Дональд Трамп: Украіна і Расія ўсё ж заключаць мірнае пагадненне
Пад час сустрэчы ў ААН прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў меркаванне, што вайну трэба скончыць да зімы. Кіраўнік ЗША Дональд Трамп сказаў, што, на яго думку, Украіна і Расія ўсё ж заключаць пагадненне, але падкрэсліў, што не можа раскрываць дэталі. Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская у ААН папярэдзіла ЕС і Украіну пра магчымае выкарыстанне Расіяй тэрыторыі Беларусі для эскалацыі з ЕС. Ідуць 1673-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 247 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 верасня.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 14 атак расіян каля Старыцы, Графскага, Лімана і ў бок Малога Бурлука, Путнігава, Рацькоўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 25 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Навасёлаўкі, Раскошнага, Навапаўлаўкі, Кучарава Яру ды Вольнага.
На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах населеных пунктаў Новы Данбас, Біліцкае, Навагрышына, Вадзянскае, Маладзецкае, Мураўка, Мірнае, Сяргееўка, Навападгародняе і Навапаўлаўка.
* * *
У ноч на 23 верасня Расія атакавала Украіну 161 ударным БпЛА тыпу Shahed (82 з іх — рэактыўныя), Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя», а таксама «Бандэроль»/«Дань-Т». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 119 БпЛА тыпу Shahed, Гербера, дронаў іншых тыпаў, і тры «Бандэроль»/«Дань-Т».
У Галасееўскім раёне Кіева ў выніку атакі пашкоджана АЗС праз трапленне БПЛА, у Дарніцкім раёне зафіксавана трапленне ў аб'ект транспартнай інфраструктуры. Па папярэдніх даных, ёсць пацярпелы.
* * *
* * *
22 верасня ў Нью-Ёрку адбыліся перамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ключавымі тэмамі былі дыпламатычныя шляхі заканчэня вайны, абарона ўкраінскай энергетыкі і пашырэнне абарончага супрацоўніцтва, у прыватнасці ў вытворчасці ракет для сістэм Patriot.
«Спадзяюся на заканчэнне гэтай вайны — з дапамогай прэзідэнта Трампа, вядома, і каб гэта было як мага хутчэй. Яшчэ да зімы, таму што гэта вельмі важна», — заявіў украінскі прэзідэнт напачатку сустрэчы, адказваючы на пытанні СМІ.
У сваю чаргу Трамп сказаў, што, на яго думку, Украіна і Расія ўсё ж заключаць пагадненне, але падкрэсліў, што не можа раскрываць дэталі. Канкрэтыкі адносна таго, як гэта можа быць, не прагучала ні ад Трампа, ні ад Зяленскага.
Украінскі бок высунуў ініцыятыву аб спыненні ўзаемных удараў па энергетычнай інфраструктуры. Па словах Зяленскага, ЗША згадзіліся перадаць гэта прапанову расійскаму боку. Умовы Украіны — поўная адмова ад удараў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і энергетычнай сістэме РФ у адказ на аналагічнае спыненне атак з боку Расіі па ўкраінскай энергетыцы.
Зяленскі падкрэсліў, што з боку Трампа не гучала просьбаў аб тым, каб Украіна спыніла ўдары па тэрыторыі РФ у аднабаковым парадку.
Прэзідэнт Украіны выказаў сумнеў у рэальнай гатоўнасці Крамля да міру, але заявіў аб гатоўнасці да прамых перамоў з Пуціным для як мага больш хуткага спынення вайны, і заклікаў ЗША дапамагчы ў арганізацыі трохбаковай сустрэчы лідараў.
Зяленскі падкрэсліў, што гатовы сустрэцца з Пуціным «у любы час», адзначыўшы, што для рэальнага заканчэння вайны неабходны дыялог, нягледзячы на ўзровень нянавісці.
На пытанне журналістаў аб магчымай трохбаковай сустрэчы падчас саміту G20 у Маямі Трамп адказаў, што не ўпэўнены адносна лакацыі, аднак лічыць, што Пуцін згодзіцца на перамовы.
Зяленскі заявіў, што Трамп «пазітыўна ставіцца» да надання Украіне ліцэнзій на вытворчасць ракет да Patriot. Украінв правяла перамовы з кампаніяй-вытворцам Patriot RTX (Raytheon) і атрымала ад яе сігнал аб гатоўнасці да супрацоўніцтва. Па словах Зяленскага, запуск вытворчасці ракет Patriot ва Украіне можа заняць год-паўтара.
* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю радыёстанцыі WABC заявіў, што пагаднення аб энергетычным перамір'і паміж Украінай і Расіяй «пакуль няма».
«На дадзены момант няма» энергетычнага пагаднення паміж Украінай і Расіяй, аднак «гэтая вайна не выгадная ніводнаму з бакоў». «Таму спыніць яе — цалкам лагічна. Але, на жаль, у знешняй палітыцы і ў такіх пытаннях, як гэта, часам тое, што лагічна, не абавязкова адбываецца», — сказаў дзяржсакратар ЗША.
Рубіё адзначыў, што вайна Расіі супраць Украіны не закончыцца ваеннай перамогай адной з бакоў, а будзе ўрэгуляваная шляхам перамоў: «Яна не закончыцца дзякуючы нейкай ваеннай перамозе таго ці іншага баку. Яна скончыцца дзякуючы пагадненню, дасягнутаму шляхам перамоў. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым менш людзей загіне і тым менш будзе разбурэнняў».
* * *
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку заявіла аб рэальнай пагрозе ўзмацнення расійскіх правакацый супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.
«Калі Расіі ў нейкі момант зноў захочацца атакаваць Украіну любым спосабам з паўночнай мяжы, то Лукашэнка з вялікай радасцю дасць тэрыторыю, лагістыку, беларускую інфраструктуру, каб дапамагчы Пуціну ў яго мэтах і намеры», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Па словах Ціханоўскай, Лукашэнка не зацікаўлены ў перамозе Украіны, бо Расія з'яўляецца яго асноўным саюзнікам і падтрымлівае яго эканамічна і палітычна. «Ён, вядома, хацеў бы, каб Расія перамагла», — падкрэсліла яна.
Па яе перакананні, Лукашэнка «разумее, што перамога Украіны — гэта катастрофа для яго самога».
Спадзяванні на тое, што Лукашэнку можна аддаліць ад Пуціна — марныя, заявіла Ціханоўская. «Гэта немагчыма, бо ў іх такая асобая сімбіятычная дружба, яны выкарыстоўваюць адзін аднаго, яны патрэбныя адзін аднаму», і сказала, што беларуская інфраструктура — «лагістыка, антэны для кіравання дронамі — ужо выкарыстоўваецца, і ў любы момант, калі гэта спатрэбіцца Крамлю, беларускія магутнасці будуць задзейнічаныя».
Па словах Ціханоўскай, рэтранслятары ўсталёўваюць не толькі ўздоўж мяжы з Украінай, але і на мяжы з краінамі Еўрапейскага Саюза. «То бок эскалацыя ці правакацыя можа быць не толькі супраць Украіны, але і супраць краін Еўропы. І, вядома, трэба ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі», — адзначыла яна.