Bild: Суседзі Расіі рыхтуюць сваіх грамадзян да вайны
Нарвегія, Фінляндыя і Польшча праводзяць ваенныя вучэнні з прыцягненнем рэзервістаў. А дэмакраты ў ЗША могуць даць Украіне больш зброі ў абыход Трампа. Ініцыятыва на фронце зараз належыць Украіне, а ў Беларусі не фіксавалася праца рэтранслятараў для расійскіх дронаў. Ідуць 1716-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з cigionline.org
Цягам мінулых сутак ва Украіне адбылося 184 баявых сутыкнення, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 лістапада.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 10 атак у раёнах Канстанцінаўкі і Дружкоўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 17 атак расійцаў у раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Навапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Тарэцкага, Вольнага, Новага Данбаса, Чарнігаўкі і Дабраполля.
На Гуляйпольскім кірунку адбіта дзевяць атак каля Злагоды, Цернаватага, Далінкі, Горкага і Ягораўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках адбылося па шэсць атак на кожным.
* * *
Ініцыятыва на полі бою ў вайне Расіі супраць Украіны цяпер знаходзіцца на баку ўкраінскіх сіл. Яны паступова захопліваюць невялікія ўчасткі тэрыторыі, тады як расійскія войскі не маюць стратэгічнай ініцыятывы, заявіў кіраўнік Ваеннага камітэта НАТА адмірал Джузэпэ Кава Драгонэ ў каментары Укрінформу на палях Берлінскай канферэнцыі па бяспецы.
«Па нашай інфармацыі, ініцыятыва на баку Украіны. Яна захоплівае невялікія ўчасткі тэрыторыі, але гэта не расійская ініцыятыва, а ўкраінская», — сказаў Драгонэ.
У той жа час ён падкрэсліў неабходнасць пераходу да перамоў і спынення баявых дзеянняў. На яго думку, Украіна гатовая да гэтага, аднак Расію яшчэ трэба пераканаць сесці за стол перамоў.
* * *
Дзве жанчыны загінулі ў выніку расійскага авіяўдару па Краматорскай грамадзе ў Данецкай вобласці.
У Пуцільскай грамадзе Сумскай вобласці ў выніку расійскага ўдару загінула жанчына, супрацоўнікі ДСНС выратавалі мужчыну.
У ноч на 5 лістапада расійская армія атакавала Дняпро, у выніку чаго тры чалавекі атрымалі раненні, узніклі пажары на аб'ектах крытычнай інфраструктуры.
У Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці ў выніку расійскага ўдару па лагістычнай інфраструктуры ўспыхнуў пажар, адзін чалавек атрымаў траўмы.
За апошнія суткі расійскія войскі атакавалі чатыры населеныя пункты Херсонскай грамады, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, яшчэ пяцёра атрымалі раненні.
У сацсетках паведамілі пра паражэнне беспілотнікамі Разанскага НПЗ, які пастаўляе авіяцыйнае паліва і дызель для расійскай арміі. Гэта адно з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў у Расіі, якое ўваходзіць у склад ПАТ «НК "Роснефть"».
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову са спецпасланнікамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам. Па словах Зяленскага, размова была вельмі падрабязнай і доўжылася паўтары гадзіны.
«Рыхтуемся да трохбаковага фармату на ўзроўні каманд паміж Украінай, Злучанымі Штатамі і Расіяй — ужо менш чым праз тыдзень», — напісаў ён у сацсетках. Зяленскі таксама паведаміў, што ў Бруселі адбылася сустрэча каманды Украіны і прадстаўнікоў ЗША, ЕС, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, НАТА, Сусветнага банка і глабальнай бізнес-супольнасці па пытаннях пасляваеннага аднаўлення. У чацвер у Бруселі таксама адбудзецца сустрэча па пытаннях гарантый бяспекі Украіны.
«Тэмп перамоў павінен быць максімальна інтэнсіўным, каб як мага хутчэй закончыць гэтую вайну. Украіна гатовая да неабходных крокаў, нашы прапановы дакладныя, і мы перадалі свае прапановы амерыканскаму боку», – адзначыў Зяленскі.
* * *
Кантроль над абедзвюма палатамі, пачынаючы са студзеня, можа дазволіць дэмакратам ЗША ўхваліць новую дапамогу Украіне, піша Reuters.
