Украінскае «Расстралянае адраджэнне»: старонка гісторыі, якую мы павінны ведаць
З 29 на 30 кастрычніка беларусы ўшаноўваюць памяць забітай у гады «Чырвонага тэрору» інтэлігенцыі. Такая дата ёсць і ў нашых суседзяў. 3 лістапада 1937 года савецкія карнікі расстралялі больш за сотню «ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў».
Крывавы сталінскі рэжым забраў жыцці тысяч людзей, якія мелі няшчасце жыць у той час у Савецкім Саюзе. Спальвалі лепшых — пасля іх полымя тэрору перакідвалася далей: на сем’і, сваякоў, сяброў, знаёмых і калег. Адна толькі «чорная ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 года вырвала з каранямі ў Беларусі 123 яе кветкі: пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў, выкладчыкаў, настаўнікаў, журналістаў. «Чорных начэй» — не такіх масавых, але ад таго не менш страшных — хапала і да таго, і пасля, прычым і ў нас, і ў нашых суседзяў, і гэта тыя старонкі, якія мы яшчэ толькі пачынаем чытаць.
Самую масавую за ўсю савецкую эпоху «чыстку» грамадства ад «непрыдатных для будаўніцтва камунізму» тэарэтычна абгрунтаваў наркам НКУС Мікалай Яжоў, ініцыятыву якога ўхваліў Іосіф Сталін. Яна пачалася па загадзе НКУС СССР № 00447 5 жніўня 1937 года і павінна была працягнуцца чатыры месяцы. На самaй жа справе «чыстка» была спынена пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) 15 лістапада 1938 года — то-бок праз 15 месяцаў пасля пачатку.
27 кастрычніка і 1-4 лістапада 1937 года ва ўрочышчы Сандармох на поўдні Карэліі быў расстраляны «Салавецкі этап»: 1111 вязняў Салавецкай турмы асаблівага прызначэння, сярод іх — 290 украінцаў. Частка з іх, 134 «украінскія буржуазныя нацыяналісты», былі расстраляныя 3 лістапада.
Агулам на Салаўкі па загадзе Яжова спусцілі «норму» ў 1200 чалавек, «расстрэльныя тройкі» паспелі асудзіць да смяротнага пакарання 1116 вязняў, пецярым з якіх «пашанцавала»: чацвярых па іншых справах завезлі ў турмы Кіева, Адэсы і Ленінграда, дзе таксама забілі, аднаго смерць забрала яшчэ да расстрэлу.
У спісе «ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў», расстраляных 3 лістапада, былі пісьменнікі, рэжысёры, акадэмікі, былыя міністры. Гэтую дату можна было б назваць «чорнай ноччу» ўкраінскай літаратуры, але ва ўкраінскім наратыве пра сталінскія рэпрэсіі фігуруе іншая назва, якая абагульвае ўсе даты і імёны, усе лёсы ахвяр савецкіх катаў — «Расстралянае адраджэнне».
Такая назва і адпаведны тэрмін устаяліся дзякуючы намаганням украінскага літаратуразнаўца Юрыя Лаўрыненкі і, у прыватнасці, яго дыялогу з польскім публіцыстам Ежы Гедройцам. Рэдактар часопіса «Kultura» ў 1957 годзе ініцыяваў стварэнне анталогіі ўкраінскай літаратуры 1917-1933 гадоў «з пункту гледжання рэвалюцыйнай дынамікі, гуманістычных ідэалаў». У выніку яна выйшла менавіта з назвай «Расстралянае адраджэнне», але не без дыскусій, якія працягваюцца дагэтуль.
Сапраўды, самога Лаўрыненку як складальніка і аўтара літаратурных партрэтаў турбавала тое, што яшчэ тады, у канцы 1950-х, падкрэсліванне ахвярнасці ўкраінскіх творцаў збольшага абесцэньвалася і прыводзіла да значных спрашчэнняў. Сёння ж ледзь ці не самай вялікай прыхільніцай падобных настрояў з'яўляецца ўкраінская літаратуразнаўца Ярына Цымбал.
Адкрываючы невядомыя старонкі літпрацэсу першай трэці ХХ стагоддзя, філолаг адзначае: не менш важным, чым факты расстрэлаў, было жыццё тагачасных украінскіх аўтараў, бурлівае і натхнёнае. Поўнае драм, яно не перарывалася ў 1930-я, бо шэраг пісьменнікаў перажылі рэпрэсіі і дажылі да старасці са шматлікімі душэўнымі траўмамі і ўспамінамі пра забітых сяброў. Адно з альтэрнатыўных азначэнняў той атмасферы Цымбал адбіла ў назве тэматычнай выдавецкай серыі — «Нашы 20-я» (пэўная метафара дзесяцігоддзя, у найбольшай ступені прасякнутага энергіяй творчых пошукаў).
