Ад Слуцку да Сэнату ЗША. Што вядома пра беларускія карані Джона Осафа

3 лістапада 39-гадовы Джон Осаф пераабраўся ў Сэнат ЗША, калі перамог кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Майка Колінза. Яго ўжо называюць магчымым прэтэндэнтам на прэзыдэнцкія выбары 2028 году. Але сямейная гісторыя амэрыканскага сэнатара бярэ пачатак у беларускім Слуцку. Генэоляг Павал Хадзінскі паспрабаваў прасачыць гэты шлях празь некалькі пакаленьняў і знайшоў цікавыя архіўныя дакумэнты.

Джон Осаф. Фота: NBC News

Джон Осаф. Фота: NBC News

Карабельныя сьпісы ў кішэні сэнатара

20 студзеня 2021 году Джон Осаф упершыню прысягаў у Сэнаце Злучаных Штатаў, тады яму было ўсяго 33 гады. Ён стаў наймаладзейшым сэнатарам за ўсю гісторыю штату Джорджыя і першым габрэем, абраным ад гэтага штату ў верхнюю палату Кангрэсу. На цырымонію ў Капітолій малады палітык прынёс адну незвычайную рэч, а дакладней, некалькі аркушаў паперы.

«Сёньня, калі я прысягаў, у кішэні майго пінжака былі копіі карабельных маніфэстаў, складзеных на Эліс-Айлэнд, калі мой прадзед Ізраіль прыбыў у 1911 годзе, а мая прабабуля Эні – у 1913-м. Праз стагодзьдзе іхні праўнук быў абраны ў Сэнат ЗША», – напісаў тады Джон Осаф у сацыяльных сетках. Да допісу ён прыклаў фатаздымкі дакумэнтаў.

Карабельны маніфэст 1911 года

Карабельны маніфэст 1911 года

Ягоныя продкі некалі пакінулі Эўропу, ратуючыся ад антысэмітызму і шукаючы лепшага жыцьця. Яны наўрад ці маглі ўявіць, што праз стагодзьдзе іхні праўнук стане адным з самых маладых сэнатараў Злучаных Штатаў. Але дзе менавіта пачалася гісторыя гэтай сям’і? Калі прасачыць радавод Джона Осафа, сярод геаграфічных назваў нечакана зьяўляецца беларускі Слуцк.

Гірш Асоўскі са Слуцку

Паводле зьвестак міжнароднай генэалягічнай плятформы FamilySearch, каля 1853 году ў Слуцку, які тады ўваходзіў у Менскую губэрню Расейскай імпэрыі, нарадзіўся мешчанін Гірш Асоўскі. Ягоным бацькам быў Ізраіль Асоўскі, а жонкай Сора-Роха Вапнэр.

У сям’і было прынамсі трое дзяцей: Сара, Ізраіль і Самуэль. Паводле тых самых зьвестак, Гірш памёр 20 лістапада 1908 году ў Вільні. Менавіта ягоны сын Ізраіль, як сьведчыць генэалягічнае дрэва, пазьней выправіўся за акіян і стаў прадзедам будучага сэнатара.

Запіс аб сьмерці Гірша Асоўскага

Запіс аб сьмерці Гірша Асоўскага

У XIX стагодзьдзі Слуцк быў адным з істотных цэнтраў габрэйскага жыцьця на беларускіх землях. Тут дзейнічалі сынагогі, рэлігійныя школы, жылі гандляры, рамесьнікі, настаўнікі і рабіны. Паводле перапісу 1897 году, у горадзе налічвалася больш за 10 тысяч габрэяў, якія складалі каля 77% насельніцтва.

Слуцкая габрэйская супольнасьць мела даўнюю гісторыю. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі яна атрымала асобныя прывілеі, а пазьней горад стаў адным з цэнтраў габрэйскага рэлігійнага жыцьця ў рэгіёне. І Гірш Асоўскі рос менавіта ў такім асяродзьдзі. У нейкі момант Гірш пераехаў ў Вільню, адкуль пачаўся наступны, ужо значна лепш задакумэнтаваны этап гісторыі роду.

Зь Вільні ў Амэрыку

У 1911 годзе сын Гірша Ізраіль Асоўскі скіраваўся ў Злучаныя Штаты. А праз два гады да яго прыехала жонка Эні, у дзявоцтве Шохэт. У той час падобныя падарожжы былі звыклымі для тысячаў габрэйскіх сем’яў з тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Людзі пакідалі родныя мястэчкі, ратуючыся ад пагромаў, дыскрымінацыі, беднасьці і шукаючы магчымасьці пачаць жыцьцё нанова.

