Financial Times: новы мірны план Трампа — магчымасць для Пуціна зацягваць перамовы
Сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці «маштабнай дамовы» Трампа: ЗША прапануюць вялікі дагавор пра бяспеку паміж ЕС і Расіяй. Пры гэтым у ЕС да такога дагавора ставяцца скептычна, а ва Украіне не разумеюць, як можна заключыць гэтую здзелку, калі вайна яшчэ ідзе. У той жа час у СМІ лічаць гэтую ініцыятыву вельмі выгаднай для Пуціна. Ідуць 1718-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 190 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 15 атак расійцаў у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Навасёлаўкі, Навагрыгораўкі, Доўгай Балкі, Дружкоўкі, Кучарава Яру і Вольнага.
На Ліманскім і Гуляйпольскім кірунках расіяне праводзілі па восем атак на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Пакроўскім кірунках украінскія падраздзяленні адбілі па пяць атак арміі РФ на кожным.
* * *
У ноч на 7 лістапада расійскія войскі атакавалі Кіеў. У Саламянскім раёне ўзніклі пажары, зафіксаваны разбурэнні і пашкоджанні жылых дамоў, дзіцячага сада і нежылога будынка. Пацярпелі пяць чалавек, сярод іх 14-гадовае дзіця.
Расійскія войскі атакавалі ударнымі дронамі Браварскі раён Кіеўскай вобласці, двое чалавек пацярпелі.
Чарнігаўскі гарадскі савет заявіў пра поўнае адключэнне электраэнергіі ў абласным цэнтры ў выніку расійскіх абстрэлаў у ноч на суботу, 7 лістапада.
Ракеты атакавалі завод «Пратон» у расійскім горадзе Арол, на месцы ўспыхнуў маштабны пажар. Завод пастаўляе электронныя кампаненты для расійскага ваенна-прамысловага комплексу, у прыватнасці для ракет «Іскандэр-М», комплексаў «Панцыр-С1» і іншай ваеннай тэхнікі.
У Саратаве пад ударам Сіл абароны Украіны апынуўся мясцовы нафтаперапрацоўчы завод.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонныя размовы з нагоды заканчэння вайны ва Украіне і заявіў, што на наступны дзень іх будзе больш. Па яго словах, у панядзелак і аўторак адбудзецца трохбаковая сустрэча ЗША-Украіна-Расія.
Прэзідэнт ЗША падчас выступлення на мысе Канаверал у штаце Фларыда заявіў, што Украіна і Расія «ўпершыню гатовыя дамаўляцца».
Аднак прэзідэнт ЗША не ўдакладніў, з кім менавіта ён гаварыў.
Трамп зноў назваў магчымае пагадненне «вельмі маштабным дагаворам» і нагадаў, што яно можа тычыцца не толькі Украіны, але і ўсёй Европы.
* * *
Новая прапанова адміністрацыі Трампа па агульнаеўрапейскім пагадненні пра бяспеку з Расіяй выклікае турботы ў краінах ЕС, піша Politico.
Спецпасланнік Белага дома Джарэд Кушнер у сацыяльнай сетцы X 6 лістапада напісаў, што ЗША разам з Украінай, NATO і еўрапейскімі саюзнікамі распрацоўваюць параметры больш шырокай архітэктуры бяспекі кантынента на аснове пяці ключавых мэт і поўнага захавання суверэннага права дзяржаў на выбар уласных альянсаў.
Па словах кіраўніцы знешняй палітыкі ЕС Каі Калас, у адказ на план ЗША Еўропа мае сваю архітэктуру бяспекі і неабходна «забяспечыць інтэграцыю Украіны ў гэтую архітэктуру».
«Праблема застаецца ў тым, што Расія працягвае парушаць дагаворы, якія ляжаць у яе аснове... Пуцін не мае права вета ў дачыненні да еўрапейскай бяспекі», — падкрэсліла яна.
Трое дыпламатаў альянсу заявілі выданню, што саюзнікі ў NATO не былі загадзя праінфармаваныя пра планы ЗША. Таму ёсць шмат скептыкаў новай ідэі, якую адстойвае адміністрацыя Трампа.
Галоўны дарадца прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен Б'ёрн Зайберт у пятніцу правёў брыфінг для паслоў ЕС пасля абмеркавання гэтага пытання паміж дарадцамі па нацыянальнай бяспецы. Па яго словах, «група Трампа недаацаніла важнасць гэтага канфлікту для Еўропы і тое, на колькі дрэнны вынік для Украіны з'яўляецца вельмі небяспечным для Еўропы».
* * *
Новая ідэя па архітэктуры бяспекі ЕЎропы, высунутая Трампам, можа несці рызыкі як для еўрапейскага кантынента, так і для Украіны, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю журналісту CNN Джэйку Тапэру.
Зяленскі ўдакладніў, што пакуль не валодае ўсімі дэталямі праекта новай сістэмы бяспекі для Еўропы ад Трампа. Аднак прэзідэнт перасцярог, што патэнцыйная дамоўленасць паміж Расіяй і Еўропай можа быць небяспечнай.
«Я не бачу ніякіх дэманстрацый і сігналаў з боку Расіі, што яна гатовая штосьці рабіць. Думаю, таму гэта небяспечна. Калі яны не хочуць казаць пра тое, як скончыць гэтую вайну, я маю на ўвазе Расію, а хочуць пачаць з новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе, — гэта небяспечна», — кажа ён.
Ён кажа, што хоць Украіна не з'яўляецца членам ЕС і NATO, такія прапановы бяспекі нясуць рызыкі для ўсіх.
«Мы ўсе жывем у Еўропе. Мы не хочам, каб была Ялта-2. Мы не гатовыя да такога фармату. Мы не хочам, каб Расія падзяліла нас», — сказаў прэзідэнт Украіны.
«Калі вы хочаце быць свабоднай, дэмакратычнай краінай, вам патрэбна, каб, па меншай меры, паважалі ваш суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць», — дадаў ён.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін пагражае знішчыць усю ўкраінскую інфраструктуру да 2027 года, піша Financial Times.
Па словах крыніцы выдання, расійскі прэзідэнт разглядае паветраныя ўдары РФ як помсту за атакі ўкраінскіх дронаў на НПЗ і камерцыйныя склады Расіі.
«Я знішчу ўсю вашу інфраструктуру, пакуль вы не пагодзіцеся. Да наступнага года ва Украіны не застанецца ніводнай інфраструктуры. Усе масты, порты, чыгункі, энергетычная інфраструктура, электрастанцыі... будуць знішчаны», — перадаў пазіцыю Пуціна іншы суразмоўца.
Пуцін патрабуе ад Украіны перадаць Расіі тэрыторыю ўсходняй часткі Данбаса як папярэднюю умову для спынення агню, і чакаў далейшых тэрытарыяльных саступак з боку Украіны ў абмен на любыя гарантыі бяспекі, якія будуць нададзеныя краінамі NATO ў рамках магчымага будучага пагаднення.
Два чалавекі, прыцягнутыя да неафіцыйных намаганняў па спыненні вайны, заявілі, што малаверагодна, што перамовы ў Абу-Дабі прывядуць да якога-небудзь істотнага спынення агню. Па іх словах, Пуцін сканцэнтраваны на аднаўленні сваёй перавагі праз жорсткую зімовую кампанію паветраных удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны.
Адзін з іх адзначыў, што Крэмль разглядае змену акцэнту з тэрытарыяльных пытанняў на гарантыі бяспекі як спосаб яшчэ больш зацягнуць перамовы, пакуль РФ аслабляе ваенныя пазіцыі Украіны.