Некалькі дзён таму ў інтэрнэт-часопісе «Таўбін» выйшлі пераклады вершаў паэтаў «Расстралянага адраджэння» на беларускую мову. Гэта толькі пачатак, пачатак доўгай і вялікай размовы пра тое, што сталінскія рэпрэсіі — трагедыя не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, літоўцаў, грузін і многіх іншых нацый і народнасцей, якіх абяскровіла савецкая ўлада. Гэта перарваная сувязь паміж пакаленнямі і традыцыямі — як у межах адной сям’і, так і ў цэлай культуры.
Украінская літаратура ў 1930-я страціла каля дзвюх соцень пісьменнікаў. Большая частка з іх былі расстраляныя, кагосьці закатавалі ў канцлагерах, хтосьці скончыў жыццё самагубствам. Мала каму ўдалося вырвацца з крыважэрнай пашчы рэпрэсіўнай машыны. Асноўныя абвінавачанні літаратарам — «нацыяналістычная контррэвалюцыйная дзейнасць», «тэрарыстычная дзейнасць», «спроба скінуць савецкую ўладу». Гэта азначае, што людзям забаранялася мець сваю краіну, любіць сваю мову і лічыць сябе незалежнымі, пісаць пра гэта і жыць так, быццам яны сапраўды маглі быць сабой.
Адзін з сімвалаў украінскага нацыянальнага адраджэння 1920-х —1930-х гадоў — паэт і празаік Мікола Хвылёвы, чалавек, які прыклаў руку да стварэння шмат якіх літаратурных аб’яднанняў, фактычна запусціў тагачасны літпрацэс ва Украіне. Ён меў усе шанцы стаць буйным вінтом савецкай улады, але стаў адным са стаўпоў «Чырвонага рэнесансу». Мікола нарадзіўся на Харкаўшчыне, яшчэ падлеткам пачаў працаваць, прычым працу ён вымушаны быў шукаць сам па Данбасе і Слабажаншчыне: працаваў грузчыкам, чорнарабочым, слесарам на заводзе. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны.
Прыкладна з 1921 года Хвылёвы пачаў улівацца ў тагачасныя літаратурныя колы. Адны за аднымі з’яўляліся яго публікацыі ў газетах, вершы, паэмы, зборнікі паэзіі і проза. Ужо ў 1923 годзе Мікола Хвылёвы заснаваў першае сваё літаб’яднанне — «Гарт», якое стала адным з самых уплывовых ва ўкраінскай літаратуры таго перыяду. Пасля будуць яшчэ ВАПЛІТЭ (1926) і «Пралітфронт» (1930), і ва ўсіх паэт і пісьменнік будзе актыўным удзельнікам, паўсюль будзе гучаць яго голас — голас за еўрапейскую інтэлектуальную Украіну, голас супраць русіфікацыі.
У 1933 годзе Хвылёвы выправіўся ў падарожжа па Палтаўшчыне, з якога вярнуўся зусім іншым чалавекам: ён на ўласныя вочы пабачыў наступствы бальшавіцкага тэрору. Асэнсаванне трагедыі Галадамору стала для творцы пачаткам дарогі да смерці. Цкаванне за «недастатковую прыхільнасць лініі партыі» толькі ўзмацнялася, адзін за адным закрываліся створаныя Хвылёвым часопісы, на ім адбіваліся наступствы дыскусіі 1920-х гадоў пра перспектывы ўкраінскай літаратуры, а апошняй кропляй стаў арышт яго сябра Міхайлы Ялавога. У знак пратэсту супраць рэпрэсій Мікола Хвылёвы скончыў жыццё самагубствам у харкаўскім Доме пісьменніка.
Не менш трагічны лёс напаткаў паэта Уладзіміра Свідзінскага. Ён нарадзіўся ў вёсцы пад Вінніцай у сям’і святара, дзе акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей. Скончыў духоўную вучэльню і камерцыйныя курсы, да службы ў войску паспеў аб’ехаць 8 паветаў, даследуючы ткацтва ў Падольскай губерні. З 1918 года пачаў працаваць рэдактарам: спачатку ў выдавецкім аддзеле Падольскай народнай управы, а пасля — у выдавецкім аддзеле павятовага выканкама. З 1922 года Свідзінскі працаваў у архівах і музеях, дзе даследаваў падольскія грэка-каталіцкія метрыкі, рукапісныя кнігі і старадрукі. У тым жа годзе паэт выдаў свой першы зборнік — «Лірычная паэзія», а самы першы яго верш быў апублікаваны яшчэ ў 1912 годзе. Свідзінскаму тады было 27 гадоў.