У амэрыканскіх архівах захаваліся карабельныя сьпісы, якія дазваляюць пабачыць, як адбывалася гэтая эміграцыя. У апублікаваным Джонам Осафам маніфэсьце можна прачытаць прозьвішча, падобнае да Israel Osshowsky. Варта адзначыць. што прозьвішчы эмігрантаў нярэдка зьмянялі напісаньне ў новых краінах. Асоўскі, Osshowsky, Ossoff – падобныя варыянты маглі ўзьнікаць праз розныя спосабы перадачы гукаў і адаптацыю да ангельскае мовы.

Глядзіце таксама

Ізраіль і Эні пасяліліся ў невялікім горадзе Пібадзі ў штаце Масачусэтс, непадалёк ад Бостану. Пібадзі тады быў вядомы сваёй гарбарнай прамысловасьцю. Тут працавалі шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы скуры, якія давалі працу ў тым ліку эмігрантам. Ізраіль паступова ўладкаваўся на новым месцы. Ён займаўся перавозкамі скураных вырабаў, а пазьней разам з сям’ёй трымаў аўтасэрвіс і заправачную станцыю.

Прадпрыемства Ossoff’s Auto Service спачатку знаходзілася на Мэйн-стрыт, 110, а потым пераехала ў іншае памяшканьне на той жа вуліцы. Яго сям’я стала часткай мясцовай габрэйскай супольнасьці, а сам Ізраіль нават уваходзіў у кіраўніцтва крэдытнага зьвязу, які абслугоўваў габрэйскіх жыхароў Пібадзі.

«Якімі б ні былі іхнія мары і спадзяваньні, калі яны плылі каля Статуі Свабоды, наўрад ці сярод іх было тое, што праз сто гадоў нехта зь сям’і стане сэнатарам Злучаных Штатаў», – разважаў некалькі гадоў таму Рычард Осаф, унук Ізраіля.

Наступныя пакаленьні

13 красавіка 1918 году ў Пібадзі ў Ізраіля і Эні нарадзіўся сын Хайман. Захаваўся арыгінальны запіс аб ягоным нараджэньні, складзены ўладамі штату Масачусэтс. На старонцы старой рэгістрацыйнай кнігі можна прачытаць імя дзіцяці, дату нараджэньня, а таксама імёны ягоных бацькоў. У графе пра прафэсію бацькі пазначана, што Ізраіль працаваў цесьляром.

Запіс пра народзіны дзеда будучага сэнатара, Хаймана Осафа

Запіс пра народзіны дзеда будучага сэнатара, Хаймана Осафа

Так эмігранты ўжо пускалі карані ў Амэрыцы, а іхнія дзеці пачыналі ўласнае жыцьцё ў новай краіне. Хайман вырас у Пібадзі, скончыў школу і некаторы час вучыўся ў Бостанскім унівэрсытэце. Падчас Другой сусьветнай вайны ён служыў у амэрыканскай вайсковай авіяцыі і быў бамбардзірам на самалётах B-24 у Ціхім акіяне.

Пасьля вайны Хайман вярнуўся дадому і заняўся бізнэсам. Разам з братамі ён стварыў кампанію Ossoff Leather, якая гандлявала скурай, крыху пазьней сям’я набыла старое прамысловае памяшканьне ў Нью-Гэмпшыры і адкрыла ўласнае гарбарнае прадпрыемства.

У 1947 годзе Хайман ажаніўся з Бланш Гофман, а праз год у сям’і нарадзіўся сын Рычард. Ён вырас у Масачусэтсе, атрымаў адукацыю, працаваў у кансалтынгавай кампаніі McKinsey, а ў 1978 годзе пераехаў у Атлянту, сталіцу штату Джорджыя. І ўжо там, у 1987 годзе нарадзіўся ягоны сын Джон, будучы сэнатар.

Паводле Рычарда Осафа, Джон заўсёды цікавіўся сямейным мінулым, распытваў пра продкаў і імкнуўся лепш зразумець іхнія жыцьці.

Беларускія карані ці габрэйскія?

Тут варта зрабіць яшчэ адно ўдакладненьне. Продкі Джона Осафа былі габрэямі, але беларускія карані не абавязкова азначаюць этнічна беларускае паходжаньне. Беларуская гісторыя складаецца з гісторыяў усіх народаў, якія стагодзьдзямі жылі на нашай зямлі.

Дастаткова прыгадаць Марка Шагала. Ён нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Віцебску, але ад гэтага ня стаў менш зьвязаным зь беларускай гісторыяй і культурай. Гэтаксама і гісторыя габрэяў Слуцку застаецца неад’емнай часткай гісторыі Беларусі.