«Няма гуманітарных навук без палітыкі»: 70 гадоў катэдры беларусістыкі ў Варшаве
Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту адзначыла 70-годзьдзе міжнароднай канфэрэнцыяй, прысьвечанай польска-беларускім моўным, літаратурным і культурным сувязям. За сем дзесяцігодзьдзяў катэдра стала адным з найважнейшых цэнтраў беларусістыкі па-за межамі Беларусі. Юбілейная сустрэча аб’яднала навукоўцаў і дасьледчыкаў, якія абмяркоўвалі гісторыю беларускай гуманістыкі, беларускую кнігу і выклікі, зь якімі яна сутыкаецца сёньня.

19–20 кастрычніка ў Варшаўскім унівэрсытэце адбылася вялікая міжнародная канфэрэнцыя «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі», прысьвечаная 70-годзьдзю катэдры беларусістыкі. Варшаўская беларусістыка зьяўляецца найбуйнейшым і адным з найстарэйшых акадэмічных беларусісцкіх цэнтраў па-за межамі Беларусі. На катэдры беларусістыкі, якая паўстала ў выніку гэтак званай «адлігі», бесперапынна, на працягу сямі дзесяцігодзьдзяў, рыхтуюць спэцыялістаў у галіне беларусаведы і гуманітарных навук.
У розныя часы катэдра аб’ядноўвала вакол сябе такіх слынных беларусістаў, як Антаніна Абрэмбская-Яблонская (заснавальніца катэдры), Эльжбета Смулкова, Аляксандар Баршчэўскі, Ніна Баршчэўская, Мікола Хаўстовіч, Радаслаў Калета, Міраслаў Янковяк ды многіх іншых. Велізарны навуковы архіў катэдры часткова даступны ў выглядзе публікацыяў у часопісе Acta Albaruthenica, а таксама ў сотнях апублікаваных кнігаў, падручнікаў, перакладных і дыялекталягічных слоўнікаў. Якраз падчас канфэрэнцыі Радаслаў Калета прэзэнтаваў выставу публікацыяў катэдры.

Канфэрэнцыя адбылася ў супрацы зь Бібліятэкай Варшаўскага ўнівэрсытэту. Падарункам бібліятэкі да 70-годзьдзя катэдры стала выстава беларускіх матэрыялаў з бібліятэчных фондаў.
Дарэчы, у сувязі з юбілеем адкрыцьцё канфэрэнцыі адбылося не на катэдры, а ў Калённай залі аддзелу гісторыі. Ва ўрачыстым адкрыцьці юбілейнай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшай адміністрацыі ўнівэрсытэту, а таксама цяперашняе і былое кіраўніцтва катэдры беларусістыкі: Катажына Дрозд-Урбаньска, Эльжбета Смулкова і Ніна Баршчэўская. Сярод важных гасьцей былі таксама куратарка лёнданскай Скарынаўкі Караліна Мацкевіч і Анатоль Вап з Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку.
Глядзіце таксама

Былыя кіраўніцы катэдры выступілі з важкімі прамовамі, прыгадаўшы выклікі і дасягненьні інстытуцыі ў мінулым. У паважным веку, у свае 95 гадоў, прафэсарка Эльжбета Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, пераканаўча падкрэсьліла актуальнасьць і важнасьць беларусістыкі, а таксама палітычнае вымярэньне беларусістычных дасьледаваньняў як неад’емнай часткі гуманітарных навук. «Няма гуманітарных навук без палітыкі», — адзначыла яна. Прафэсарка заклікала не баяцца выклікаў, не адварочвацца ад роднай мовы і не баяцца палітычнага чыньніку ў гуманістыцы.

На адкрыцьці канфэрэнцыі (на першым пляне прафэсарка Ніна Баршчэўская, крыху далей — прафэсарка Эльжбета Смулкова)
Урачыстае адкрыцьцё завяршылася калектыўным здымкам і паказам невялікага дакумэнтальнага фільму пра катэдру.
Акадэмічная частка канфэрэнцыі працягнулася ў традыцыйных ужо мовазнаўчай і літаратурна-культуралягічнай сэкцыях. Навінкай юбілейнай канфэрэнцыі сталі дзьве сэкцыі: адна, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня нараджэньня а. Аляксандра Надсана, а другая — беларускай кнізе.

Радаслаў Калета мадэруе сэкцыю, прысьвечаную 100-годзьдзю айца Аляксандра Надсана
Постаць айца Аляксандра была цесна зьвязаная з катэдрай беларускай філялёгіі, а пазьней — беларусістыкі, на асабістым узроўні. Айцец сябраваў з былымі кіраўнікамі катэдры — Аляксандрам Баршчэўскім, Эльжбетай Смулковай і Нінай Баршчэўскай. Кніжны і інтэлектуальны абмен паміж варшаўскай беларусістыкай і лёнданскай Скарынаўкай пачаўся ў 1979 годзе, калі Аляксандар Баршчэўскі ўпершыню наведаў айца Аляксандра ў Лёндане.

Выступае куратарка лёнданскай Скарынаўкі Караліна Мацкевіч
Тэма сэкцыі, прысьвечанай беларускай кнізе, таксама застаецца надзвычай важнай, бо пасьля 2020 году беларуская кніга, беларускае слова і беларуская мова апынуліся ў вельмі няпростых умовах.
На жаль, былыя пастаянныя ўдзельнікі канфэрэнцыі зь Беларусі з палітычных ды іншых прычынаў ня здолелі прыехаць у Варшаву.
Нягледзячы на няпростае становішча беларускай мовы і беларусаў пасьля 2020 году, канфэрэнцыя прайшла адначасова ўрачыста і па-сямейнаму. А галоўнае — яна была напоўненая дыскусіямі, станоўчым настроем і верай у пэрспэктыву.