Незалежнасць коштам піва
Працягваючы адзначаць (ясна, за келіхам) Міжнародны дзень піва, які сёлета прыпаў на 7 жніўня, успомнім краіну, дзе гэты напой быў абвешчаны па-за законам… дзеля атрымання незалежнасці.

Калі 1 сакавіка 1989 года ў Ісландыі ўпершыню за 74 гады легальна прадалі першы келіх піва, гэта стала не проста адменай забароны. Гэта была фінальная глава доўгай гісторыі, у якой піва стала сімвалам барацьбы за нацыянальную незалежнасць.
У большасці краін свету забароны на алкаголь уводзіліся з меркаванняў маралі, здароўя або грамадскага парадку. Але Ісландыя пайшла сваім шляхам. Тут піва на сем дзесяцігоддзяў апынулася па-за законам не столькі таму, што яно шкоднае, колькі таму, што лічылася напоем дацкіх каланізатараў. А для ісландцаў, якія змагаліся за незалежнасць ад Капенгагена, піць піва пачало ўспрымацца як адмова ад уласнай ідэнтычнасці.
Глядзіце таксама

Усё пачалося задоўга да таго, як забарона набыла моц. У 1908 годзе, праз чатыры гады пасля атрымання Ісландыяй абмежаванага самакіравання, адбыўся першы ў гісторыі краіны рэферэндум. Ісландцаў спыталі: ці хочуць яны забараніць усе алкагольныя напоі? Каля 60% прагаласавалі «за».
Гэта быў трыумф руху за цвярозасць, які набіраў сілу па ўсёй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Але ў Ісландыі гэты рух атрымаў унікальнае ідэалагічнае абгрунтаванне. Ён зліўся з барацьбой за незалежнасць ад Даніі.
Усё таму, што датчане ў той час выпівалі алкаголю на душу насельніцтва прыкладна ў восем разоў больш, чым ісландцы. Для ісландцаў гэта стала нагляднай ілюстрацыяй «распушчанага» дацкага ладу жыцця, ад якога яны хацелі дыстанцыявацца. Піць алкаголь, асабліва піва, якое трывала асацыявалася з Даніяй, стала лічыцца непатрыятычным.
І вось 1 студзеня 1915 года Ісландыя стала «сухой». Але ненадоўга. Поўная забарона пратрымалася нядоўга. Эканоміка аказалася мацнейшай за ідэалогію. Іспанія, найбуйнейшы пакупнік ісландскай салёнай траскі, пагражала разарваць гандлёвыя адносіны, калі Ісландыя не пачне купляць іспанскае віно. У 1922 годзе віно легалізавалі.
У 1933 годзе прайшоў новы рэферэндум, і 60% ісландцаў прагаласавалі за адмену забароны на моцны алкаголь. У 1935 годзе гарэлка вярнулася ў продаж. А вось піва — не. Яно засталося адзіным «нелегальным» напоем.
Чаму? Гісторыкі называюць дзве прычыны. Па-першае, асацыяцыя піва з Даніяй усё яшчэ была занадта моцнай, нават нягледзячы на тое, што Ісландыя стала незалежным каралеўствам у асабістай уніі з Даніяй, а поўную незалежнасць атрымала толькі ў 1944 годзе. Па-другое, прыхільнікі цвярозасці сцвярджалі, што піва — занадта танны напой і яго легалізацыя прывядзе да рэзкага росту алкагалізму, асабліва сярод моладзі.
Так паўстала абсурдная сітуацыя: ісландцы маглі легальна купіць бутэльку віскі або гарэлкі, але не маглі — келіх піва.
Забарона, вядома, не азначала, што ісландцы зусім не пілі піва. Тыя, хто хацеў, знаходзілі лазейкі. У мясцовым міжнародным аэрапорце, аналагічным нашаму Мінску-2, можна было купіць піва ў duty free. Замежныя турысты, члены экіпажаў і самі ісландцы, якія вярталіся з-за мяжы, мелі права ўвозіць піва. У краіне рабілі «піўны сурагат» з дазволенага лёгкага піва (моцнасцю да 2,25%) і ісландскай гарэлкі. Гэты кактэйль толькі аддалена нагадваў сапраўднае піва, але дазваляў хоць бы імітаваць яго смак.
У парламенце барацьба за легалізацыю піва ішла дзесяцігоддзямі. Праціўнікі забароны паказвалі на абсурднасць сітуацыі, калі дазволены моцны алкаголь, але забаронена слабае піва. Аднак дэпутацкую большасць складалі прадстаўнікі сельскіх раёнаў і традыцыйных сацыялістычных партый, якія асцерагаліся, што даступнае піва сапсуе моладзь.
Сітуацыя зрушылася з мёртвай кропкі ў 1985 годзе. Міністр юстыцыі, сам цвярознік, забараніў барам змешваць легальнае лёгкае піва са спіртным. Гэтая забарона, якая пазбавіла ісландцаў апошняй магчымасці атрымаць падабенства сапраўднага піва, выклікала грамадскае незадавальненне. Апытанні паказвалі, што ўжо каля 60% насельніцтва падтрымлівалі легалізацыю.
У маі 1988 года парламент пасля бурных дэбатаў, якія трансляваліся па тэлебачанні, прагаласаваў за легалізацыю. Гэты дзень увайшоў у гісторыю краіны як «Б-дзень» (Bjórdagur — Дзень піва). Нягледзячы на мароз (у той дзень тэмпература апусцілася да –5 °C), каля дзяржаўных вінна-гарэлачных крамаў Vínbúðin выстраіліся чэргі. Рэстараны і бары былі забраніраваныя за некалькі тыдняў наперад. Прэзідэнт Асацыяцыі аматараў піва назваў гэта «паваротным момантам у гісторыі ісландскай культуры».
І ён не памыліўся. Сёння Ісландыя — краіна развітога піваварства з дзясяткамі крафтавых піваварняў. Піва складае 62% ад усяго алкаголю, які спажываецца ў краіне, — больш, чым у традыцыйных піўных краінах, Германіі і Чэхіі. 1 сакавіка дагэтуль адзначаецца як неафіцыйнае свята.
За гэта і вып'ем!