886 палітвязняў, пераслед вайскоўцаў і прысуды да 25 гадоў. Хронікі рэпрэсій 5 лістапада

На канец кастрычніка ў Беларусі налічвалася 886 палітвязняў. Праваабаронцы таксама паведамляюць пра сотні асуджаных па палітычных матывах, якія не трапілі ў адкрытую статыстыку, пераслед пасля вызвалення і ціск на сваякоў беларусаў за мяжой. Асобны кірунак рэпрэсій — крымінальныя справы супраць беларускіх вайскоўцаў: вядома як мінімум пра 75 чалавек, 33 з іх застаюцца за кратамі.

1_1097_1.png

«Вясна»: у Беларусі застаюцца 886 палітвязняў, улады хаваюць інфармацыю пра сотні асуджаных

Паводле маніторынгу праваабарончага цэнтра «Вясна», на канец кастрычніка ў Беларусі налічвалася 886 палітвязняў, сярод іх 111 жанчын. З пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 4860 чалавек. У кастрычніку гэты статус атрымалі яшчэ 43 чалавекі, 13 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі постфактум.

Пры гэтым рэальная колькасць людзей, асуджаных па палітычных матывах, можа быць істотна большай. Паводле ацэнкі «Вясны», за апошнія паўтара года ад 630 да 670 чалавек не трапілі ў адкрытую статыстыку. Гэта каля 27% ад агульнай колькасці асуджаных за гэты перыяд. Дадатковую інфармацыйную закрытасць стварае тое, што з сярэдзіны верасня МУС не абнаўляе спісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Не менш за 172 палітвязні, паводле праваабаронцаў, знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз стан здароўя, узрост або ўмовы ўтрымання. Сярод іх — Вячаслаў Арэшка, які цалкам страціў зрок, і Марына Леановіч, пра цяжкі псіхалагічны стан якой паведамляюць праваабаронцы. Некаторым зняволеным працягваюць узмацняць ціск: супраць Ціхана Осіпава і Віктара Снегура распачалі новыя крымінальныя справы за «злоснае непадпарадкаванне», а Уладзімір Кніга і Іван Вярбіцкі знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.

Пераслед не заканчваецца пасля вызвалення. Былыя палітвязні сутыкаюцца з абмежаваннямі правоў і новымі крымінальнымі справамі, а ціск распаўсюджваецца на сваякоў. Праваабаронцы таксама паведамляюць пра спробы сілавікоў знайсці журналістаў, якія жывуць у вымушанай эміграцыі: яны прыходзілі да суседзяў былога супрацоўніка Belsat Сяргея Скулоўца і сваякоў Змітра Панкаўца.

Асобны кірунак рэпрэсій — пераслед за падтрымку Украіны. На канец кастрычніка «Вясне» было вядома пра 419 чалавек, якія сутыкнуліся з крымінальным пераследам за такую падтрымку. 235 чалавек асудзілі, у тым ліку завочна, 142 чалавекі знаходзіліся ў зняволенні. У кастрычніку ўлады распачалі спецыяльную вытворчасць супраць пяці беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.

Працягваецца ціск на прафесійныя супольнасці. У няволі застаюцца шэсць беларускіх адвакатаў, а з 2020 года не менш за 16 адвакатаў сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам. У спісе палітвязняў — 15 супрацоўнікаў медыя. Праваабаронцы таксама фіксуюць пераслед журналістаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Заканадаўства аб экстрэмізме і тэрарызме застаецца адным з інструментаў рэпрэсій. Больш за 1300 чалавек асудзілі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці або яе фінансаванне, амаль 500 — паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі вынікі 115 судовых рашэнняў, у тым ліку 22 кнігі.

У кастрычніку праваабаронцы таксама паведамілі пра расстрэл Аляксандра Таратуты, які адбыўся яшчэ 9 кастрычніка 2024 года. Паводле звестак «Вясны», за гісторыю незалежнай Беларусі па прысудах судоў расстралялі 400 чалавек. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне.

У Беларусі пераследуюць не менш за 75 вайскоўцаў, 12 з іх асудзілі на тэрміны да 25 гадоў

Праваабаронцам «Вясны» вядома пра крымінальны пераслед не менш як 75 беларускіх вайскоўцаў з 2020 года. Паводле звестак на 4 лістапада 2026 года, 33 з іх утрымліваюцца за кратамі. Прынамсі 15 чалавек абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», яшчэ 13 — у «акце тэрарызму». Не менш за 12 вайскоўцаў асудзілі на тэрміны ад 20 да 25 гадоў пазбаўлення волі, некаторых — завочна.

Толькі ў 2026 годзе асудзілі як мінімум 13 беларускіх вайскоўцаў. Сярод найбольш жорсткіх вядомых прысудаў — тэрміны фігурантам «справы BYPOL». 26 кастрычніка Мінскі абласны суд прызначыў Юрыю Васілеўскаму 17 гадоў зняволення, Генрыху Агееву — 21 год, Івану Балашэнку — 25 гадоў. Іх абвінавацілі паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі» і «здрадзе дзяржаве».

Пераслед закрануў і вайскоўцаў, якія служылі ў розных падраздзяленнях. У траўні 2026 года 23-гадовага афіцэра спецназа Яўгена Жарыкава асудзілі на 19 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Яго затрымалі яшчэ ў лютым 2025 года. Паводле сведчанняў былых палітвязняў, у Жарыкава сур'ёзныя праблемы са зрокам: без медычнай дапамогі ён можа яго страціць.

Пад пераслед трапляюць і былыя вайскоўцы разам з членамі сем'яў. 57-гадовага былога дэсантніка Васіля Прохарава асудзілі на 11 гадоў зняволення за «здраду дзяржаве». Разам з ім затрымалі жонку Ларысу і сына Паўла — кожны атрымаў па восем гадоў. У наваполацкай калоніі Прохараў сутыкаўся з пастаянным ціскам, неаднаразова трапляў у ШІЗА і працаваў у цяжкіх умовах без сродкаў абароны. Пазней яго перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.

Асобная група спраў звязаная з «справай Аб'яднанага пераходнага кабінета», які КДБ прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй». Паводле «Вясны», у сакавіку 2026 года затрымалі каля васьмі чалавек. Праваабаронцам вядомыя імёны двух фігурантаў — вайскоўца-парашутыста Аляксандра Рудкевіча і былога падпалкоўніка Дзмітрыя Зары. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі». Зара, які раней эміграваў у Польшчу і працаваў у камандзе Валерыя Сахашчыка, пасля вяртання ў Беларусь апынуўся ў СІЗА КДБ. Паводле звестак «Вясны», там ён сутыкнуўся з катаваннямі і меў цяжкі псіхалагічны стан.

Яшчэ адзін прыклад — Артур Сыракваша, былы намеснік начальніка пагранічнай заставы «Хойнікі». Яго затрымалі ў жніўні 2025 года і асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі паводле абвінавачання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці — у межах «справы Гаюна».

Гэтыя справы паказваюць, што пераслед закранае як дзейных, так і былых вайскоўцаў. Сярод асноўных абвінавачанняў — «здрада дзяржаве», тэрарызм і супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі структурамі за мяжой.