15 міфаў пра негвалтоўнае змаганне

Ці можна перамагчы жорсткую тыранію, не ўжываючы гвалту? Ці не паказаў беларускі досвед 2020 года, што спадзявацца на гэта наіўна? Пытанні такога кшталту працягваюць паўставаць у дыскусіях у беларускіх супольнасцях — ды і не толькі ў беларускіх: многія людзі спрабуюць змяніць уладу ў сваіх краінах, і сярод іх ёсць тыя, хто хацеў бы зрабіць гэта без гвалту.

vycinanka_novy_czas7.jpg

Прапануем паразважаць над міфамі, якія назіраем у дыскусіях на гэтую тэму. Пад словам «міф» мы не маем на ўвазе непраўдзівасць сцвярджэння. Мы разумеем пад міфамі ўзоры мыслення, наратывы, стэрэатыпныя ідэі і сюжэты, на якія варта паглядзець крытычна, бо, хоць яны часам успрымаюцца як нешта відавочнае, могуць аказацца калектыўнымі фантазіямі і нават забабонамі.

У якасці асноўнай крыніцы мы разглядаем даследаванні Эрыкі Чэнавет, якая на аснове звестак пра ўзброеныя паўстанні і негвалтоўныя рухі ў розных краінах у ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя прыйшла да высновы, што негвалтоўны грамадзянскі супраціў у сярэднім больш эфектыўны, чым узброеныя паўстанні. Але шырокая вядомасць даследаванняў Чэнавет і яе калегаў, у тым ліку Марыі Стэфан, з якой яна разам напісала кнігу «Чаму грамадзянскі супраціў працуе», часам ідзе рука аб руку з вельмі спрошчаным іх разуменнем. Таму паспрабуем разабрацца, якія менавіта нюансы сусветнага досведу негвалтоўнасці паказваюць гэтыя даследаванні — і чаго яны, з іншага боку, не паказваюць.

Міф 1. «Калі выйдзе мільён…» (альбо 3,5%), то перамога гарантаваная

Ёсць меркаванне, што калі на вуліцы выйдзе вялікая колькасць грамадзян, то перамога над рэжымам гарантаваная. Лічба ў 3,5% паўстала ў першым даследаванні Э. Чэнавет і М. Стэфан. Паводле той базы даных, што складалася са звестак пра ўзброеныя і негвалтоўныя паўстанні па ўсім свеце, якія мелі сваёй мэтай змену ўлады, сыход акупантаў альбо тэрытарыяльную незалежнасць, тыя рухі, колькасць удзельнікаў якіх складала 3,5% і больш ад насельніцтва краіны, заўсёды перамагалі. Колькасць удзельнікаў вызначалася паводле колькасці ўдзельнікаў самай вялікай акцыі.

Да прыкладу, колькасць удзельнікаў Еўрамайдану абазначаная як мільён, бо столькі сабралася ў снежні 2013 года на Майдане ў Кіеве пасля разгону студэнцкай дэманстрацыі «Беркутам», — 2,5% ад насельніцтва Украіны. А адсотак удзелу ў беларускіх пратэстах 2020 года, напэўна, будзе палічаны паводле колькасці тых, хто сабраўся каля стэлы 11 альбо 12 жніўня. То-бок рэальная колькасць удзельнікаў падзеяў можа быць большай за гэтую лічбу ў базе даных, а колькасць тых, хто рэгулярна займаецца актывізмам, — і меншай. 

Глядзіце таксама

Поспехам лічыцца дасягненне мэты змагання на працягу года пасля гэтай «пікавай» акцыі, — амаль незалежна пад уплывам якіх фактараў адбылася змена ўлады, сыход акупантаў ці набыццё тэрытарыяльнай незалежнасці. (Хаця і патрэбна, каб прасочвалася хоць нейкая магчымая сувязь з паўстаннем.)

Паводле гэтых крытэрыяў, першае даследаванне не паказала ніводнай паразы рухаў, адсотак удзельнікаў якіх дасягаў 3,5% насельніцтва краіны, за перыяд з 1900 па 2006 год.

