Лукашэнка запэцкае адносіны з Коўлам і Трампам праз уласную сквапнасць?

Безумоўна, самая прыемная навіна тыдня — гэта вызваленне 25 палітычных вязняў. Цяпер у розных пабліках абмяркоўваюць адно пытанне: «Чаму так мала?» Але мы лепш успомнім, што нават адно выратаванае жыццё — гэта лепш, чым ніводнага.

Андрэй Аляксандраў пасля вызвалення. Фота БАЖ

Андрэй Аляксандраў пасля вызвалення. Фота БАЖ

На волю выйшлі знакавыя для Беларусі асобы: музыкі Tor Band Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык, заснавальнік «Арт Сядзібы» і крамы Simbal.by Павел Белавус, гусляр Алесь Чумакоў з гурта «Стары Ольса». Таксама на волі выдавец Зміцер Колас, журналіст Кірыл Пазняк і яго дачка Яніна, фігуранты «справы БелаПАН» Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна і Дзмітрый Наважылаў, Людміла Чэкіна з TUT.BY… Людзі, якім, здавалася б, сядзець яшчэ доўга-доўга. Але вось яны — на свабодзе, за гэта дзякуй Злучаным Штатам Амерыкі і спецпасланніку прэзідэнта ЗША Джону Коўлу.

Узамен на вызваленне палітвязняў ЗША здымуць санкцыі з прадпрыемстваў канцэрна «Беллесбумпрам» і лідскага ААТ «Лакафарба». Таксама Коўл паабяцаў, што ЗША распрацуюць механізм і вернуць Мінску 40 з лішкам мільёнаў долараў, замарожаных у «Сіцібанку».

Пытанне «чаму так мала вызвалілі» выкліканае, вядома, у першую чаргу раней абвешчанымі планамі Джона Коўла вызваліць калі не ўсіх, то сотні ці тысячы палітычных вязняў. Прынамсі, менавіта такія лічбы агучваліся вясной гэтага года. Дый ў жніўні ў размове з The New York Times Коўл анансаваў «вялікі абмен», які, паводле яго слоў, мусіў адбыцца «ў найбліжэйшы час».

Не адбылося. 25 чалавек «вялікім абменам» не назавеш, хоць зняцце санкцый з «Беллесбумпрама» і «Лакафарбы» — гэта даволі шчодры крок з боку ЗША. Гэтыя прадпрыемствы маюць у Штатах свае філіялы, і даволі паспяхова экспартавалі туды сваю прадукцыю.

Найбольш верагодна, што «сціплая» партыя вызваленых выкліканая завышанымі патрабаваннямі Лукашэнкі. Паводле меркаванняў розных аналітыкаў, самапрызначаны кіраўнік Беларусі хацеў бы зняцця санкцый з беларускага калію. Пра гэта ішла размова ў нядаўніх перамовах з Польшчай, верагодна, такую ж умову Лукашэнка паставіў і перад Коўлам.

Але Коўл — ён амерыканец. І як бы Лукашэнка ні быў упэўнены ў канспіралагічных тэорыях пра тое, што «дзядзька Сэм кіруе светам», насамрэч гэта не так. Амерыканец Коўл ніяк не можа паўплываць на еўрапейскія санкцыі.

А Еўропа пакуль зусім не бачыць гатоўнасці Лукашэнкі неяк «пасунуцца» ў тых пытаннях, па якіх гэтыя санкцыі былі ўведзеныя.

На мяжы Літвы з Беларуссю за 5 месяцаў знайшлі 12 тунэляў, якія рылі мігранты з мэтай нелегальна трапіць у Літву — пры поўным папушчальніцтве беларускіх улад.

Украіна заявіла, што атака расійскіх беспілотнікаў на пункт пропуску «Ягодзін» на украінска-польскай мяжы (калі дрон ледзь не патрапіў у цягнік з заходнімі дэлегацыямі) ажыццяўлялася пры падтрымцы Беларусі. Нібыта Беларусь зноў уключыла рэтранслятары, якія дапамагаюць расійскім дронам атрымліваць сігнал і пранікаць глыбей на тэрыторыю Украіны.

Бюджэт Міжнароднага крымінальнага суда на 2027 год прадугледжвае фінансаванне расследавання «беларускай сітуацыі».

То-бок: ні з правамі чалавека ўнутры краіны, ні з мігранцкім крызісам, ні з саўдзелам у вайне супраць Украіны лепш не стала. Дык з чаго б Еўропе адмяняць свае санкцыі? Таму што Коўл папрасіў?

Напэўна, вусаты дзядуля, хутчэй за ўсё, нават не спрабуе разбіраецца ў розніцы паміж еўрапейскімі і амерыканскімі санкцыямі. І, верагодна, запатрабаваў ад Коўла немагчымага. І тым самым, верагодна, упусціў свой шанец яшчэ раз нагадаць пра сябе Дональду Трампу. Таму што пры размовах пра вызваленне «сотняў» палітвязняў вызваляць толькі чвэрць сотні — ну, такое сабе…

А Трамп для Лукашэнкі вельмі важны. Бо фактычна ЗША застаюцца ці не адзінымі гарантамі незалежнасці Беларусі. І разам з тым якім-ніякім, але гарантам і для Лукашэнкі. Заканчэнне вайны ва Украіне (а яна скончыцца рана ці позна, бо «стомленасць ад вайны» ўсё часцей адчуваецца і ў Расіі) нясе для беларускага кіраўніка толькі пагрозы.

Па-першае, відавочна, што вайна не скончыцца «перамогай Расіі», і Пуціну трэба будзе кампенсаваць гэтую няўдачу. Па-другое, нават калі Пуцін зробіць выгляд, што «Расія перамагла», то яму ўсё адно спатрэбяцца далейшыя геапалітычныя дасягненні. Па-трэцяе, калі Пуцін у эйфарыі ад «перамогі Расіі» раптам вырашыць атакаваць НАТА…

Пры любых раскладах Лукашэнка застаецца з Пуціным сам-насам, і ў вельмі слабой пазіцыі. У пазіцыі таго, каго Пуцін можа праглынуць лёгка, нават не задумваючыся пра лёс «саюзніка». 

Тады Лукашэнку спатрэбіўся бы «парасон», які б стаў Пуціну папярок горла, і які яму маглі б забяспечыць Штаты. Нават у тым выпадку, калі Трамп сыдзе са сваёй пасады — дыпламатычная інэрцыя грала б на карысць беларускага дзядулі.

Але Лукашэнка выявіў сквапнасць, і цяпер выглядае і для Трампа, і для Штатаў агулам даволі бледна. Сквапны, у гэтым выпадку можа не заплаціць двойчы — ён можа заплаціць увогуле усім, што ў яго ёсць, уключаючы апошнія порткі. І ўсё роўна можа не расплаціцца…

Як спявалася ў вядомай песеньцы ў вядомым мультфільме: «Сквапнасць — гэта дрэнна». У выпадку Лукашэнкі, «сквапнасць — гэта вельмі, вельмі і вельмі дрэнна»…