Пуцін у 16-ты раз адклаў дату поўнага захопу Данецкай вобласці
Па даных Bloomberg, Пуцін чакае захопу рэгіёна ў бліжэйшыя шэсць месяцаў — да канца лютага. Гэта ўжо 16-ты перанос дэдлайну, апошні раз ён збіраўся захапіць Данбас да канца гэтага года. Тым не менш, кіраўнік Расіі не збіраецца заканчваць вайну ва Украіне, і пагражае яшчэ адной вайной захаду. А разведка Брытаніі пацвердзіла шалёныя страты РФ на фронце. Ідуць 1662-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 верасня.
На Пакроўскім кірунку зафіксавана 29 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Дарожнае, Чарнігаўка, Светлае, Святагораўка, Грышына, Мацяшава, Васільеўка, Сяргееўка, Удачнае і Навапаўлаўка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка і ў бок Асінава, Дружкіўкі, Іллінаўўкі, Мікалаеўкі, Вільнага, Сцёпаў і Паўлаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 10 атак расіян у бок населеных пунктаў Ліман, Казача Лопань, Сіманаўка, Вільча і Камісарава.
На Ліманскім кірунку расійцы сем разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Наваегараўкі, Навасёлаўкі, Дробышава, Ліман і Дзіброва.
На Купянскім і Гуляйпольскім кірунках расійцы атакавалі па шэсць разоў на кожным.
* * *
У ноч на 12 верасня расійскія войскі атакавалі Запарожжа ўдарнымі беспілотнікамі. У выніку траплення ў жылы сектар адзін чалавек загінуў, ёсць пацярпелыя і разбурэнні.
У ноч на 12 верасня армия РФ атакавала Крывы Рог балістычнымі ракетамі з некалькіх напрамкаў. У выніку расійскага ракетнага ўдару па прамысловым прадпрыемстве адзін чалавек загінуў, яшчэ двое атрымалі раненні.
Раніцай 12 верасня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэсе. У выніку атакі пашкоджаны шматпавярховы жылы дом, пацярпелі шэсць чалавек.
У выніку атакі на Дняпро ўзнік пажар на адным з прамысловых прадпрыемстваў горада, па папярэдніх даных абышлося без пацярпелых.
У ноч на 12 верасня беспілотнікі атакавалі аб'екты ў Самарскай і Растоўскіх абласцях РФ. У Тальяці Самарскай вобласці пад удар мог патрапіць хімічны завод «КуйбышаўАзот». У Таганрозе Растоўскай вобласці быў атакаваны ваенны аэрадром «Таганрог-Цэнтральны», на якім базіруецца 708-ы ваенна-транспартны авіяцыйны полк РФ.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў ходзе размовы з Фарыдам Закарыяй на сустрэчы «Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі» паведаміў, што Украіна здольная адказваць на расійскія ўдары.
«Украіна навучылася знаходзіць магчымасці годна адказваць на расійскія ўдары. Я не параўноўваю гэта з тымі гуманітарнымі катастрофамі, якія яны сёння ўладкоўваюць. Украіна такога не робіць. Але тым не менш Украіна здольная адказаць Расіі на любую іх аперацыю.
Расія ведае, што калі яны будуць наносіць ўдары — а яны рыхтуюцца зімой наносіць удары па нашай энергетычнай сістэме, — Расія атрымае тое ж самае. Калі яны будуць уладкоўваць нам блэкауты, мы пастараемся адказаць ім годна», — заявіў Зяленскі.
Ён адзначыў, што ёсць альтэрнатыва ўдарам — перагаворы.
* * *
* * *
Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін у каментары расійскім прапагандыстам пасля саміту БРІКС у Дэлі заявіў, што размяшчэнне ваеннага кантынгенту еўрапейскіх краін на тэрыторыі Украіны будзе азначаць вайну з Расіяй.
Падчас свайго выступлення Пуцін звярнуўся да адкрытых пагроз у адрас еўрапейскіх дзяржаў, абвінаваціўшы іх лідараў у нібыта падбухторванні да прамога сутыкнення з РФ. Абмеркаванне гарантый бяспекі для Украіны ён прадставіў як спробу перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны. «Яны хочуць перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны? Да чаго яны зараз падштурхваюць народы сваіх краін? Да вайны з Расійскай Федэрацыяй? Зараз яны гавораць, што думаюць пра тое, як бы ўвесці войскі на тэрыторыю Украіны. Гэта азначае вайну з Расіяй», — заявіў Пуцін.
