Еўропа: пакуль Масква ваюе супраць Украіны, абмяркоўваць новую архітэктуру бяспекі няма сэнсу
У Еўропе скептычна адрэагавалі на новы план Дональда Трампа закончыць вайну ва Украіне праз стварэнне новай архітэктуры бяспекі на кантыненце. Не ў захапленні ад ініцыятыў прэзідэнта ЗША і ў яго Кангрэсе. Парламент ЗША мае намер больш актыўна дапамагаць Украіне, а пакуль гэтага не адбылося, Расія праз «мясныя штурмы» хоча прасунуцца хоць куды-небудзь. Ідуць 1719-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 199 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 23 атакі ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Вольнае і ў бок Мікалаеўкі, Навапаўлаўкі, Залатога Калодзежа.
На Пакроўскім кірунку адбылося дзевяць атак. На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі восем атак, на Ліманскім кірунку — пяць атак.
* * *
Расійскія войскі ва Украіне альбо ідуць ва-банк, альбо хочуць захапіць як мага больш тэрыторый перад замарожваннем вайны, напісаў старшы лейтэнант Сіл абароны Украіны з пазыўным «Алекс», які ваюе на Данецкім кірунку.
«Прайшоў першы тыдзень лістапада, а страты і колькасць зафіксаваных перамяшчэнняў жывой сілы праціўніка на кірунках кратна павялічыліся (тычыцца ў асноўным кірункаў Данецкай вобласці), больш за тое — пры такіх тэмпах у гэтым месяцы страты (расіян) будуць рэкорднымі за ўсю вайну», — піша ён.
Ваенны адзначыў, што чакаўся спад актыўнасці з-за пагаршэння пагодных і сезонных умоў. «Але, гледзячы па ўсім, яны яшчэ не ўсе рэкорды пабілі і працягваюць адпраўляць наперад квадрацыклістаў, матацыклістаў і проста пехацінцаў, якія штурмуюць чыстае поле», — дадаў абаронца Украіны.
Па яго словах, ён уражаны колькасцю толькі пацверджаных забітых расіян штодня. «Яны проста нерэальныя, я б нікому не паверыў на слова ў такія лічбы, але пад кожным двухсотым ёсць відэа яго апошніх секунд жыцця», — сказаў Алекс.
* * *
У суботу вечарам расійскія войскі атакавалі інфраструктуру Адэсы, вядома пра аднаго загінулага.
Вечарам 7 лістапада ў горадзе Дняпро ў выніку расійскіх абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры больш за 60 тысяч спажыўцоў засталіся без электраэнергіі.
Расійскія дроны атакавалі жылую забудову Хмяльніцкага, пашкоджаны прыватныя і шматпавярховыя дамы, адзін чалавек траўмаваны.
Вечарам 7 лістапада расійскія беспілотнікі масава атакавалі энергетычную інфраструктуру Жытомірскай вобласці, пашкодзілі кацельню ў Жытоміры і знішчылі электрападстанцыю ў Оўручы. Аднаўленне электразабеспячэння зойме значны час, паведамляюць мясцовыя ўлады.
* * *
* * *
Расія накіроўвае на перамовы з Украінай пры пасрэдніцтве ЗША ў Абу-Дабі дэлегацыю больш высокага ўзроўню, чым на папярэднія раўнды, што можа сведчыць пра гатоўнасць да больш змястоўных перамоў, піша Bloomberg.
У склад дэлегацыі РФ у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах увойдуць намеснікі міністра замежных спраў Сяргей Рабкоў і Міхаіл Галузін, кіраўнік ваеннай разведкі Ігар Касцюкоў і высокапастаўлены афіцэр Генеральнага штаба Юрый Жыгарлоўскі. Узначаліць дэлегацыю памочнік кіраўніка РФ Уладзімір Мядзінскі.
Рабкоў — галоўны расійскі дыпламат, які курыруе адносіны з ЗША і Іранам, а таксама перамовы па пытаннях кантролю над узбраеннямі, тады як Мядзінскі ўдзельнічае ў расійскіх перамовах з Украінай з часу перамоў у Стамбуле ў 2022 годзе. Касцюкоў таксама ўзначальваў маскоўскую дэлегацыю ў Абу-Дабі ў студзені.
