У Швейцарыі Юрыя Гараўскага асудзілі на два гады ўмоўна за выкраданне Анатоля Красоўскага

 Кантанальны суд Санкт-Галена прызнаў былога байца беларускага САХРу Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. Па эпізодзе, звязаным са знікненнем Юрыя Захаранкі, Гараўскага апраўдалі.

20261026_094147.jpg

26 кастрычніка ў Швейцарыі агучылі рашэнне па апеляцыі ў справе Юрыя Гараўскага, былога байца Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) МУС Беларусі. 

Суд прызнаў Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага і прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі ўмоўна. У эпізодзе з Юрыем Захаранкам суд улічыў, што Гараўскі, паводле ягоных паказанняў, не ведаў пра сапраўдную мэту выкрадання і меркаваў, што Захаранку адвязуць у лес, напалохаюць і вернуць назад. Суд не прызнаў даказаным неабходны злачынны намер у гэтым эпізодзе, таму Гараўскага апраўдалі па абвінавачанні, звязаным са знікненнем Захаранкі.

Паводле папярэдніх звестак, тры чвэрці судовых выдаткаў аплаціць дзяржава, адну чвэрць — Гараўскі.  Праца адваката пацярпелых Севярына Вальца таксама будзе аплачаная дзяржавай.

Чаму Гараўскага апраўдалі па эпізодзе Захаранкі

Як вынікае з прэс-рэлізу Кантанальнага суда Санкт-Галена, суд палічыў паказанні Гараўскага пра абставіны выкрадання Юрыя Захаранкі пераканаўчымі. Паводле ягоных словаў, на момант затрымання Захаранкі ён меркаваў, што таго проста адвязуць у лес, напалохаюць і адпусцяць. Суд прыйшоў да высновы, што не было даказанага намеру на працяглае пазбаўленне Захаранкі прававой абароны — абавязковай прыкметы злачынства, якое разглядаецца ў гэтай справе.

Пры гэтым суд прызнаў паказанні Гараўскага вартымі даверу. Сярод іншага, суд адзначыў, што яны ўтрымлівалі шмат арыгінальных дэталяў, якія, на яго думку, можна патлумачыць тым, што Гараўскі сапраўды перажыў апісаныя падзеі. Суд таксама ўлічыў, што пазней Гараўскі сустракаўся з сваячкай пацярпелага і адказваў на яе пытанні асабіста.

Іншым было рашэнне па эпізодзе Анатоля Красоўскага. Суд палічыў даказанымі аб'ектыўны і суб'ектыўны склад злачынства — гвалтоўнага знікнення. Хоць мінімальнае прадугледжанае пакаранне складае восем гадоў пазбаўлення волі, Гараўскаму прызначылі два гады з адтэрміноўкай выканання пакарання. Суд улічыў ягонае поўнае прызнанне і супрацоўніцтва, без якіх, паводле прэс-рэлізу, высветліць лёс зніклых было б немагчыма, а таксама іншыя змякчальныя абставіны. Суд не ўбачыў неспрыяльнага прагнозу для яго далейшага прававога становішча.

Рашэнне пакуль не набыло юрыдычнай сілы. Падрабязнае пісьмовае абгрунтаванне суд абяцае прадставіць ва ўстаноўленым парадку.

Гараўскі прызнаваўся ў датычнасці да знікненняў

Юрый Гараўскі — былы баец беларускага САХРу, які раней прызнаваўся ў датычнасці да выкрадання Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага. Абодва зніклі ў Беларусі ў канцы 1990-х гадоў, іх смерць афіцыйна не пацверджаная.

28 верасня 2023 года Роршахскі раённы суд Швейцарыі апраўдаў Гараўскага па абвінавачаннях у шматлікіх гвалтоўных знікненнях, а таксама па альтэрнатыўным абвінавачанні ў перашкоджанні правасуддзю. Суд палічыў ягоныя паказанні недастаткова надзейнымі.

