Германія і Вялікабрытанія шукаюць дадатковыя сродкі СПА для Украіны
Саюзнікі спадзяюцца адшукаць ракеты Patriot для Украіны да 17 лістапада. А 10-11 лістапада ў Абу-Дабі пройдуць перамовы Расія-Украіна-ЗША. У той жа час, нягледзячы на рознагалоссі Трампа і Зяленскага, Злучаныя Штаты працягваюць дапамогу Украіне. Ідуць 1714-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: GettyImages
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 206 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 лістапада.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 10 атак расіян у раёнах населеных пунктаў Ізбіцкае, Графскае, Ваўчанскія Хутары, Ахрымаўка, Шабельнае, Чугунаўка, Амбарнае.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 21 атака ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Райскага, Сафіеўкі, Кучарава Яру і Вольнага.
На Пакроўскім кірунку адбылося 13 атак у бок населеных пунктаў Маладзецкае, Навапаўлаўка, Чарнігаўка, Светлае, Дабраполле, Мірнае і Сяргееўка.
На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі дзевяць атак, на Паўночна-Слабажанскім і Курскім кірунках зафіксавана восем штурмавых дзеянняў, на Гуляйпольскім кірунку адбылося сем штурмаў.
* * *
Уначы 3 лістапада расіяне нанеслі ўдар па медыцынскай установе ў Харкаве, у выніку чаго 62 чалавекі пацярпелі, а таксама больш за 200 пацыентаў эвакуяваныя ў іншыя бальніцы.
Уначы 3 кастрычніка расіяне нанеслі ўдары па аб'ектах крытычнай інфраструктуры ў Дняпры і Крыварожскім раёне.
У ноч з 2 на 3 лістапада расіяне атакавалі Запарожжа, у выніку чаго былі пашкоджаны жылыя дамы і пацярпеў адзін чалавек. Таксама расіяне атакавалі прыватны жылы дом у адным з гарадоў Запарожскай вобласці, узнік пажар і пацярпелі два чалавекі, у тым ліку дзіця.
Вечарам 2 лістапада расіяне атакавалі Хмяльніцкую вобласць і пашкодзілі жылы дом і аўтамабіль.
Дроны атакавалі Яраслаўскі НПЗ, адзін з пяці найбуйнейшых у Расіі, у ноч перад 3 лістапада, на прадпрыемстве ўспыхнуў пажар, піша ASTRA.
* * *
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф у сацсетцы Х анансаваў 10-11 лістапада перамовы паміж Расіяй і Украінай на рабочым узроўні ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі, на якіх Злучаныя Штаты выступяць у якасці пасрэдніка.
«Абмеркаванні будуць сканцэнтраваны на пасляваенных дамоўленасцях па пытаннях бяспекі, дээскалацыі, гуманітарных мерах і наступных кроках на шляху да міру» — напісаў ён.
Таксама Уіткаф анансаваў сустрэчу амерыканскіх перамоўшчыкаў з прадстаўнікамі Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, ЕС і НАТА на гэтым тыдні ў Бруселі. На ёй плануюць абмеркаваць гарантыі бяспекі для Украіны, пасляваенную архітэктуру бяспекі Еўропы і эканамічныя магчымасці для падтрымкі аднаўлення Украіны.
«Мы спадзяемся развіць прагрэс, дасягнуты ў Кіеве, Осла і Санкт-Пецярбургу, на шляху да ўсёабдымнага, доўгатэрміновага мірнага пагаднення, якое забяспечыць устойлівую бяспеку для будучых пакаленняў», — адзначыў Уіткаф.
* * *
Злучаныя Штаты Амерыкі плануюць звярнуцца да саюзнікаў у НАТА з просьбай выдаткаваць дадатковыя сродкі на ключавую праграму пастаўкі ўзбраення для Украіны — PURL, паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на ананімныя дасведчаныя крыніцы.
Такі крок сведчыць пра працяглаю падтрымку Кіева з боку Вашынгтона, нягледзячы на напружанасць у адносінах паміж лідарамі краін — Уладзімірам Зяленскім і Дональдам Трампам.
Крыніцы заявілі, што просьба пра дадатковае фінансаванне ў рамках Альянсу можа паступіць ужо ў гэтым месяцы. Пра якую менавіта суму ідзе гаворка, пакуль невядома.
Суразмоўцы СМІ кажуць, што дэфіцыт фінансавання для ўжо зацверджаных партый узбраення складае каля 2 млрд долараў. Вашынгтон пастаўляе ўзбраенне нават да паступлення аплаты за яго, і калі Пентагон ажыццявіць дадатковыя пастаўкі, то дэфіцыт сродкаў можа ўзрасці.
* * *
Германія і Вялікабрытанія шукаюць дадатковыя сродкі СПА для Украіны, таму што ЗША пастаўляюць мала сістэм Patriot і ракет да іх. План для іншых партнёраў хочуць падрыхтаваць да пасяджэння Рамштайна 17 лістапада, заявіў на брыфінгу міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус.
«Сітуацыя, як вы бачыце, складная. З ЗША паступае мала папаўненняў у дачыненні да сістэм Patriot і адпаведных кіруемых ракет. Наша вытворчасць PAC-2 GEM-T у Германіі толькі пачынаецца», — патлумачыў нямецкі міністр.
Так Пісторыус адказаў на пытанне, ці могуць саюзнікі тэрмінова перадаць Украіне ракеты Patriot са сваіх запасаў, як прапаноўваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Па словах міністра, гэтае пытанне абмяркоўвалася і на мінулым тыдні ў Парыжы на сустрэчы міністраў абароны пяці еўрапейскіх краін.
Наступнае пасяджэнне Кантактнай групы па абароне Украіны, вядомай як Рамштайн, павінна адбыцца 17 лістапада ў Бруселі. Да гэтага часу Берлін і Лондан спадзяюцца падрыхтаваць дарожную карту для іншых партнёраў, якія могуць дапамагчы Украіне ўСПА ў найбліжэйшы час.
* * *
Расіяне пачалі прымяняць па Украіне новыя «шахедападобныя» дроны БМ-35 і БМ-70, паведамілі ў Facebook 42-й асобнай механізаванай брыгады і ў 425 асобным штурмавым палку «Скала».
«Расіяне аснасцілі ўдарныя БМ-35 рэактыўнымі рухавікамі, каб атакаваць нашу лагістыку: транспорт, тэхніку і маршруты паставак. І запэўнівалі, што ўкраінскім дронам-перахопнікам такія мэты не дагнаць», — гаворыцца ў паведамленні «Скалы».
Адзначаецца, што хуткасць дронаў — больш за 350 км/г, малыя вышыні і манеўры сапраўды ўскладняюць перахоп.