The Washington Post: Пуцін патрабуе ад Трампа «Данецкую воласць»
Дзеянні Трампа некаторыя ў Еўропе расцэньваюць як «палітычны кашмар», але згодныя на гэты кашмар, калі ён дапаможа дамагчыся міру ва Украіне. У той жа час Пуцін, нібыта, зменшыў свае патрабаванні, аднак яны дагэтуль непрымальныя. Ідуць 13334-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 123 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 19 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Радзінскага, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Катляроўкі.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы 16 разоў атакаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Сасноўкі, Ворана, Новамікалаеўкі, Навагрыгораўкі і Малінаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі і Русінага Яру.
На Куп’янскім кірунку за суткі адбылося 11 атак у раёнах Стэпавай Навасёлаўкі, Купянску, Петрапаўлаўкі і ў бок Малой Шапкаўкі і Пясчанага.
На Паўднёва-Слабажанскім і Славянскім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным.
* * *
Украінскія Узброеныя сілы вызвалілі Сасноўку ў Днепрапятроўскай вобласці, а расійскае войска, верагодна, захапіла Пясчанае пад Купянскам, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры ад 18 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Амбарнага (на паўночны ўсход ад Вялікага Бурлука) і на паўночна-заходняй ускраіне Адраднага (на ўсход ад Вялікага Бурлука).
Геалакацыйныя кадры 17 кастрычніка паказваюць падраздзяленні расійскай 47-й танкавай дывізіі, якія трымаюць расійскі сцяг на паўднёвым захадзе Пясчанага (на паўднёвы ўсход ад Куп’янска), што ўказвае на тое, што расійскія войскі, верагодна, захапілі населены пункт.
Геалакацыйныя кадры ад 17 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Мірнаграда (на ўсход ад Пакроўска).
На Александраўскім кірунку УСУ ўдалося вызваліць Сасноўку, якое ўваходзіць у Велікаміхайлаўскую грамаду Сінельнікаўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці. Украінская армія працягвае ўтрымліваць пазіцыі ў Навасёлаўцы і Харошым.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўночную частку Прыволля (на паўднёвы захад ад Велікаміхайлаўкі).
* * *
На Запарожскім кірунку камандаванне расійскіх войскаў аддае перавагу не выкарыстоўваць транспарт для эвакуацыі параненых, спрабуючы пазбегнуць страт тэхнікі, паведамляе партызанскі рух АТЕШ у сваім Тэлеграм-канале.
Паводле АТЕШ, у 503 мотастралковым палку расійскай арміі з эвакуацыяй параненых склалася крытычная сітуацыя. Кіраўніцтва асобных падраздзяленняў наўмысна ўтрымлівае эвакуацыйны транспарт, тым самым асуджаючы салдат на смерць. З-за адсутнасці транспарту і адпаведных загадаў многія ваеннаслужачыя гінуць ужо ў першыя гадзіны пасля атрымання траўм.
Некаторыя афіцэры адкрыта заяўляюць пра прыярытэт захавання тэхнікі, бо, па іх словах, «прасцей знайсці новыя кадры, чым губляць машыны», паведамляе АТЕШ.
* * *
Расійская армія ў ноч на нядзелю, 19 кастрычніка, запусціла па тэрыторыі Украіны 62 ударныя беспілотнікі, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Супрацьпаветраная абарона збіла ці падавіла 40 БпЛА тыпу «Шахед», «Гербера» і іншых. Атака працягваецца — некалькі дронаў знаходзяцца ў паветранай прасторы Украіны.
У выніку атакі БпЛА ў Днепрапятроўскай вобласці ў Шахцёрскай грамадзе Сінельнікаўскага раёна пацярпелі 10 чалавек. Удар прыйшоўся па трох шматпавярховіках. Таксама пашкоджаны прыватны дом і інфраструктура.
Расійскія войскі ўпершыню атакавалі горад Лазавая на Харкаўшчыне з дапамогай кіраванай авіяцыйнай бомбы, ужыўшы новую мадыфікацыю КАБ, якая пераадолела адлегласць каля 130 км.
У ноч на 19 кастрычніка ў Арэнбургскай і Самарскай абласцях Расіі адбылася серыя атак беспілотнікаў, якая выклікала пажары на стратэгічна важных аб'ектах. У прыватнасці, пашкоджанні атрымалі газаперапрацоўчы завод у Арэнбургу і Новакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод каля Самары.