Аднак далейшыя ўдакладненні паказалі два паўстанні, якія даследчыкі не ўключылі ў гэтую сваю базу даных, не знайшоўшы тады інфармацыі пра іх: узброенае паўстанне ў Брунеі ў 1962 годзе, у якім удзельнічалі чатыры тысячы чалавек, што складала 4% насельніцтва, і выступленні супраць караля Хамада ў Бахрэйне ў 2011–2014 гадах, калі ў дэманстрацыях удзельнічала каля ста тысяч чалавек, то-бок больш за 6% насельніцтва, — і гэтыя рухі не перамаглі.

Больш за тое, новыя падзеі ў свеце і новыя даследаванні пачалі паказваць, што ў апошнія дзесяцігоддзі паспяховасць паўстанняў знізілася — прычым і негвалтоўных, і ўзброеных: паспяховасць негвалтоўных знізілася з 53% да 34%, а ўзброеных — з 27% да 7%. Гэткія змены бачныя ў статыстыцы па больш нядаўніх падзеях, у 2006–2019 гадах.

Хаця гіпотэзы, што нібыта яны сутыкаліся з больш аўтарытарнымі ці больш гвалтоўнымі рэжымамі, не пацвердзіліся паводле паказальнікаў дэмакратыі і палітычных забойстваў. Тым не менш, апошнім часам зрынаць рэжымы ўвогуле зрабілася цяжэй — што з гвалтам, што без яго, а велізарная колькасць пратэстоўцаў не прыносіць перамогу над рэжымам аўтаматычна.

Чэнавет мяркуе, што дзеля падвышэння верагоднасці перамогі варта не столькі намагацца дасягнуць выхаду як мага большай колькасці людзей на вуліцу, колькі павялічваць сацыяльную базу пратэсту, каб ён уключаў самыя розныя групы насельніцтва. Важныя таксама арганізацыя, стратэгічнае лідарства, устойлівасць руху і здольнасць падтрымліваць яго імпульс.

Маргарыта Бельджыёза, даследчыца міжнародных адносінаў, бяспекі і вырашэння грамадскіх канфліктаў, разам з Чэнавет праверылі гіпотэзу, натхнёную фізікай, увёўшы тэрмін «імпульс нязгоды». Гэта здабытак удзелу людзей (маса), памножаны на колькасць акцый за тыдзень (хуткасць), — і на прыкладах афрыканскіх краінаў пацвердзілася, што большая «шчыльнасць» акцый у часе, памножаная на колькасць удзельнікаў, звязаная з большай верагоднасцю нерэгулярнага сыходу лідара. То-бок, аказалася, што добра, калі акцыі праходзяць часцей, і калі на іх выходзіць больш людзей, — гучыць не тое каб дзіўна, але вось і адно даследаванне гэта паказала. 

Адна з меркаваных прычынаў зніжэння паспяховасці негвалтоўных паўстанняў — рэжымы напрацавалі больш прадуманыя метады змагання супраць сваіх грамадстваў: ад заканадаўства наконт «інагентаў» да кадравай палітыкі і псіхалагічнай падрыхтоўкі сілавікоў, каб яны не адмаўляліся выконваць загады пад ціскам пратэстоўцаў.

У беларускім выпадку, наколькі мы бачым, асноўным сродкам застрашвання з’яўляюцца не забойствы, а турма. Можна спрачацца, ці ёсць гэта меншай ступенню гвалту, чым палітычныя забойствы. Колькасць людзей на вуліцах пачала імкліва памяншацца, калі пачалі даваць вялікія тэрміны ня толькі лідарам і буйным актывістам, але і звычайным удзельнікам пратэстаў. Перспектыва зняволення, падобна, зрабіла тое, чаго не здолелі дасягнуць масавыя збіцці і катаванні.

Таму дапамога палітвязням і іхнім сем’ям з’яўляецца не толькі добрай справай, але і важным спосабам працягваць змаганне супраць рэжыму.

Міф 2. Гвалт — гэта больш моцны сродак

vycinanka_novy_czas6.jpg

Гэта не даказана... як, праўда, і не напоўніцу даказана адваротнае.

