Рэпрэсіі за скаргі ў TikTok, прысуд кіраўніцы «Парасона» і пераслед замежнікаў. Хронікі рэпрэсій
У Беларусі міліцыя наведвае людзей, якія запісваюць відэазвароты пра мясцовыя праблемы і дасылаюць іх у TikTok-паблікі. Да пяці гадоў калоніі асудзілі кіраўніцу незалежнай культурнай прасторы «Парасон». Таксама стала вядома пра прысуд 23-гадоваму грамадзяніну Украіны. Паводле праваабаронцаў, палітычны пераслед у Беларусі закранае не толькі грамадзян краіны, але і замежнікаў, а ціск на былых палітвязняў працягваецца і пасля вызвалення.

Масавыя візіты міліцыі на Віцебшчыне да людзей, якія шукалі праўды ў TikTok
За апошнія два месяцы на Віцебшчыне зафіксавалі як мінімум чатыры выпадкі, калі міліцыянты прыходзілі да людзей, якія запісвалі відэазвароты пра праблемы з камунальнымі паслугамі і іншыя мясцовыя пытанні або дасылалі такія ролікі ў рэгіянальныя TikTok-паблікі, паведамляе Telegram-канал "Віцебск, я гуляю! | Навіны Віцебска".
У двух выпадках у людзей забралі тэхніку на экспертызу.
Пры гэтым з TikTok знікаюць відэазвароты да Лукашэнкі. Сярод іх — ролік жыхаркі Дуброўна, якая расказвала пра свайго 18-гадовага сына, што падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расіі.
23-гадовага ўкраінца асудзілі да двух гадоў калоніі, верагодна, за фота ваеннай тэхнікі
У Мінскім гарадскім судзе 23-гадовага грамадзяніна Украіны Максіма Сяменьчанку асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 22 500 рублёў. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Дакладныя абставіны абвінавачання невядомыя. Падставай для пераследу маглі стаць дзеянні, звязаныя з перадачай фотаздымкаў ваеннай тэхнікі ў чаты, якія маюць дачыненне да Узброеных сіл Украіны.
Вядома, што Максім мае захворванні, якія патрабуюць медыкаментознага лячэння. Ці атрымлівае ён неабходную дапамогу ў калоніі, невядома.
За апошні год у Беларусі за падобныя дзеянні асудзілі як мінімум трох грамадзян Украіны.
Паводле звестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», з 2020 года ў Беларусі пад палітычна матываваны крымінальны пераслед трапіў як мінімум 121 замежны грамадзянін. На сёння 24 з іх застаюцца за кратамі.
Сярод палітвязняў — грамадзяне Польшчы, Украіны, Расеі, Чэхіі і Літвы.
У прыватнасці, двое грамадзян Літвы асуджаныя да чатырох і 15 гадоў калоніі. На літоўска-беларускай мяжы нядаўна з'явіліся плакаты з папярэджаннем пра небяспеку паездак у Беларусь.
Кіраўніцу прасторы «Парасон» асудзілі да пяці гадоў калоніі
10 лістапада Мінскі гарадскі суд вынес прысуд культурнай менеджарцы, кіраўніцы незалежнай творчай прасторы «Парасон» Інзе Казючыц. Яе асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 2000 базавых велічыняў, паведамляе «Вясна».
«Парасон» — незалежная творчая і культурна-адукацыйная прастора ў Мінску, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры і мовы. Там праводзілі курсы народных рамёстваў, лекцыі пра беларускую гісторыю, кіно і тэатр, майстар-класы, квізы і культурніцкія сустрэчы, прысвечаныя беларускім традыцыям і фальклору.
Лагатып з дзяўчынай у сонцаахоўных акулярах на фоне гор і возера дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На гэты раз у яго трапілі:
- Instagram: акаўнты і лагатыпы «prokopieva.by» і «liza denisjuk»;
- TikTok: акаўнт «Белый».
Палітычны пераслед у Беларусі працягвае пашырацца і закранае не толькі тых, хто знаходзіцца ў краіне
Паводле справаздачы Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), на 26 верасня 2026 года ў зняволенні заставаліся 881 палітвязень, а агульная колькасць прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года дасягнула 8773.
За паўгода ў «спіс экстрэмістаў» дадалі не менш за 412 чалавек, а 36 арганізацый прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Пад пераслед трапілі, сярод іншых, ЕГУ і Беларускі Хельсінкскі камітэт. У справе ЕГУ праз ператрусы, допыты і крымінальны пераслед прайшлі 110 чалавек.
Асобная тэндэнцыя — ціск на вызваленых: прафілактычны ўлік, нагляд, абмежаванне выезду, ануляванне пашпартоў і праблемы з працаўладкаваннем. Больш за 5000 беларусаў таксама фігуруюць у вышуковых спісах СНД і Расіі.