Пуцін: Расія гатовая да вайны з Еўропай

Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ гатовая да вайны з Еўропай, хоць і не хоча яе. Аднак адзначыў, што пераможцаў у гэтай вайне не будзе. Відавочна, што ягоныя агрэсіўныя заявы звязаныя з Дональдам Трампам, які ўсяляк залагоджвае Пуціна, маючы асабістыя бізнэс-інтарэсы. У гэтай сітуацыі перспектыва мірных перамоў выглядае цмянай. Ідуць 1710-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з iz.ru

Фота з iz.ru

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 211 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 кастрычніка.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 24 атакі ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Аляксеева-Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Доўгай Балкі, Дружкоўкі, Русінага Яру, Пятроўкі, Тарэцкага, Прытулку, Вольнага і Залатога Калодзежа.

На Пакроўскім кірунку адбылося 15 атак у бок населеных пунктаў Дабраполле, Новы Данбас, Ганнаўка, Радзінскае, Светлае, Навагрышына, Мірнае, Сяргееўка, Котліна, Маладзецкае, Навападгародняе і Навапаўлаўка.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 18 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Успешнае, Цернаватае, Ягораўка, Горкае і Чароўнае.

На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі восем атак, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — сем атак.

* * *

Уначы і раніцай 30 кастрычніка расіяне атакавалі Кіеў балістычнымі ракетамі і беспілотнікамі, у выніку чаго загінуў адзін чалавек у Дняпроўскім раёне.

Уначы 30 кастрычніка расійская армія нанесла ўдар па прамысловым прадпрыемстве ў Палтаўскай вобласці.

Пасля расійскіх атак на Дняпро ў горадзе і прылеглых населеных пунктах без электразабеспячэння засталіся больш за 350 тысяч абанентаў.

У ноч на 30 кастрычніка з-за атакі дронаў спынялі працу ўсе маскоўскія аэрапорты.

У Навакуйбышаўску Самарскай вобласці Расіі горыць НПЗ пасля атакі дронаў.

* * *

874261034_985086677369155_2706026267264430860_n.jfif

* * *

Украіна працягвае падрыхтоўку да гуманітарнай аперацыі ў Алешках Херсонскай вобласці. Маршруты для місіі ўжо размінаваны, а гуманітарны канвой гатовы да адпраўкі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце.

Зяленскі падзякаваў партнёрам і адзначыў неабходнасць міжнароднай увагі да забойстваў, якія працягваюцца ва Украіне. «Мы, вядома, робім усё магчымае, каб удалася гуманітарная аперацыя ў Алешках, і ўкраінскія сілы захоўваюць цішыню», — адзначыў ён.

У той жа час ён падкрэсліў, што гуманітарныя меры не павінны абмяжоўвацца толькі адным участкам фронту. «І трэба так дзейнічаць, так вяртаць сітуацыю, каб Расія пайшла на дээскалацыю і каб гэта тычылася ўсёй нашай краіны, не толькі Алешкаў», — падкрэсліў Зяленскі.

* * *

Пасля некалькіх тыдняў ціску з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа УСУ прыпынілі ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, піша The Wall Street Journal.

Па словах крыніц выдання, неафіцыйная паўза, якая, як чакаецца, працягнецца да заканчэння прамежкавых выбараў у ЗША, а магчыма, і да больш позніх дат у лістападзе, пачалася ў пачатку мінулага тыдня, у разгар крызісу ў амерыкана-украінскіх адносінах. За некалькі дзён да гэтага Трамп заклікаў адхіліць Зяленскага, а кампанія Ілана Маска SpaceX абмежавала выкарыстанне Украінай спадарожнікавага інтэрнэт-сэрвісу Starlink.

Раней Зяленскі не раз прапаноўваў энергетычнае перамір'е, у межах якога Украіна не атакуе расійскія НПЗ, а Расія не разбурае ўкраінскую энергетычную інфраструктуру. Аднак Расія працягвае ўзмацняць ракетныя і дронавыя атакі на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру і гарады, у выніку чаго колькасць загінулых сярод грамадзянскага насельніцтва расце.

Па словах двух ваенных чыноўнікаў, дасведчаных пра сітуацыю, падраздзяленні Украіны, якія ажыццяўляюць дальнабойныя ўдары, у сярэдзіне кастрычніка атрымалі ўказанне, што кампанію супраць НПЗ  фактычна прыпыняюць пасля заканчэння ўжо пачатых аперацый.

Адзначаецца, што з-за далікатнай дыпламатычнай сітуацыі ў Кіеве вырашылі, што лепш часова ўстрымацца ад удараў па нафтаперапрацоўчых заводах, але забароны як такой не было.

«Нашы хлопцы спрабавалі быць трохі асцярожнейшымі ў гэтыя дні. Але ў іх няма загаду не атакаваць нафтаперапрацоўчыя заводы», — заявіў Зяленскі журналістам.

* * *

Аслабленне амерыканскіх санкцый супраць Расіі ўзмацняе пазіцыі Крамля і аддаляе перспектыву мірнага ўрэгулявання вайны супраць Украіны. Натхнёны саступкамі ЗША, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін «плануе эскалацыю вайны ва Украіне», піша французскае выданне Le Monde.

Адным з галоўных праяваў пацяплення адносін паміж Вашынгтонам і Масквой стала пагадненне пра пастаўкі расійскага дызельнага паліва на амерыканскі рынак. Яны нарад ці паўплываюць на амерыканскія цэны, аднак маюць важнае палітычнае значэнне.

«Не мае значэння, калі здзелка па дызельным паліве не прынясе чаканых эканамічных выгод; важны эфект ад абвяшчэння», – растлумачыў Сяргей Аляксандрашэнка, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра новых еўразійскіх стратэгій.

Па яго словах, Крэмль разглядае збліжэнне з адміністрацыяй Дональда Трампа як пацвярджэнне таго, што рознагалоссі паміж ЗША і Еўропай паглыбляюцца. Паралельна бакі абмяркоўваюць вяртанне амерыканскіх кампаній у расійскі нафтавы сектар, сумесныя праекты па здабычы вуглевадародаў каля Сахаліна, а таксама магчымы продаж міжнародных актываў расійскай кампаніі «Лукойл» інвестарам, звязаным з Трампам.

На фоне гэтых пагадненняў перспектывы мірных перамоў Украіны, Расіі і ЗША ў Абу-Дабі застаюцца нявызначанымі. Расійскі прадстаўнік Юрый Ушакоў заявіў, што Масква будзе настойваць на выкананні сваіх фундаментальных патрабаванняў. Яно таксама прыводзіць заяву кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова: «Гэта вайна будзе працягвацца, і я нават сказаў бы, што яна, верагодна, узмацніцца».

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі па выніках саміту Расія – Афрыка заявіў, што яго краіна нібыта гатовая да вайны з Еўропай, хоць і «не хоча яе».

«Захад не дасягнуў сваёй мэты — нанесці РФ стратэгічнае паражэнне. Калі справа дойдзе да вайны Расіі з Еўропай, пераможцаў не будзе, хай ніхто ў Еўропе пра гэта не забывае», — заявіў ён.

Акрамя гэтага, Пуцін указаў, што ў РФ «добра памятаюць урокі Першай і Другой сусветных войнаў і робяць усё, каб нічога падобнага не адбылося».