У публікацыі адзначаецца, што Трамп практычна спыніў прамую фінансавую і ваенную дапамогу Украіне, якая змагаецца супраць расійскага ўварвання, нягледзячы на шырокую падтрымку дапамогі з боку заканадаўцаў-дэмакратаў і рэспубліканцаў.
Зусім нядаўна ён выклікаў абурэнне членаў Кангрэса, у прыватнасці многіх рэспубліканцаў, адмяніўшы санкцыі ў дачыненні да расійскага дызельнага паліва і адмовіўшыся ад санкцый у дачыненні да расійскай энергетыкі — праз некалькі тыдняў пасля таго, як падпісаў адпаведныя законы.
«Атрымаўшы кантроль над абедзвюма палатамі ў студзені, дэмакраты змогуць вырашаць, што і калі выносіць на галасаванне. Гэта можа дазволіць ім ухваліць новую дапамогу Украіне, якая, верагодна, будзе прынятая дзвюма трацінамі галасоў, неабходнымі для пераадолення вета Трампа. Памочнікі дэмакратаў заявілі, што дапамога Кіеву з'яўляецца прыярытэтам», — піша агенцтва.
* * *
Нарвегія, Фінляндыя і Польшча пашыраюць падрыхтоўку насельніцтва да магчымых ваенных пагроз. Грамадзян вучаць карыстацца зброяй, дзейнічаць у гарадской забудове, прымяняць беспілотнікі і аказваць дапамогу параненым, піша Bild.
У 2026 годзе Нарвегія абвясціла год «татальнай абароны». Канцэпцыя прадугледжвае прыцягненне да абароны краіны дзяржаўных устаноў, бізнесу і насельніцтва.
Важную ролю у сістэме абароны грае Нарвежская гвардыя (Heimevernet), якая налічвае больш за 40 000 рэзервістаў. Гэта амаль удвая больш, чым колькасць рэгулярных узброеных сіл краіны, дзе служаць каля 23 000 ваенных. У верасні ў Осла прайшлі найбуйнейшыя ў гэтым годзе вучэнні Нарвежскай гвардыі. У іх прынялі ўдзел каля 5000 узброеных рэзервістаў.
Фінляндыя таксама робіць стаўку на падрыхтоўку насельніцтва да абароны краіны. На добраахвотных абарончых курсах грамадзян вучаць карыстацца зброяй і аказваць дапамогу параненым. Штогод каля 45 000 рэзервістаў адпрацоўваюць вядзенне бою ў гарадской забудове, прымяненне беспілотнікаў і тактычную медыцыну.
У Польшчы дзейнічае некалькі праграм ваеннай падрыхтоўкі насельніцтва. Адна з іх — wGotowości («У гатоўнасці»), у рамках якой па выходных праводзяць заняткі па асновах ваеннай падрыхтоўкі і эвакуацыі.
Другая праграма — Trenuj z wojskiem («Трэніруйся з войскам») — прадугледжвае навучанне пад кіраўніцтвам ваеннаслужачых. Удзельнікаў вучаць карыстацца зброяй, кідаць гранаты і асвойваць іншыя ваенныя навыкі. У некаторых гарадах жадаючых апынулася настолькі шмат, што прыйшлося ствараць спісы чакання.
Нагадаем, нядаўна Пуцін заявіў, што яго краіна нібыта гатовая да вайны з Еўропай, хоць і «не хоча яе».
* * *
У апошні тыдзень у Беларусі не фіксавалі працу рэтранслятараў сігналу для расійскіх дронаў, а каля ўкраінскай граніцы няма канцэнтрацыі варожых сіл, паведаміў спікер Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка.
«На працягу гэтага тыдня мы не фіксавалі працу рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, якія падтрымліваюць сігнал для расійскіх ударных паветраных сродкаў», — адзначыў ён.
У той жа час спікер ДПСУ нагадаў, што Беларусь працягвае знаходзіцца пад уплывам Крамля, а пагроза з яе боку не знікае.
Нагадаем, нядаўна Дземчанка казаў, што Беларусь перыядычна ўключае рэтранслятары, якія ўзмацняюць сігнал для расійскіх дронаў падчас абстрэлаў Украіны.