Украіна гатовая спыніць баявыя дзеянні на ўсіх участках фронту, калі тое ж зробіць Расія
Натхнёныя вельмі ўдалым «перамір’ем Меланіі Трамп» у Алешках Украіна разам з Меланіяй высоўвае прапанову спыніць агонь па ўсяму фронту. Рэакцыі на гэтыя заявы з боку Масквы не паступала, але кіраўнік ЗША Дональд Трамп заяўляе, што сустрэча Пуціна і Зяленскага блізкая. Праўда, наколькі блізкая — не кажа. Ідуць 1712-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 264 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 лістапада.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 13 атак расійцаў у раёнах Цярновай, Старыцы, Радзькоўкі, а таксама ў кірунках Захараўкі і Валохаўскага.
На Ліманскім кірунку спынена 10 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Копанак, Чырвонага Става, Шыйкаўкі, Лімана, Зарэчнага і Данецкага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 17 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі і Мікалаеўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 атак у раёнах Сяргееўкі, Маладзецкага і Навапаўлаўкі, а таксама ў кірунках Сафіеўкі, Тарэцкага, Кучарава Яру, Вольнага, Дабраполля, Новага Донбаса, Біліцкага, Чырвонападдолля, Віраўкі, Мірнага, Васільеўкі, Навападгародняга, Навамікалаеўкі і Белякоўкі.
На Гуляйпільскім кірунку адбіта дзевяць атак, на Паўночна-Слабажанскім кірунку — сем атак.
* * *
У ноч на 1 лістапада Расія атакавала Украіну 433 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (64 — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу Пародыя. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 371 БпЛА тыпу Shahed (47 рэактыўных), Гербера, дронаў іншых тыпаў. Атака працягваецца, больш за 40 ударных беспілотнікаў яшчэ ў паветры, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Позна вечарам 31 кастрычніка расіяне авіяўдарам разбурылі будынак выканкама на плошчы Міру ў Краматорску.
У Абалонскім раёне Кіева абломкі расійскага дрона упалі на тэрыторыю гандлёвага цэнтра, пацярпела 12-гадовая дзяўчынка.
31 кастрычніка расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар з дапамогай дронаў па вуглездабыўных прадпрыемствах «ДТЭК Энерга» ў Днепрапятроўскай вобласці, параненыя трое работнікаў.
Беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод Лукойл-Ніжагароднафтаоргсінтэз у расійскім горадзе Кстоў Ніжагародскай вобласці.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас зносін з украінскімі СМІ ў Стамбуле сказаў, што плануе абмеркаваць з партнёрамі магчымасць надання Украіне 10–30 ракет для супрацьпаветранай абароны з наступным вяртаннем іх за кошт амерыканскага пакета з 500 ракет PAC-3.
«Некалькі разоў у ходзе гэтай вайны мы праводзілі ў рамках розных перамоў аперацыю, калі мы абменьваецеся чэргамі. Я паспрабую гэта зрабіць з некаторымі партнёрамі: калі гэты пакет на 500, мы зможам дзесьці ў кагосьці ўзяць 10, 20, 30 (ракет) падпісаць адпаведныя гарантыі, дамовы, што затым з таго амерыканскага пакета мы будзем вяртаць з якімісьці працэнтамі або, можа, без працэнтаў», — сказаў Зяленскі.
Такая схема дазволіла б Украіне атрымаць частку ракет з запасаў партнёраў раней, чым прыйдуць амерыканскія пастаўкі. Зяленскі адзначыў, што пастаўкі ракет у межах амерыканскай прапановы адкладзеныя на некалькі гадоў з-за асаблівасцей вытворчасці і негатоўнасці ЗША дзяліцца ракетамі са сваіх запасаў. Гэтая хуткасць не дазволіць забяспечыць дастатковы ўзровень абароны ўкраінцаў.
Зяленскі выказаў удзячнасць Злучаным Штатам, і дадаў, што Украіна таксама будзе працягваць працу па атрыманні сродкаў СПА ў межах двухбаковых пагадненняў з еўрапейскімі і іншымі краінамі, паколькі разлічваць толькі на амерыканскія пастаўкі недастаткова.
* * *
* * *
Першая ледзі ЗША Меланія Трамп звязала паспяховае правядзенне гуманітарнай місіі ў часова акупаваных Алешках Херсонскай вобласці з надзеяй на дасягненне ўстойлівага міру. «Надзея на ўстойлівы мір», — напісала яна ў сацсетцы X.
«Алешкі даказваюць: мы здольныя падняць чалавецтва над вайной. Разам мы можам пабудаваць мірную планету — мір, поўны перспектыў для нашых дзяцей», — адзначыла Меланія Трамп.
Да паведамлення першая ледзі ЗША дадала допіс упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрыя Лубінца і відэа вяртання жыхароў часова акупаваных Алешкаў на падкантрольную Украіне тэрыторыю.
* * *
Украіна гатовая спыніць баявыя дзеянні на ўсіх участках фронту ўжо цяпер, калі Расія зробіць тое ж самае, напісаў у Х міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Кіраўнік украінскай дыпламатыі адрэагаваў на паспяховае заканчэнне місіі па эвакуацыі жыхароў акупаваных Алешкаў. «Пасля месяцаў голаду і ізаляцыі ў умовах расійскай акупацыі яны нарэшце знаходзяцца ў бяспецы. Тыя, хто вырашыў застацца, павінны мець бесперашкодны доступ да гуманітарнай дапамогі», — заявіў Сібіга.
«Калі баявыя дзеянні можна спыніць у адным месцы, іх можна спыніць усюды і назаўжды. Украіна гатовая да гэтага. Мы чакаем такой жа гатоўнасці ад Расіі», — лічыць Сібіга.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв'ю The Benny Show заявіў, што Украіна і Расія нібыта наблізіліся да заключэння пагаднення пра заканчэнне вайны. Па яго словах, дамоўленасці могуць быць дасягнутыя ўжо ў найбліжэйшы час.
«Я думаю, што мы вельмі блізкія да пагаднення па гэтым пытанні, і раней я гэтага не казаў. Спачатку я гэтага не казаў. Як вы ведаеце, паміж двума лідарамі была велізарная нянавісць, але я думаю, што мы сапраўдна маем вельмі добрыя шанцы ўрэгуляваць і гэты канфлікт», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Ён таксама намякнуў, што важныя дамоўленасці могуць быць дасягнутыя падчас саміту G20 у снежні. Мерапрыемства павінна прайсці ў рэзідэнцыі Трампа ў Дарале.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін могуць сустрэцца для перамоў ужо праз некалькі тыдняў — падчас саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС), які запланаваны на 18-19 лістапада ў Кітаі, паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё.
Па словах Рубіё, ён правёў перамовы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Бакі абмеркавалі магчымасць сустрэчы амерыканскага і расійскага лідараў.
«Мы коратка абмеркавалі магчымасць сустрэчы нашых лідараў для перамоў на саміце АЦЭС у наступным месяцы», — сказаў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.
У той жа час Рубіё адзначыў, што пакуль невядома, ці прыедзе Пуцін на саміт G20.
Раней Дональд Трамп заяўляў пра намер правесці сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і Пуціным. Аднак канкрэтнага месца і даты такіх перамоў кіраўнік Белага дома не назваў.