Футбол і венгерская рэвалюцыя: як паражэнне стала палітычным пратэстам
4 ліпеня 1954 года Венгрыя прайграла фінал чэмпіянату свету па футболе. Увечары тысячы людзей выйшлі на вуліцы Будапешта. Спачатку яны абураліся гульнёй зборнай, але неўзабаве пратэст ператварыўся ў выступ супраць камуністычнай улады. Праз два гады краіну ахапіла рэвалюцыя. Чаму футбольная параза стала адным з першых сігналаў палітычнага крызісу?

Венгерская зборная перад матчам з Англіяй на стадыёне «Уэмблі», 25 лістапада 1953 года. У той дзень венгры перамаглі з лікам 6:3. Фота: Fortepan / Kovács József. Ліцэнзія: CC BY-SA 3.0. Крыніца: Fortepan.
На пачатку 1950-х гадоў венгерская зборная была адной з самых моцных футбольных каманд свету. Пад кіраўніцтвам трэнера Густава Шэбеша яна ператварылася ў калектыў, які перамагаў не толькі за кошт майстэрства асобных ігракоў, але і тактычнай арганізацыі. Дасягненні каманды, якая атрымала назву «Залатая» — Aranycsapat, сталі прадметам нацыянальнага гонару: у лістападзе 1953 года венгры перамаглі Англію на «Уэмблі» з лікам 6:3, а ў маі наступнага года разграмілі англічан у Будапешце — 7:1. Да пачатку чэмпіянату свету 1954 года зборная не прайгравала ўжо 32 матчы запар.
Камуністычная ўлада, вядома, не магла пакінуць усё гэта без ідэалагічнага суправаджэння. Перамогі зборнай абвяшчаліся дасягненнямі сацыялістычнага ладу. Футбалісты станавіліся дыпламатамі без партфеляў, а галы — аргументамі на карысць палітычнай сістэмы.
Але ў гэтай прапагандысцкай канструкцыі была адна хіба. Перамога належала футбалістам, а яе палітычныя дывідэнды забірала дзяржава. І пакуль зборная выйгравала, ніхто асабліва не пярэчыў. Праблемы пачыналіся ў той момант, калі трэба было падзяліць адказнасць за паражэнне.
4 ліпеня 1954 года ў фінале чэмпіянату свету венгры сустрэліся з камандай ФРГ. На групавым этапе яны ўжо разграмілі заходніх немцаў з лікам 8:3, і таму вынік фіналу многім здаваўся прадвызначаным. У першыя хвіліны матчу чаканні, здавалася, апраўдаліся: Венгрыя хутка павяла 2:0. Аднак немцы здолелі зраўняць лік, а затым забілі пераможны гол. Вынік — 3:2 на карысць ФРГ.
Для заходніх немцаў матч у Берне стаў пачаткам новай нацыянальнай біяграфіі. Перамогу над Венгрыяй пазней назавуць «цудам у Берне». Краіна, якая яшчэ нядаўна асацыявалася з руінамі, злачынствамі і паражэннем, атрымала нагоду зноў адчуваць калектыўны гонар.
Для венграў той жа матч стаў знявагай.
Увечары пасля фіналу Будапешт выйшаў на вуліцы. Спачатку абурэнне было адрасаванае футбалістам, трэнеру і суддзям. З'явіліся падазрэнні, што матч прадалі. Крытыкавалі брамніка Дзьюлу Грошыча, абвінавачвалі Густава Шэбеша ў памылках.
Глядзіце таксама

Але неўзабаве пратэст палітызаваўся. Натоўп накіраваўся да будынка партыйнай газеты «Свабодны народ» і Венгерскага радыё. У нейкі момант дэманстранты нават занялі будынак радыёстанцыі. Улады сутыкнуліся з адной з першых буйных стыхійных вулічных маніфестацый пасляваеннай Венгрыі.
Тут і стала відавочнай істотная палітычная памылка ўлад. Улада магла прысвоіць сабе перамогі, але тым самым яна звязвала ўласную рэпутацыю і з паражэннямі. Калі футбольная каманда станавілася доказам перавагі сацыялізму, то пройгрыш гэтай каманды непазбежна ставіў пытанне пра тое, што ўлада таксама адказная за фіяска.
Улада, як заўсёды, кінулася тлумачыць правал дзейнасцю варожых элементаў, падкопамі замежных дзяржаў або недастатковай палітычнай свядомасцю грамадзян.
Адзін з найбольш вядомых прыкладаў расправы — гісторыя брамніка Дзьюлы Грошыча. Яго падверглі расследаванню па падазрэннях у шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе, дапытвалі, трымалі пад хатнім арыштам і адхілілі ад выступаў за вядучы клуб. Пры гэтым пераслед Грошыча меў і ранейшую перадгісторыю: яшчэ ў 1949 годзе ён спрабаваў уцячы з краіны.
Неўзабаве сітуацыя ў краіне, здавалася, стабілізавалася. Але праз два гады, калі краіна выбухнула, стала зразумела, што гэта была толькі ілюзія.
Сам па сабе футбольны матч, вядома, не мог выклікаць рэвалюцыю 1956 года. Паміж дзвюма падзеямі ляжалі гады палітычных канфліктаў, эканамічных цяжкасцей, барацьбы ўнутры партыйнага кіраўніцтва і г.д.
Але ў ліпені 1954-га ўжо праявіліся некаторыя механізмы, якія стануць прыкметнымі ў 1956 годзе: здольнасць масавай незадаволенасці хутка выходзіць за рамкі першапачатковай прычыны і палітызавацца, недавер да афіцыйных паведамленняў і ператварэнне публічнай прасторы ў месца выражэння палітычных патрабаванняў.
У ліпені 1954 года венгры яшчэ не мелі агульнай палітычнай праграмы: не ведалі, як менавіта павінна выглядаць свабодная Венгрыя, і нават не ўяўлялі, што праз два гады іх пратэст набудзе рэвалюцыйны маштаб. Але яны ўжо ведалі, што могуць выйсці на вуліцы.