Салідарнасць памяці. У Беларусі збіраюць грошы на анталогію ўкраінскага Расстралянага адраджэння па-беларуску
На платформе Gronka запусцілі збор на выданне «Antares. Анталогія ўкраінскага Расстралянага адраджэння». У кнізе ўпершыню па-беларуску сабраныя творы 26 украінскіх аўтараў, якіх расстралялі або рэпрэсавалі ў часы сталінскага тэрору. Паэзія будзе надрукаваная на дзвюх мовах — украінскі арыгінал і беларускі пераклад размесцяць побач.

Выданне рыхтуе выдавецкая ініцыятыва «Пурпурная майстэрня». Больш за 200-старонкавая кніга аб’яднае паэтычныя творы аўтараў украінскага культурнага адраджэння 1920–1930-х гадоў. Паэзія будзе прадстаўленая білінгвальна: побач з беларускім перакладам будзе надрукаваны ўкраінскі арыгінал.
У анталогію таксама ўвайшла навела «Я (Рамантыка)» Міколы Хвылёвага — адзін з цэнтральных твораў украінскай літаратуры той эпохі.
«Ноч расстраляных паэтаў стала глабальнай беларускай практыкай памяці, а ва Украіне літаратура дваццатых стала часткай маскульту. У часы рэпрэсій следчыя асобна запытвалі беларусаў пра тое, як “осуществлялась связь” з украінскімі калегамі. На фоне трагедыі ў Беларусі і катастрофы ва Украіне гэтая кніга — лагічны працяг гэтай сувязі», — кажа ўкладальнік кнігі Алесь Плотка.
Паводле яго, асобная адметнасць выдання — пераклад верша Алеся Дудара, беларускага паэта, расстралянага ў 1937 годзе.
«Акрамя сучасных творцаў, разыначка кнігі — пераклад зоркі трыццатых, Алеся Дудара, гарэзы і хулігана, якога маем за гонар уплесці ў нашую справу», — адзначае Плотка.
Глядзіце таксама

Над беларускімі перакладамі працавалі Ева Арлова, Ганна Янкута, Мікола Грэшны, Віктар Жыбуль, Артур Камароўскі, а таксама ананімны перакладчык.
Укладальнікі падкрэсліваюць, што «Antares» не прэтэндуе на статус акадэмічнага выдання. Акрамя найбольш вядомых і праграмных тэкстаў, у анталогію ўвайшлі і менш чаканыя творы. Назва кнігі адсылае да астралагічнага сэнсу зоркі Антарэс і да спадчыны класіка ўкраінскай літаратуры Міколы Зэрава.
Выданне плануюць зрабіць не толькі літаратурным, але і візуальным артэфактам. Кніга будзе мець больш за 200 старонак і вокладку з высечанай назвай.
Падтрымаць выданне можна праз краўдфандынг на платформе Gronka. За ўнёсак 20 еўра можна атрымаць асобнік кнігі — у суму ўжо ўключаная дастаўка. Арганізатары плануюць разаслаць кнігі да навагодніх святаў.
Для ЗША прадугледжаная асобная магчымасць дастаўкі або друку кнігі на месцы — у гэтым выпадку выданне будзе мець больш простую, casual-вокладку.
Падтрымаць праект можна на Gronka.