласную беларускую дзяржаўнасць. Гэта была ўжо іншая праграма, народжаная іншымі ўмовамі і іншымі задачамі. Але ў свой час — у час Каліноўскага і Міцкевіча — беларускі рух і марксізм гаварылі пра адну і тую ж будучыню ў межах гістарычнага кантэксту, у якім яны ўзніклі.