Нам часам уласцівы, так бы мовіць, «збройны ідэалізм»: ідэалізацыя гвалту і яго магчымасцяў, успрыманне яго як чароўнай палачкі, якая адразу выправіць сітуацыю.

Наватарства Чэнавет і Стэфан у тым, што яны аб’ядналі негвалтоўныя і ўзброеныя рухі ў адной базе даных. Раней навукоўцы, якія вывучалі ўзброеныя канфлікты, паўстанні і тэрарызм, не звярталі ўвагі на негвалтоўныя рухі — і, наадварот, тыя, хто вывучаў негвалтоўную барацьбу, факусаваўся толькі на ёй.

Чэнавет першапачаткова вывучала ўзброеныя канфлікты і тэрарызм і спачатку скептычна ставілася да магчымасцяў негвалтоўнага змагання. Ва ўсялякім разе, яна меркавала, што без гвалту немагчыма перамагчы жорстка аўтарытарныя і рэпрэсіўныя рэжымы. Але сабраныя звесткі здзівілі даследчыцу: аказалася, што ў вывучанай выбарцы негвалтоўныя кампаніі ў сярэднім былі значна больш паспяховымі за ўзброеныя паўстанні.

З іншага боку, абмежаванні метаду гэтых даследаванняў не дазваляюць іх абсалютызаваць. Базы даных змяшчаюць падзеі ў мностве розных краінаў на працягу стагоддзя; па кожнай з гэтых падзей можна пісаць тысячы дысертацый, аналізуючы і кантэкст, і прычыны перамог і паразаў. 

Да таго ж, складанасць палягае ў адсутнасці ідэальных тыпаў: цяжка знайсці і выключна негвалтоўны рух, без эпізодаў гвалту (violent flanks) з боку альбо яго ўдзельнікаў, альбо іншай групы, якая дзейнічала адначасова ў ходзе падзеяў, асабліва калі ў вызначэнне гвалту уключаць і пашкоджанне маёмасці, — і напоўніцу гвалтоўны, выключна ўзброены рух: то гэта хіба было б сюжэтам для чорнай камедыі. У рэальнасці, напрыклад, нават ва ўкраінскай барацьбе супраць акупантаў у 2022 годзе цывільнае насельніцтва выкарыстоўвала негвалтоўныя тактыкі. 

Пэўна, часткай міфу пра большую моц гвалту ёсць і ідэя пра гвалт як апошні выхад, калі іншыя сродкі вычарпаныя. Але некаторыя групы былі ўзброенымі з самага пачатку, а не спрабавалі раней дзейнічаць негвалтоўна. Пры гэтым ёсць і выпадкі пераходу ад гвалту да негвалтоўнага дзеяння — і асобных людзей, у тым ліку былых тэрарыстаў, і цэлых групаў. Напрыклад, даследаванне 2008 года пра тэрарыстычныя групы, якія спынілі сваю дзейнасць, паказала, што 43% з іх перайшлі ад тэрарызму да палітычных метадаў змагання, 40% былі знішчаныя ў выніку паліцэйскіх мер — арыштаў і забойстваў лідараў і буйных тэрарыстаў, 7% пацярпелі ваенную паразу, і яшчэ 10% дасягнулі сваёй мэты.

Хаця, з другога боку, эпізоды гвалту часам узнікаюць, калі негвалтоўны рух доўга не дае вынікаў. Даследчыкі, аднак, адзначаюць, што такія эпізоды могуць шкодзіць рухам, так што можна тут успрымаць гвалт не як сілу, а як азнаку фрустрацыі.

Увогуле ж роля эпізодаў гвалту ў негвалтоўных паўстаннях — вялікая і складаная тэма: ці спрыяюць яны перамозе, ці, наадварот, перашкаджаюць — на гэты конт у даследчыкаў няма адназначнага адказу.

