«Баяцца — значыць паважаюць»: амерыканскія авансы прыводзяць да росту нахабства рэжыму

Перамовы пра вызваленне беларускіх палітвязняў узамен на зняцце якіх-небудзь санкцый і абмежаванняў прыводзяць да, здавалася б, парадаксальных вынікаў. Тое, што мусіла спрыяць унутранай «разрадцы», прыводзіць наадварот — да мілітарызацыі і ўзмацнення рэпрэсій. Хоць, здавалася б, куды ўжо далей.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg

Паводле дамоўленасці з Коўлам Лукашэнка на мінулым тыдні вызваліў 25 палітычных вязняў, сярод якіх даволі знакавыя людзі. Здавалася б, гэта мусіць спрыяць (хоць бы маральна) зніжэнню градуса рэпрэсій у Беларусі. Але, вызваляючы адных людзей, рэжым не толькі набірае ўзамен іншых «закладнікаў». У яго прачынаюцца і іншыя інтарэсы.

На тыдні міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў прапанаваў пашырыць паўнамоцтвы аператыўна-сітуацыйных штабоў (АСШ), каб яны маглі прымаць рашэнні «ў асаблівых умовах» без санкцыі пракурора.

«Варта апрацаваць пытанне, каб пры дзеяннях у асаблівых умовах мы маглі прымаць пэўныя рашэнні без санкцыі пракурора. Для гэтага паўнамоцтвы кіраўнікоў АСШ мусяць быць пашыраныя. Важна ўлічыць усе юрыдычныя аспекты», — заявіў ён.

Кубракоў таксама назваў прыярытэтам прафілактыку на прадпрыемствах і недапушчэнне ўцягвання людзей у «дэструктыўны рух».

«Усе уводныя, у тым ліку пазапланавыя, накіраваныя на праверку фізічнай вынослівасці асабовага складу, гатоўнасці да прымянення і выкарыстання зброі. Асабліва гэта тычыцца байцоў спецпадраздзяленняў. Пры прыпыненні масавых беспарадкаў працуем дакладна і зладжана. Рашэнні прымаеце вы, дзейнічаеце строга ў адпаведнасці з заканадаўствам. Галоўнае — не дапускаць правакацый, прыпыняючы іх у самым пачатку», — заявіў Кубракоў.

Праваабаронцы даўно адзначалі, што «ў краіне не да законаў» незаконныя практыкі з боку сілавікоў у далейшым «узаконьваюцца» адпаведнымі рашэннямі «заднім лікам», робячы адкрыта незаконныя рэчы (такія як выкарыстанне арміі для задушэння пратэстаў ці выкарыстанне баявой зброі ў тых жа мэтах) нібыта «законнымі». Прапанова Кубракова — у іх ліку.

Цалкам невядомыя, па-першае, крытэрыі «асаблівых умоў», калі АСШ могуць дзейнічаць без санкцыі пракурора. Хто будзе вызначаць, калі наступаюць гэтыя ўмовы? Самі АСШ? Так можна апраўдаць любое незаконнае дзеянне.

Па-другое, што тычыцца «недапушчэння правакацый» аж да «гатоўнасці да прымянення і выкарыстання зброі». Вядома і даказана, што «замес» каля Стэлы ў Мінску ў ноч прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га пачаўся з правакацыі сілавікоў. Ці азначаюць словы Кубракова пра «недапушчэнне правакацый», што сілавікам забараняецца ладзіць правакацыі, каб потым апраўдаць свае дзеянні? Наўрад ці Кубракоў меў на ўвазе менавіта гэта, так?

На тыдні Дональд Трамп апублікаваў у сваёй сацсетцы TruthSocial уражлівае паведамленне. «Злучаныя Штаты вядуць перамовы пра заключэнне буйной здзелкі па закупцы калійных угнаенняў з Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшая за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, што з'яўляецца вельмі добрай навіной для нашых фермераў і жывёлаводаў», — паведаміў амерыканскі лідар.

Сама па сабе заява цікавая, бо ЗША і Канада маюць агульную мяжу, а з Беларусі ў ЗША калій трэба цягнуць праз паўсвету. І для таго, каб гэты калій быў таннейшым за канадскі — уяўляеце, якія мусяць быць зніжкі? Напэўна, такія, што цана акажацца ніжэй за сабекошт.

Такім чынам, ЗША зрабілі новы «аванс» Лукашэнку. Чым ён адказаў? Тым, што ў ваенна-паветраных сілах Беларусі і войсках супрацьпаветранай абароны пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці.

«Ваенна-паветраныя сілы і войскі ПВА і ў мірны час выконваюць задачы па баявым дзяжурстве, ахове паветраных межаў не толькі нашай краіны, але і знешняга перыметра Саюзнай дзяржавы. Таму яны мусяць заўсёды быць гатовыя выканаць задачы, якія раптоўна ўзнікаюць», — заявіў дзяржсакратар Саўбеза РБ Аляксандр Вальфовіч.

Здавалася б, якая тут сувязь? А яна вельмі празрыстая і простая: дыктатары любую саступку і любы жэст добрай волі ўспрымаюць не як добрую волю, а як праяву слабасці. І пачынаюць не змякчаць, а ўзмацняць ціск. Маўляў, чым больш брутальна ты дзейнічаеш, тым большых саступак даможашся.

«Баяцца — значыць паважаюць» — гэта дзіцячая пазіцыя уласцівая ўсім дыктатарам, не толькі Лукашэнку. Яны ўспрымаюць крок насустрач, як страх апанента, і дзейнічаюць адпаведна. Варта было дзяржсакратару ЗША Марку Рубіё запрасіць Пуціна на G20 у ЗША, як міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расія не будзе прыпыняць баявыя дзеянні ва Украіне нават у момант мірных перамоў.

І суседзі Беларусі гэта разумеюць. Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў: «Усе спробы ЗША змякчыць адносіны з Беларуссю прывялі да ўзмацнення агрэсіўных паводзін Беларусі на мяжы з краінамі НАТА».

Вот толькі сіла дэмакратыі ў тым, у чым дыктатары бачаць яе слабасць — у змяняльнасці ўлады. А значыць — у адаптацыі да новых умоў. І таму нахабства дыктатараў часта бывае пакараным. Часам раптоўна пакараным — Мадура таму прыклад.

І Лукашэнку варта было б помніць пра гэта ў сваіх спробах здавацца круцейшым за горы.