Дэлегацыю Украіны ўзначаліць кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Рустэм Умераў. У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць кіраўнік Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў і старшыня фракцыі «Слуга народа» ў парламенце Давід Арахамія.
* * *
Еўрапейскія краіны хочуць, каб Расія спыніла вайну супраць Украіны, перш чым абмяркоўваць яе прэтэнзіі па архітэктуры бяспекі кантынента. Такая пазіцыя можа абвастрыць рознагалоссі з ЗША, якія прапануюць разглядаць гэтыя пытанні паралельна, піша Bloomberg.
Па словах суразмоўцаў выдання, еўрапейскія чыноўнікі лічаць непрымальнымі патрабаванні Пуціна, якія фактычна азначалі б адкат прысутнасці НАТА з Усходняй Еўропы. На іх думку, цяперашняя сістэма бяспекі існуе, каб стрымліваць Расію ад нападу на Еўропу. Таму абмяркоўваць яе, пакуль Масква ваюе супраць Украіны і парушае дзеючыя пагадненні, няма сэнсу. Спачатку павінна быць спыненне агню, а любыя дамоўленасці пра пасляваенную бяспеку патрабуюць згоды ўсіх еўрапейскіх краін.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер назваў пяць мэт: пастаянныя кансультацыі па бяспецы, надзейныя каналы сувязі на выпадак крызісаў, вялікая ваенная празрыстасць, узаемныя крокі па змяншэнні рызык эскалацыі і доўгатэрміновая рамка стабільнасці ў Еўропе.
Падыход ЗША насцярожыў еўрапейскія сталіцы. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Еўропа не павінна хацець міру больш, чым Пуцін. «Падобна, што часам на ахвяру ціснуць больш, чым на агрэсара», — сказаў ён.
Крытыкуюць план і дэмакраты ў Кангрэсе, якія пасля выбараў атрымліваюць большасць у абедзвюх палатах. «У нас ужо ёсць еўрапейская архітэктура бяспекі. Яна называецца НАТА», — напісаў сенатар Майкл Бэнэт.
Пытанне тэрыторый пакуль адклалі, бо яно патрабуе рашэнняў вышэйшага ўзроўню. Па даных крыніц, Пуцін і далей патрабуе ўвесь Данбас. У Еўропе лічаць, што ў найбліжэйшыя месяцы ён не настроены на сур'ёзныя перамовы і робіць стаўку на масіраваныя ўдары, каб зламаць маральны дух украінцаў.
* * *
У Дэмакратычнай партыі актыўна абмяркоўваюць новы пакет ваеннай дапамогі Украіне ў памеры каля 15 мільярдаў долараў, піша Financial Times.
Па словах крыніц, дэмакраты, якія атрымалі кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэса, плануюць актыўней падтрымліваць Украіну. Аднак, нягледзячы на ўзмацненне пазіцый дэмакратаў у Кангрэсе, знешняя палітыка ЗША застаецца пад кантролем Дональда Трампа. Таму заканадаўцы маюць намер уплываць на падтрымку Кіева з дапамогай бюджэтных рашэнняў і парламенцкага кантролю.
Сярод першачарговых задач — дапамога энергетычнаму сектару Украіны. Дэмакраты хочуць прадугледзець дадатковае фінансаванне і іншыя меры падтрымкі ў штогадовым законе ЗША пра абаронную палітыку, які павінен быць прыняты да заканчэння паўнамоцтваў цяперашняга складу Кангрэса.
Яшчэ адным кірункам абмеркаванняў з'яўляюцца пастаўкі Украіне ракет-перахопнікаў для сістэм супрацьпаветранай абароны, наданне разведвальнай інфармацыі і забеспячэнне працы спадарожнікавай сувязі Starlink.
Акрамя ваеннай дапамогі, дэмакраты плануюць дамагацца перагляду санкцыйнай палітыкі Вашынгтона ў дачыненні да Масквы.