Успрыняцце гвалту як больш моцнага сродку спрычыняецца да ідэі пра надзвычайную моц тыраній і пра тое, што дыктатуру можна зрынуць толькі ўзброеным шляхам. Але некаторыя даследчыкі паказваюць, што вядома мала выпадкаў, калі дыктатуру зрынулі ўзброеным шляхам і пры гэтым усталявалі дэмакратыю.

Міф 3. Негвалтоўны супраціў не працуе супраць жорсткіх рэжымаў

vycinanka_novy_czas4.jpg

Як мы ўжо згадалі, так першапачаткова лічыла і сама Чэнавет. Але стэрэатып, што нібыта негвалтоўныя рухі ўзнікаюць і перамагаюць толькі пры рэжымах слабых, некампетэнтных ці не гатовых прымяняць масавы гвалт, не пацвярджаецца. Прынамсі, «слабасць» рэжыму — гэта тое, што ў значнай ступені канстатуецца постфактум, пасля таго, як рэжым, які перад гэтым падаваўся «моцным», пераможаны.

Негвалтоўныя паўстанні ўдвая часцей перамагаюць ва ўмовах рэпрэсій з забойствамі. Таксама менавіта негвалтоўныя рухі, а не ўзброеныя, узмацняюцца ў адказ на рэпрэсіі. Гэткі эфект называюць backfire. Яго прыкладамі з’яўляюцца і выхад мільёну чалавек на Майдан Незалежнасці ў Кіеве у снежні 2013 пасля жорсткага збіцця на ім пратэстоўцаў-студэнтаў, а таксама надзвычай масавы выхад сотняў тысячаў беларусаў на вуліцы ў жніўні 2020 пасля масавых катаванняў 9-12 жніўня.

Міф 4. Негвалтоўнае змаганне — гэта толькі падкрэслена мірны пратэст (з умоўнымі кветачкамі і шарыкамі)

Негвалтоўным з’яўляецца рух, абсалютная большасць удзельнікаў якога дзейнічае без зброі, не спрабуе забіваць апанентаў ці іншым чынам наносіць ім фізічную шкоду і не пагражае гэтым. Гэта не заўсёды падкрэслена мірныя дзеянні: напрыклад, у Джына Шарпа згадваюцца не толькі дзеянні кшталту «грубых жэстаў» і «перакрыцця дарог», але і «негвалтоўны захоп зямлі», «негвалтоўны захоп каштоўнасцяў» і нават «негвалтоўная акупацыя». У ягонай класіфікацыі сапраўды ёсць вельмі шырокі спектр метадаў негвалтоўнага дзеяння — ад сімвалічных акцый да непасрэднага ўмяшання ў працу існуючай сістэмы.

Мы не заклікаем менавіта да такіх дзеянняў і не адмаўляем, што яны ёсць парушэннем грамадскага парадку, але заклікаем быць уважлівымі з вызначэннем гвалту. Мяжа, за якой пачынаецца гвалт, — пытанне, якія метады можна лічыць ужо гвалтоўнымі, — дыскусійнае. Характэрны прыклад — спрэчкі пра тое, ці з’яўляецца кіданне камянёў гвалтоўным дзеяннем. Джэрэмі Прэсман, даследчык негвалтоўнага супраціву і палітычнага гвалту, аргументуе, што кіданне камянёў лепш разглядаць як неўзброены гвалт, паколькі яно можа прычыняць фізічныя пашкоджанні. Мы падзяляем гэтае меркаванне (хаця і цікава, што палесцінскі мірны актывіст Алі Абу Аваад — якога вельмі раім чытаць ці слухаць у плане негвалтоўнага процістаяння гвалту — разважае пра феномен падлеткаў, якія кідалі камяні ў браніраваныя машыны). Але пры гэтым мы лічым, што негвалтоўнай можа быць фізічная самаабарона, калі ставіцца мэта пры ёй не забіць і не пакалечыць праціўніка.