Прадстаўнікі пацярпелых абскардзілі гэтае рашэнне. Яны дамагаліся абвінаваўчага прысуду, пакарання за гвалтоўныя знікненні і кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу. Абарона Гараўскага, наадварот, настойвала на адхіленні апеляцыі.

20261026_094146.jpg

Што Гараўскі распавёў у судзе

Апеляцыйнае слуханне адбылося 22 верасня 2026 года ў Кантанальным судзе Санкт-Галена. Падчас пасяджэння суддзя спытаў Гараўскага, хто аддаў загад на выкраданні.

Гараўскі заявіў, што былому камандзіру САХРу Дзмітрыю Паўлічэнку пра гэта паведаміў былы міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Сівакоў, а Сівакову загад аддалі Аляксандр Лукашэнка і Віктар Шэйман. Паводле Гараўскага, загад быў аддадзены вусна.

Ён таксама заявіў, што 7 мая яны затрымалі Юрыя Захаранку і «ліквідавалі яго», а таксама што быў «ліквідаваны Красоўскі». Гэтыя словы перадаюць паказанні самога Гараўскага і не азначаюць, што суд прызнаў яго вінаватым у забойстве.

На іншыя пытанні пра абставіны знікненняў Гараўскі адказваў неахвотна, а на пытанні адваката пацярпелых Севярына Вальца адмовіўся адказваць. Апошняга слова ён таксама не выкарыстаў.

Пракурор падчас слухання адзначыў, што ў працэсе 2023 года было дапушчана шмат памылак у перакладзе. На яго думку, для ўстанаўлення ісціны варта было ўзяць за аснову паказанні Гараўскага, дадзеныя ім у пракуратуры ў 2021 годзе.

Адвакат Гараўскага сцвярджала, што тэрмін даўнасці па справе скончыўся. Адвакат пацярпелых, наадварот, настойваў на неабходнасці прыцягнуць да адказнасці канкрэтнага чалавека за злачынствы незалежна ад яго нацыянальнасці і тэрыторыі, на якой яны былі здзейсненыя.

Сваякі зніклых патрабавалі праўды

На слуханні прысутнічалі Алена Захаранка, дачка Юрыя Захаранкі, а таксама Ірына і Валерыя Красоўскія. Алена Захаранка заявіла, што пасля дзесяцігоддзяў чакання мае права атрымаць адказы пра лёс бацькі і чакае праўды і справядлівага прысуду.

Суд не даў сваякам магчымасці выступіць падчас пасяджэння. Пасля слухання Ілья Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), у каментары «Новаму Часу» раскрытыкаваў гэтае рашэнне.

Паводле Нузавa, паказанні сваякоў мелі юрыдычнае значэнне, бо маглі распавесці пра наступствы гвалтоўнага знікнення для сем'яў і іх шматгадовыя спробы даведацца пра лёс блізкіх.

Першы такі прысуд у свеце

Праваабарончыя арганізацыі, якія сачылі за працэсам, называюць гэтае рашэнне першым у свеце выпадкам, калі былога супрацоўніка беларускага апарату бяспекі асудзілі за гвалтоўнае знікненне, здзейсненае ў Беларусі ў 1999 годзе.

Паводле прэс-рэлізу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), TRIAL International і праваабарончага цэнтра «Вясна», гэта таксама першы выпадак, калі швейцарскі суд разгледзеў справу пра гвалтоўнае знікненне. Прысуд стаў магчымым дзякуючы прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі, які дазваляе разглядаць асобныя катэгорыі міжнародных злачынстваў незалежна ад таго, дзе яны былі ўчыненыя.

Праваабаронцы адзначаюць, што рашэнне можа мець значэнне і па-за межамі справы Гараўскага: яно стварае прэцэдэнт для прыцягнення да адказнасці за гвалтоўныя знікненні і можа спрыяць расследаванню ролі тых, хто аддаваў загады або кіраваў такімі злачынствамі.

Рашэнне Кантанальнага суда Санкт-Галена пакуль не набыло юрыдычнай сілы. Суд абяцае прадставіць падрабязнае пісьмовае абгрунтаванне ва ўстаноўленым парадку.