Аркестр Arsis Nova выпусціў два новыя творы беларускіх кампазітараў пра стан «паміж»

Камерны аркестр Arsis Nova прадставіў новую праграму сучаснай беларускай акадэмічнай музыкі — Not Here Yet, Not There Anymore. У яе ўвайшлі два праграмныя творы беларускіх кампазітараў — Кацярыны Ланеўскай і Васіля Веляцінскага.

arsis_nova_cover.jpg

У цэнтры праграмы — лімінальнасць, стан «паміж»: момант, калі нешта ўжо засталося ў мінулым, але новае яшчэ не набыло сталай формы. Прастора няпэўнасці і пераходу становіцца зыходнай кропкай для двух розных музычных выказванняў.

Запіс праграмы адбыўся ў Варшаве. Для працы над ёй сабраліся больш за дваццаць прафесійных музыкаў, у асноўным беларусаў. Цягам трох дзён — двух дзён рэпетыцый і дня запісу — камерны аркестр працаваў пад кіраўніцтвам дырыжора і сузаснавальніка Arsis Nova Івана Касцяхіна.

Беларуская міфалогія і іншасвет

«Прошча, або Пазамежжа» Кацярыны Ланеўскай — твор, які ў перспектыве можа стаць музыкай да балета. Кампазітарка звяртаецца да беларускай міфалогіі і вобразаў, звязаных з месцамі моцы, памяццю, станам экзістэнцыйнага парога і прасторай трансфармацыі.

У праграме прадстаўлены тры фрагменты-нарысы: Млын як партал у іншасвет і месца, з якім легенда звязвае зараджэнне Менска; Пушча-дрымушча, населеная Пушчавікамі і Лоймамі; і свет русалак з яго гульнёй, прыгажосцю і небяспекай.

Рэальнае і міфалагічнае тут суіснуюць і перацякаюць адно ў адно, ствараючы ўласную музычную геаграфію.

Другі твор праграмы — «Зіхценні карставага лабірынта» Васіля Веляцінскага. Кампазітар трактуе лабірынт як прастору пераходу.

«Лабірынт выступае метафарай лімінальнай прасторы — памежжа паміж страчаным старым і яшчэ не знойдзеным новым», — тлумачыць Веляцінскі.

Асобныя блікі і водгукі харала, народных найгрышаў, фрагментарна — джаза складаюцца ў калейдаскапічную кампазіцыю, дзе ніводная тэма не становіцца дамінуючай. З множнасці фактур і фрагментаў паўстае хаос, а з яго — імпульс да новага пачатку.

Паміж мінулым і будучыняй

Дырыжор Іван Касцяхін адзначае, што праца над такімі праектамі адначасова складаная з прафесійнага боку і хвалюючая, бо дазваляе быць датычным да ўсіх працэсаў — ад узнікнення ідэі да яе ўвасаблення музыкамі.

Паводле Касцяхіна, ідэя праекта павінна быць асэнсаваная і сфармуляваная, пераканаць у сваёй жыццяздольнасці тых, хто можа яе падтрымаць, натхніць кампазітараў і музыкаў, а пасля — адгукнуцца слухачам.

Ён таксама кажа пра магчымасць стварэння паміж усімі ўдзельнікамі праекта — «па абодва бакі мяжы» — прасторы, дзе захоўваецца мінулае, жыве сучаснае і паволі ствараецца будучае.

Праграма Not Here Yet, Not There Anymore стала другім вялікім аркестровым праектам Arsis Nova. Культурніцкую ініцыятыву заснавалі ў Варшаве дырыжор Іван Касцяхін і культурная менеджарка Вольга Цяшкевіч. Arsis Nova працуе з сучаснай беларускай акадэмічнай музыкай, запісвае і выконвае творы беларускіх кампазітараў і стварае магчымасці для супольнай працы беларускіх аўтараў і прафесійных музыкаў.

У 2024 годзе Arsis Nova прадставіла свой першы аркестровы рэліз Hidden Place | Secret Life — чатыры творы двух сучасных беларускіх кампазітараў у выкананні камернага аркестра, які аб'яднаў больш за дваццаць беларускіх музыкаў.

Альбом Hidden Place | Secret Life стаў музычнай рэфлексіяй на досвед апошніх гадоў і разважаннем пра дом — як фізічнае месца і як унутраную прастору чалавека.

Калі Hidden Place | Secret Life задавала пытанне пра дом і пошук уласнага месца, то Not Here Yet, Not There Anymore засяроджваецца на самім моманце пераходу — знаходжанні паміж тым, што ўжо скончылася, і тым, што яшчэ толькі можа пачацца.

Менеджарка праекта Вольга Цяшкевіч называе гэтую працу музычнай рэфлексіяй, якая адбываецца — і літаральна, і метафарычна — у прасторы, дзе старыя дзверы ўжо зачыніліся, а каб адчыніліся новыя, трэба разгадаць код: задаць сабе пытанне з неабарачнымі наступствамі, якое развее ілюзію платонавай пячоры.

Паводле Цяшкевіч, гэты запіс будуе масты паміж старэйшым і маладзейшым пакаленнямі сучасных беларускіх кампазітараў і музыкаў — паміж творцамі аднаго культурнага коду, якія апынуліся па розныя бакі мяжы.

Запіс праграмы Not Here Yet, Not There Anymore можна паслухаць па гэтай спасылцы.