Таксама мы згодныя з заўвагай Міколы Дзядка, што гвалт, фізічны ці псіхалагічны, можа быць скіраваны толькі супраць жывой істоты, напрыклад, чалавека ці жывёлы, а не супраць прадмета, так што не ўсе агрэсіўныя дзеянні пратэстоўцаў можна назваць гвалтам: «Немагчыма згвалціць клумбу альбо аўтамабіль». На наш погляд, пашкоджанне маёмасці можна лічыць гвалтам толькі калі гэта робіцца дзеля таго, каб прычыніць псіхалагічны ўрон ці ў якасці пагрозы. 

Таму, напрыклад, падпальванне адміністрацыйнага будынку ўначы мы схільныя не лічыць гвалтам, калі ў гэтым будынку дакладна нікога няма. Што, канешне, не азначае законнасці ці слушнасці такіх дзеянняў. 

У беларускім выпадку можна ўспомніць дыскусію, ці варта было штурмаваць Акрэсціна ў жніўні 2020 года, і ці правільна зрабілі тыя лідары і актывісты, якія спынялі людзей, бо лічылі (і зараз лічаць), што гэта прывяло б да шматлікіх ахвяраў.

Цікавасць для нас у гэтай дыскусіі яшчэ і ў тым, што абодва бакі выступаюць за негвалтоўны супраціў, калі ацэньваць іх пазіцыі паводле крытэрыяў негвалтоўнасці, якімі карыстаюцца Чэнавет і яе калегі. Калі супаставіць, напрыклад, погляды Марыі Калеснікавай і Вольгі Кавальковай і, з іншага боку, Яўгена Афнагеля, то бачна, што спрэчка ідзе збольшага не паміж негвалтоўным супрацівам і ўзброеным, а паміж рознымі вобразамі негвалтоўнага дзеяння. 

Яўген Афнагель адзначае: «Мы часта блытаем мірны пратэст і нерашучасць. Негвалтоўны пратэст уключае ў сабе заняццё будынкаў, перакрыццё вуліц, актыўныя дзеянні, якія прыносяць перамогу кожны дзень, забастоўку, абарону сваіх заўсёды і паўсюль (…) Я не кажу пра «брацца за вілы», я кажу пра мірны, негвалтоўны, але рашучы пратэст».

Такім чынам, бывае складана вызначыць межы негвалтоўнасці. Але іх варта вызначаць для сябе, калі спрабуем жыць і змагацца негвалтоўна.

Міф 5. Негвалтоўны — значыць, пасіўны

Яшчэ такі класік тэорыі і практыкі негвалтоўнасці, як Гандзі, не любіў, калі негвалтоўны супраціў называлі пасіўным. Наадварот, гэта менавіта дзеянне, актыўнасць, якая патрабуе адвагі. Хаця некаторыя метады негвалтоўнага дзеяння можна назваць пасіўнымі: калі, напрыклад, людзі не ідуць на працу, а застаюцца дома, альбо адмаўляюцца ад дзеянняў, якія навязвае ўлада, да прыкладу, ад удзелу ў праўладных мерапрыемствах, — але і гэта вымагае рашучасці. 

Ну а большасць метадаў негвалтоўнага дзеяння, хаця б з пазначаных ва ўжо згаданай кнізе Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі» (а там далёка не поўны спіс, што і аўтар прызнаваў у той жа кнізе), ёсць відавочна актыўнымі.

Глядзіце таксама

Міф 6. Поспех негвалтоўнай барацьбы залежыць ад добрай волі апанента

Напэўна, гэта звязана з ідэяй, што негвалтоўны супраціў працуе праз перакананне, — а значыць, яго паспяховасць залежыць ад таго, ці ўдасца нам пераканаць улады.

Але, на шчасце, негвалтоўнае дзеянне часта перамагае не таму, што апанент згаджаецца і саступае добраахвотна (хоць гэта таксама не выключана). Негвалтоўнае дзеянне стварае ціск, уздзейнічае на расстаноўку сілаў і мяняе яе. Прынамсі, вялікае значэнне мае ўздзеянне на апірышчы ўлады ў грамадстве.

Міф 7. Негвалтоўнасць — гэта кампраміс

Праз гэты міф негвалтоўнасць выклікае абурэнне: маўляў, як можна згаджацца са злом; няўжо, напрыклад, варта ісці на кампраміс з рабаўніком, прапанаваць яму ўзяць не ўсё, а толькі палову таго, што ён хоча адабраць сілком?

