У Швейцарыі пачынаецца апеляцыйнае слуханне па справе Юрыя Гараўскага. «Новы Час» працуе з залы суда
Сёння, 22 верасня, у Кантанальным судзе Санкт-Галена пачынаецца апеляцыйнае слуханне па справе былога байца беларускага САХРу Юрыя Гараўскага. У 2023 годзе суд першай інстанцыі апраўдаў яго па абвінавачаннях у датычнасці да гвалтоўных знікненняў беларускіх апанентаў улады. Карэспандэнт «Новага Часу» знаходзіцца ў залі суда і будзе расказваць, што адбываецца падчас слухання.

Юрый Гараўскі. Кантанальны суд Санкт-Галена, 22 верасня 2026. Фота Вольгі Класкоўскай.
Гараўскі раней прызнаваўся ў датычнасці да выкрадання былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Усе трое лічацца зніклымі без вестак, іх смерць афіцыйна не пацверджаная.

Кантанальны суд Санкт-Галена, дзе пройдзе апеляцыйнае слуханне па справе былога байца беларускага САХРу Юрыя Гараўскага, 22 верасня 2026. Фота Вольгі Класкоўскай.
28 верасня 2023 года Роршахскі раённы суд Швейцарыі апраўдаў Гараўскага па абвінавачаннях у шматлікіх гвалтоўных знікненнях і альтэрнатыўным абвінавачанні ў перашкоджанні правасуддзю. Суд палічыў ягоныя паказанні недастаткова надзейнымі.

Кантанальны суд Санкт-Галена, дзе пройдзе апеляцыйнае слуханне па справе былога байца беларускага САХРу Юрыя Гараўскага, 22 верасня 2026. Фота Вольгі Класкоўскай.
Прадстаўнікі пацярпелых абскардзілі гэтае рашэнне і дамагаюцца абвінаваўчага прысуду, пакарання за шматлікія гвалтоўныя знікненні, а таксама кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу. Абарона Гараўскага просіць адхіліць апеляцыю.
Першапачаткова апеляцыйнае слуханне павінна было адбыцца 24 чэрвеня, але яго перанеслі на нявызначаны тэрмін. Цяпер суд прызначыў яго на 22 верасня.
Праваабаронца Павел Сапелка, які назірае за працэсам, напярэдадні заявіў, што ён разлічвае на справядлівае рашэнне суда.

Праваабаронца Павел Сапелка
«Новы Час» сочыць за слуханнем з залы суда. Будзем паведамляць пра асноўныя падзеі і рашэнні суда.