З 1925 года пачаўся харкаўскі перыяд жыцця творцы. Праз два гады свет пабачыў другі яго зборнік — «Верасень», разгромлены ў крытыцы за «фаталізм», і вершы Свідзінскага перасталі друкаваць. Апошні зборнік пры жыцці паэта выйшаў у 1940 годзе пад назвай «Паэзія», але павінна была быць яшчэ адна кніга — «Медабор», якой не наканавана было пабачыць свет.
Уладзімір Свідзінскі перажыў Першую сусветную вайну, дажыў да Другой сусветнай — і менавіта яна, у нейкім сэнсе, паспрыяла той трагедыі, якая абарвала жыццё паэта. Падчас набліжэння нямецкіх войскаў да Харкава НКУС арыштоўваў усіх, хто яшчэ не паспеў эвакуявацца з горада, каб пасля вывезці іх пад канвоем на ўсход. Свідзінскі, які мусіў быць адным з першых «кандыдатаў» на пераслед, хаваўся па сябрах, але ў верасні 1941 года быў абвінавачаны ў «антысавецкай дзейнасці» і арыштаваны. Савецкія карнікі закрылі яго разам з іншымі арыштаванымі ў адным будынку і спалілі. У полымі згарэлі і сам творца, і яго неапублікаваныя вершы. І толькі рукапіс «Медабора» паспеў вывезці за мяжу паэт Олэкса Вераценчанка.
Зусім маладой, 38-гадовай, была забіта паэтка і перакладчыца, дачка пісьменніцы Людмілы Старыцька-Чарняхіўскай і ўнучка пісьменніка Міхаіла Старыцкага Вераніка Чарняхіўская. Талент, як вядома, даецца творцам недзе ў аддзелах нябеснай канцылярыі, але толькі ўпартай працай можна не даць яму загаснуць — і Вераніка ад пачатку шмат укладала ў свае веды. Яна скончыла з залатым медалём гімназію імя Кірыла-Мяфодзіеўскага братэрства, атрымала спецыяльнасць інжынера-эканаміста ў Кіеўскім інстытуце народнай гаспадаркі і паспела яшчэ павучыцца на курсах замежных моў. Паэтка ведала старажытнагрэчаскую, лацінскую, рускую, французскую, нямецкую і англійскую мовы, перакладала на ўкраінскую Джэка Лондана, Чарльза Дзікенса і Эміля Заля, а пасля таго, як НКУС арыштаваў яе бацькоў, свае пераклады вымушана была друкаваць ананімна.
Свае першыя вершы Чарняхіўская пісала ў дзённіку яшчэ ў 1917 годзе, там жа былі і лірычныя замалёўкі. У 1918 годзе яна страціла на вайне сваё першае каханне, і вершы таго часу, частка з якіх друкавалася ў альманаху «Гроно», былі поўныя болю і смутку ад страты. Вершы паэткі з’яўляліся і ў часопісе «Вихрь революции», але аніводнага ўласнага зборніка пры жыцці яна не пабачыла.
У 1927-м у замежнай паездцы, куды яе ўзяў з сабой бацька, прафесар медыцыны, Вераніка выйшла замуж за германскага падданага. Гэты шлюб, які бачыўся шчаслівым, прынёс ёй няшчасце.
Восенню 1929 года Вераніку Чарняхіўскую арыштавалі і абвінавацілі ў датычнасці да «справы СВУ» («Саюза вызвалення Украіны»). Праз некалькі месяцаў яе выпусцілі, затое пасадзілі бацькоў, а ў другі раз Чарняхіўскую арыштавалі 8 студзеня 1938 года — абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі, падставай для чаго сталі некалькі даносаў ад знаёмых. Сваю віну паэтка не прызнала.
У Лук’янаўскай турме Вераніка страціла розум: па Кіеве хадзілі чуткі, што яе згвалцілі следчыя. 22 верасня 1938 года яе асудзілі да расстрэлу, і прысуд быў выкананы ў той жа дзень.
Родным не паведамілі пра забойства Веранікі, бацькам сказалі толькі, што ёй прысуджана 10 гадоў канцлагера. Аляксандр і Людміла Чарняхіўскія звярталіся з лістамі і заявамі да Сталіна, Берыі і іншых уплывовых прадстаўнікоў савецкай улады з просьбай дапамагчы ў вызначэнні месца знаходжання дачкі і ў пераглядзе яе прысуду. Людміла амаль год шукала сваю дачку ў сібірскіх канцэнтрацыйных лагерах.
Загад аб пераглядзе справы выдаў Мікіта Хрушчоў, і тады ў аддзяленне запрасілі бацьку паэткі — так Аляксандр даведаўся пра смерць дачкі. Людміла Старыцька-Чарняхіўская вярнулася ў Кіеў ні з чым і заспела дома толькі хворага мужа, які неўзабаве памёр.