Але негвалтоўнасць не азначае абавязкова кампраміс ці згоду з несправядлівасцю. Гандзі сярод прынцыпаў пазначаў: «Скараціць свае патрабаванні да мінімуму, але ніколі не саступаць у галоўным». Кампрамісы адыгрываюць вялікую ролю ў вырашэнні канфліктаў — але і ўзброеных таксама. Ці ёсць падставы лічыць лідараў і актывістаў, якія дзейнічаюць негвалтоўна, больш схільнымі да занадта вялікай ступені кампрамісу — гэта хіба можа быць прадметам асобных даследаванняў.

Міф 8. Негвалтоўны супраціў бяспечны

Яшчэ першае даследаванне Чэнавет і Стэфан  паказала, што большасць негвалтоўных рухаў сутыкалася з рэпрэсіямі. У негвалтоўным супраціве людзі і пакутуюць, і гінуць. 

Глядзіце таксама

Пэўны вынік міфу пра бяспечнасць пратэсту выяўляецца ў сцвярджэннях кшталту: «Мірны пратэст — гэта прывілей тых, хто знаходзіцца ў бяспецы». Але людзі негвалтоўна змагаюцца і ў сітуацыях войнаў і крывавых канфліктаў, на што ёсць асобная база даных Чэнавет з калегамі — пра негвалтоўнае дзеянне ў гвалтоўных кантэкстах.

Міф 9. Негвалтоўны супраціў больш небяспечны за ўзброены

vycinanka_novy_czas2.jpg

Сутыкаючыся з жорсткасцю ўладаў у дачыненні да бяззбройных актывістаў, мы часам думаем, што зброя абараніла б іх ад гвалту з боку ўладаў. Але ж узброеных паўстанцаў таксама забіваюць. Больш за тое, гвалтоўнасць супраціву ў тры разы падвышае верагоднасць масавых забойстваў, згодна з данымі даследавання; а большасць масавых забойстваў здзяйсняецца тымі, хто задушвае ўзброеныя паўстанні. 

Сярод іншых фактараў, якія падвышаюць верагоднасць масавых забойстваў, паводле гэтых жа даных, — калі мэтай руху ёсць змена ўлады (а не тэрытарыяльная незалежнасць ці сыход акупантаў); калі рух атрымлівае замежнае фінансаванне; калі ёсць некалькі рухаў супраціву, якія канкуруюць паміж сабой; калі ў краіне раней ужо былі масавыя забойствы, і інш. 

Да гэтых даных трэба ставіцца вельмі ўважліва і нюансавана: мы не будзем рабіць выснову, што нібыта супраціў у іншых краінах нельга падтрымліваць, і ўвогуле нельга бунтаваць супраць дыктатара: некаторыя рэчы, у тым ліку змаганне за свабоду, маюць сэнс, нават калі яны небяспечныя. Тым не менш, варта звярнуць увагу на парадокс: супраціў, які застаецца паслядоўна негвалтоўным і абапіраецца на насельніцтва краіны, а не на замежныя сілы, больш бяспечны. Таксама негвалтоўны супраціў, у адрозненні ад узброеных паўстанняў, даволі бяспечны для тых, хто ў ім не ўдзельнічае.

Людзі гінуць і ў негвалтоўным супраціве, і ва ўзброеным. Але ў негвалтоўным змаганні гіне ўсё ж у шмат разоў менш.

Гэтая статыстыка не палепшыць лёс тых, хто страціў жыццё ці блізкага чалавека… Але мо і крыху палепшыць: калі ахвяраў менш, то можна як мінімум даць кожнай ахвяры больш увагі?

Міф 10. Негвалтоўны — значыць, пацыфісцкі

Людзі выкарыстоўваюць негвалтоўныя метады барацьбы не толькі з пацыфісцкіх перакананняў. Пацыфісты і прынцыповыя апалагеты негвалтоўнасці складаюць толькі частку ўдзельнікаў негвалтоўных рухаў. Бывае і так, што рыторыка і стылістыка ў людзей нават і ваяўнічая, але калі паглядзець на метады і тэхналогіі іхняга змагання на практыцы, то яно паводле вызначэння будзе негвалтоўным.