Адразу пасля пагроз глава Крамля заявіў, што Расія нібыта «ніколі не пагражала» еўрапейцам, а пагрозы з боку Масквы нібыта з'яўляюцца выдумкай. «Ды няма такой пагрозы і ніколі не было. Мы не пагражаем, не збіраемся пагражаць еўрапейскім краінам. З якога перапуду? Ніхто нават не задумваецца аб тым, што ў нас няма падстаў для якога-небудзь канфлікту з Еўропай», — заявіў Пуцін.
Кіраўнік РФ у чарговы раз паўтарыў набор прапагандысцкіх клішэ для апраўдання расійскіх ваенных злачынстваў. Ён назваў Рэвалюцыю Годнасці «крывавым дзяржаўным пераваротам», пасля якога Украіну нібыта пачалі «ўцягваць» у НАТА, і што гэта нібыта «стала першапрычынай цяперашніх падзей».
Пуцін таксама высунуў чарговыя канспіралагічныя тэзісы, абвінаваціўшы «заходнія глабалісцкія эліты» ў «спробах знішчыць Расію з дапамогай тэрарызму на Каўказе» ў мінулым, а цяпер — з дапамогай «неанацысцкага рэжыму» ва Украіне.
* * *
Крэмль зноў адклаў тэрміны поўнага захопу Данецкай вобласці Украіны, якую кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін патрабуе ўзяць пад кантроль з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Па даных Bloomberg, Пуцін чакае захопу рэгіёна ў бліжэйшыя шэсць месяцаў — да канца лютага. Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Павел Паліса сцвярджаў, што расійскія ваенныя просяць перанесці дэдлайн на 31 сакавіка наступнага года.
Тэрміны захопу Данбаса Расія пераносіла ўжо неаднойчы. У жніўні мінулага года ваеннае камандаванне абяцала Пуціну захапіць вобласць да сярэдзіны чацвёртага года вайны. Вясной 2026 года дэдлайн перанеслі на восень, а летам ваенныя заяўлялі, што Данбас цалкам пяройдзе пад кантроль РФ да канца года.
У жніўні расійскія войскі прасоўваліся ў Данбасе з хуткасцю 2,36 кв. км у суткі. Пры такім тэмпе, па падліках амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), рэгіён можа перайсці пад кантроль Крамля не раней за кастрычнік 2032 года.
Эксперты ISW адзначаюць, што ўяўленні Пуціна аб сітуацыі на полі бою заснаваны на «выдуманай рэальнасці», якая, верагодна, з'яўляецца вынікам хранічнай хлусні вышэйшага ваеннага камандавання.
* * *
Палата прадстаўнікоў ЗША прызначыла на панядзелак пасяджэнне для разгляду маштабнага законапраекта аб санкцыях супраць Расіі аўтарства нябожчыка Ліндсі Грэма, які сенатары падтрымалі ў жніўні, паведамляе Reuters.
Politico адзначае, што дакумент чакае складанае выпрабаванне: дэмакраты асцерагаюцца, што ён надасць прэзідэнту Дональду Трампу празмерныя паўнамоцтвы ў сферы мытнай палітыкі. Дакумент дазволіць Трампу ўводзіць 100% мыты супраць найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты. Гэта выклікае занепакоенасць дэмакратаў, улічваючы гатоўнасць Белага дома прымяняць мыты як супраць саюзнікаў ЗША, так і супраць іх праціўнікаў.
Энтузіязм рэспубліканцаў Палаты прадстаўнікоў наконт дакумента таксама даволі стрыманы. Пасля раптоўнай смерці Ліндсі Грэма падтрымка дакумента на некаторы час узмацнілася, аднак гэты імпульс згас. Прыхільнікі дакумента сцвярджаюць, што ён дасць Трампу інструменты, неабходныя для ціску на расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна з мэтай прымусіць яго спыніць вайну супраць Украіны.
* * *
У паўнамаштабнай вайне супраць Украіны загінула каля 500 тысяч расійскіх ваеннаслужачых, а агульныя страты арміі РФ разам з параненымі дасягнулі прыкладна 1,5 млн чалавек, заявіў начальнік штаба абароны Вялікабрытаніі Рыч Найтан у размове з журналістамі, паведамляе Sky News.
«Гэтыя лічбы выразна ілюструюць бессэнсоўную і марную трату чалавечых жыццяў», — заявіў ён.
Брытанскі ваенны таксама падкрэсліў, што Расія плаціць высокую цану не толькі чалавечымі жыццямі. «Страты для расійскай эканомікі, дабрабыту і перспектыў яе насельніцтва каласальныя», — дадаў ён.