* * *
Па даных The Washington Post, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін у размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам патрабаваў поўнага кантролю над Данецкай вобласцю для завяршэння вайны, намякнуўшы, што ўзамен гатовы саступіць часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей.
«Падчас размовы паміж Трампам і Пуціным расійскі лідар намякнуў на гатоўнасць аддаць часткі дзвюх іншых часткова захопленых абласцей Украіны – Запарожскай і Херсонскай – у абмен на поўны кантроль над Данецкай вобласцю, паведамілі чыноўнікі. Гэта некалькі меншая тэрытарыяльная прэтэнзія, чым тая, якую ён высунуў у жніўні на саміце паміж Трампам і Пуціным у Анкорыджы. Некаторыя чыноўнікі Белага дома расцанілі гэта як прагрэс, па словах аднаго з двух чыноўнікаў, якога праінфармавалі пра тэлефонную размову з Пуціным», — піша выданне.
У той жа час іншы чыноўнік, высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат, адзначыў, што ўкраінцы наўрад ці ўспрымуць гэта такім чынам. «Гэта як прадаць ім іх уласную нагу ў абмен на нішто», — сказаў дыпламат.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягвае «узмоцнена» працаваць над дасягненнем міру, аднак цярпенне Вашынгтона адносна вайны РФ супраць Украіны «вычэрпваецца», заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт у эфіры Fox News.
Трамп 17 кастрычніка прымаў у Белым доме прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, а перад тым меў размову з крамлёўскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. «І ў абодвух выпадках гутаркі былі сардэчнымі, але вельмі адкрытымі, і прэзідэнт Злучаных Штатаў сказаў абодвум бакам гэтай вайны, што яна доўжыцца ўжо занадта доўга. Занадта шмат нявінных людзей было забіта. І ЗША становяцца вельмі стомленымі ад гэтай вайны», – сказала Левіт.
Паводле яе слоў, Расія і Украіна павінны прызнаць «рэаліі на месцах» і «дасягнуць мірнага пагаднення».
* * *
У Еўрапейскім Саюзе некалькі шакаваныя фактам, што сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна для абмеркавання міру ва Украіне пройдзе ў сталіцы Венгрыі, піша El Pais.
Выданне адзначае, што будучая сустрэча Трампа і Пуціна ў Будапешце ставіць ЕС і NATO ў няёмкае становішча, бо кіраўнікі краін будуць абмяркоўваць украінскае пытанне ў краіне ЕС, але без удзелу Еўрасаюза.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў сказаў, што выбар Будапешта можа сыграць як на руку прэм'ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану, так і пагоршыць рознагалоссі ўнутры ЕС.
«Месца было выбрана старанна. Яно можа быць выгаднае Расіі, паколькі пагаршае рознагалоссі ўнутры ЕС з нагоды Крамля. І гэта таксама можа аказаць вялікую паслугу Орбану, якога ў наступным годзе чакаюць выбары», — лічыць дыпламат.
У Бруселі сцвярджаюць, што сустрэча Трампа і Пуціна будзе карысная, калі яна дапаможа дабіцца прагрэсу ў спыненні вайны. Аднак у прыватным парадку некалькі крыніц заявілі пра «палітычны кашмар».
* * *
Аўстрыя пагадзілася на прыняцце новага санкцыйнага пакета Еўрапейскага Саюза супраць Расіі, тым самым зняўшы ключавую перашкоду для галасавання за санкцыі на наступным тыдні, піша Reuters.
20 кастрычніка міністры замежных спраў Еўрасаюза правядуць сустрэчу ў Люксембургу, каб канчаткова ўзгадніць ужо 19-ы санкцыйны пакет супраць Расіі.
Прыняцце зайшло ў тупік з-за Аўстрыі. Вена патрабавала размарозіць частку актываў Расіі, каб кампенсаваць за іх кошт страты аўстрыйскага Raiffeisen Bank International. Банк пацярпеў з-за штрафаў, накладзеных на яго расійскім рэжымам. Аднак іншыя краіны выказалі супраціўленне гэтаму патрабаванню.
Урэшце Аўстрыя заявіла пра падтрымку санкцый. «Аўстрыя падтрымлівае далейшы ціск на Расію і ўхваліць 19-ы пакет санкцый у панядзелак», — паведаміла міністэрства замежных спраў Аўстрыі.