Глядзіце таксама

Міф 11. Негвалтоўны — значыць добры, гуманны ці прагрэсіўны

Ісламская рэвалюцыя ў Іране 1979 года, рухі супраць абортаў, антыімігранцкія пратэсты, «Антымайдан», нізавы правы рух «tea party» у ЗША — якія б з гэтых рухаў вам не здаваліся з’явай негатыўнай, іх аб’ядноўвае тое, што ў іх выкарыстоўваліся негвалтоўныя метады.

Негвалтоўны рух не азначае аўтаматычна, што ён за нешта добрае, свабоднае і прагрэсіўнае; негвалтоўныя метады выкарыстоўваюць людзі з рознымі ідэямі, у розных мэтах.

 Міф 12. Узброены — значыць, радыкальны, а негвалтоўны — памяркоўны

Гатоўнасць да гвалту нярэдка асацыюецца з радыкалізмам. Але гэта розныя рэчы. Радыкальны — ад лацінскага слова «radix», якое азначае «корань», то-бок у плане ідэй радыкальнасць азначае, што такія ідэі прадугледжваюць нейкія карэнныя пераўтварэнні. Узброеныя людзі, ці людзі, гатовыя да прымянення гвалту, і праўда могуць мець радыкальныя перакананні — але далёка не заўсёды. Часам іхнія патрабаванні вельмі памяркоўныя. З іншага боку, чалавек можа быць прынцыповым пацыфістам і пры гэтым падзяляць вельмі радыкальныя ідэі (напрыклад, анарха-пацыфізму). Ёсць і меркаванні, што насамрэч радыкальнай ёсць негвалтоўнасць.

Міф 13. Паспяховасць негвалтоўнага змагання прыніжае подзьвіг тых, хто ўзяўся за зброю

Апалогія негвалтоўнасці можа раздражняць тых, хто, напрыклад, падтрымлівае ўкраінскую ўзброеную барацьбу супраць акупантаў — як быццам тэарэтычная магчымасць змагацца негвалтоўна абавязвае ўсіх абіраць менавіта гэты шлях! Але ж на практыцы няма гарантый і гатовага рэцэпта на ўсе выпадкі жыцця, і перавагі негвалтоўнасці не перашкаджаюць шанаваць гераізм тых, хто абараняе жыццё іншых людзей, сваю і іхнюю свабоду са зброяй у руках.

Міф 14. Параза пратэстаў 2020 даказвае, што мірны пратэст не працуе

vycinanka_novy_czas1.jpg

Тэрмін «параза» мы ўжываем тут таму, што кампанія 2020, калі яе ацэньваць паводле крытэраў базы даных Чэнавет, пройдзе менавіта як параза, бо яна не дасягнула сваіх мэтаў. Але гэта аніразу не азначае, што беларусы не здабудуць перамогу ў будучыні. Як варыянт — у бліжэйшай будучыні і негвалтоўным чынам. 

Ды й паводле такой жа логікі паразы ўзброеных паўстанняў павінныя паказваць, што зброя не працуе — але чамусьці не прынята рабіць такую выснову.

Міф 15. «Хто робіць негвалтоўную рэвалюцыю немагчымай, той робіць гвалтоўную рэвалюцыю непазбежнай»

Сцвярджэнне лагічнае, бо няўдаласць спробаў перамагчы негвалтоўна можа навесці на думку, што мо гвалт спрацуе лепей. Але тут ёсць апрыёрны фаталізм: не толькі ў рамантычным плане, што людзі не спыняць барацьбы, — але і ў плане таго, што яны пры гэтым абавязкова расчаруюцца ў негвалтоўнасці і абяруць гвалт, — ну і, нарэшце, што гвалт пераможа.

Але ніводзін з гэтых сцэнароў не гарантаваны. Людзі могуць і спыніць змаганне. Ці пацярпець паразу — прычым як прымяняючы гвалт, так і не. Нарэшце, магчыма, экстрэмальны гвалт не спыніць ані змагання, ані яго негвалтоўнага характару (звернем увагу на тое, што самыя масавыя падкрэслена мірныя пратэсты жніўня-верасня 2020 адбыліся пасля масавага гвалту з вычварнымі катаваннямі). Сцвярджэнні Екацярыны Шульман, што ў сацыяльным жыцці няма нічога прадвызначанага ці непазбежнага,  выклікаюць у нас давер таму, што супадаюць з праваслаўным хрысціянскім вучэннем пра свабодную волю чалавека; як ні стаўся да гэтага рэлігійнага тэзісу, усё ж відавочна, што ў грамадстве дзейнічае мноства людзей з самымі разнастайнымі матывамі, і таму бывае так цяжка прадказаць учынкі людзей і сацыяльныя з’явы.

Можа, менавіта таму ў сучасным свеце, пры ўсіх трывожных для прыхільнікаў адкрытага грамадства тэндэнцыях, такіх як і змяншэнне індэксу дэмакратыі ў сярэднім па свеце, і зніжэнне паспяховасці пратэсту, прынамсі негвалтоўнага, — ёсць і добрая з нашага пункту гледжання навіна: негвалтоўных выступленняў у апошнія дзесяцігоддзі рабілася ўсё больш, і значна большая, чым раней, колькасць людзей у іх ўдзельнічала. 

Парадаксальна, але мы можам сказаць, што зараз жывем у эпоху росквіту негвалтоўнага палітычнага змагання, і спадзявацца, што няпростыя часы, рызыкі і ахвяры не прымусяць людскія супольнасці адмовіцца ані ад свабоды і барацьбы за яе, ані ад гуманнасці і негвалтоўнасці.

Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны наступныя крыніцы. Магчыма, вам будзе цікава азнаёміцца з імі самастойна:

1. Erica Chenoweth. Questions, Answers, and Some Cautionary Updates Regarding the 3.5% Rule. Harvard Kennedy School, Carr Center Discussion Paper, April 2020.

2. Erica Chenoweth. The Future of Nonviolent Resistance. Journal of Democracy, July 2020, Vol. 31, No. 3, pp. 69–84.

3. Erica Chenoweth, Evan Perkoski, Sooyeon Kang. State Repression and Nonviolent Resistance. The Journal of Conflict Resolution, Vol. 61, No. 9, Special Issue Title: 60th Anniversary Issue (October 2017), 2017.

4. Erica Chenoweth, Christopher Wiley Shay. Updating nonviolent campaigns: Introducing NAVCO 2.1 Journal of Peace Research, Vol. 59, No. 6 November 2022.6. Seth G. Jones, Martin C. Libicki. How Terrorist Groups End: Lessons for Countering al Qa'ida. RAND Corporation, 2008.

5. Véronique Dudouet. Dynamics and Factors of Transition from Violent to Nonviolent Struggle. Journal of Peace Research, 2013, Vol. 50, No. 3, pp. 401–413.

6. Renee Garfinkel. Personal Transformations: Moving From Violence to Peace. United States Institute of Peace, Special Report 186, April 2007.

7. Erica Chenoweth. The Role of Violence in Nonviolent Resistance. The Annual Review of Political Science, 26:55–77, 2023    polisci.annualreviews.org 

8. Evan Perkorski / Erica Chenoweth. Nonviolent Resistance and Prevention Of Mass Killings During Popular Uprisings. International Center of Nonviolent Conflict, Special report series, volume No. 2, April 2018 https://www.nonviolent-conflict.org/nonviolent-resistance-and-prevention-of-mass-killings/ 

9. ON THE DECLINING SUCCESS OF NONVIOLENT RESISTANCE – лекцыя Эрыкі Чэнавет, Cyril Foster Lecture, 2024

10. МОЖНО ЛИ СВЕРГНУТЬ ДИКТАТУРУ ВООРУЖЕННЫМ ПУТЕМ? — відэа Уладзіміра Мілова