Перамовы ў Каракасе. Ці можа венесуэльскі сцэнар стаць прыкладам для Беларусі?

 У Каракасе на наступным тыдні стартуюць перамовы паміж часовым урадам і апазіцыяй. Пасля беспрэцэдэнтнай змены ўлады ў студзені гэта першая спроба запусціць палітычны дыялог, які можа адкрыць шлях да дэмакратычнага транзіту. Аднак поспех перамоў будзе залежаць не толькі ад пазіцый бакоў, але і ад таго, ці не ператворацца яны ў кампраміс паміж палітычнымі элітамі.

Палац Федэральнага заканадаўства ў Каракасе, дзе месціцца Нацыянальная асамблея Венесуэлы. Фота: Steven Cruz / Wikimedia Commons (CC BY-SA 3.0)

Палац Федэральнага заканадаўства ў Каракасе, дзе месціцца Нацыянальная асамблея Венесуэлы. Фота: Steven Cruz / Wikimedia Commons (CC BY-SA 3.0)

Чаму гэтыя перамовы адбываюцца цяпер?

Аб пачатку дыялогу ў фармаце круглага стала было абвешчана на фоне беспрэцэдэнтных змен у палітычным ландшафце краіны. Яшчэ ў студзені 2026 года амерыканскія сілы затрымалі Нікаласа Мадура, а да ўлады прыйшоў часовы ўрад на чале з Дэлсі Радрыгес. З таго часу прайшло паўгода, і новая адміністрацыя заявіла, што гатовая да перамоваў з апазіцыяй як да інструмента выхаду з крызісу.

Сустрэча пройдзе ў Каракасе. Дэлегацыю ўрада ўзначаліць Хорхэ Радрыгес — старшыня Нацыянальнай асамблеі і брат часовай прэзідэнткі. У склад дэлегацыі таксама ўвойдуць іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.

Апазіцыю будзе прадстаўляць Дынора Фігера, былая спікерка парламента, якая доўгія гады жыла ў выгнанні ў Іспаніі. Яе кандыдатуру падтрымалі ЗША, якія, паводле слоў дзяржсакратара Марка Рубіа, маюць намер дапамагаць працэсу, але не кіраваць ім.

У парадку дня — тры асноўныя блокі: дапамога пацярпелым ад разбуральнага землятрусу 24 чэрвеня, умацаванне дэмакратычных інстытутаў, а таксама рэформы Вярхоўнага суда, выбарчай сістэмы і заканадаўства аб палітычных партыях.

Візаві адразу зрабілі супрацьлеглыя заявы наконт сваіх мэтаў. Улады падкрэсліваюць, што дыялог патрэбны для пошуку кансэнсусу, а не для неадкладнага аб'яўлення выбараў. Апазіцыя, наадварот, настойвае на свабодных і справядлівых выбарах як канчатковай мэце кансультацый.

Не ўсе гатовыя да кампрамісу

Пры гэтым як у стане апазіцыі, так і ў праўладным лагеры шмат незадаволеных.

Перамовы агалілі і расколіны ўнутры самой апазіцыі. Дыялог ухвалілі буйныя партыі — «Праймера Хустысія», «Волунтад Папуляр» і «Ун Нуэва Т'емпа». Аднак «Дэмакратычнае дзеянне» выказала нязгоду з тым, што перамовы вядзе менавіта Фігера.

Шмат каму з антычавістаў не падабаецца адсутнасць за сталом Марыі Карыны Мачада, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру 2025 года і самай папулярнай апазіцыйнай лідаркі.

Яе неўдзел — свядомы выбар Вашынгтона і Каракаса. Эксперты называюць Мачада «цяжкім перамоўшчыкам»: яе бескампрамісная пазіцыя не задавальняе ні ўладу, ні ўмеранае крыло апазіцыі. Але яе выключэнне ставіць пад пагрозу легітымнасць любых будучых пагадненняў. Перамовы могуць ператварыцца ва ўгоду паміж элітамі. Сама Мачада заявіла, што будзе сачыць за працэсам, але ацэньваць яго па канкрэтных выніках — вызваленні палітвязняў і рэальным графіку выбараў.

Не менш складаная сітуацыя і ў лагеры чавістаў. Хаця афіцыйныя ўлады заяўляюць аб прыхільнасці дыялогу, унутры ўрада і яго асяроддзя заўсёды існавалі радыкальныя групы, якія выступаюць супраць любых саступак. Ключавую ролю ў гэтым раскладзе адыгрываюць вайскоўцы, чыя лаяльнасць застаецца вырашальным фактарам. Менавіта падтрымка арміі дазволіла Мадура застацца ва ўладзе ў 2019 годзе, нягледзячы на ціск ЗША. Сёння, пасля змены ўлады, пазіцыя вайскоўцаў — галоўны невядомы фактар.

Аптымізм з агаворкамі

Што тычыцца аналітыкаў, то яны сустрэлі навіну аб перамовах са стрыманым аптымізмам. Большасць лічыць, што ў гэтага раўнда больш шанцаў на поспех, чым у папярэдніх, — шмат у чым дзякуючы прамой увазе адміністрацыі Трампа. Аднак, з іншага боку, Вашынгтон можа быць не зацікаўлены ў хуткіх выбарах: любы зрыў працэсу стане для яго знешнепалітычным паражэннем.

Галоўная небяспека, на думку палітолагаў, — сцэнар «нармалізацыі без дэмакратызацыі». Замест рэальнага пераходу да свабодных выбараў улады могуць выкарыстаць дыялог для ўмацавання сваіх пазіцый і стварэння «эканамічна стабільнага аўтарытарнага рэжыму», які атрымае міжнароднае прызнанне дзякуючы самому факту перамоваў, але без рэальнай дэмакратызацыі палітычнай сістэмы.

Адным словам, пакуль выглядае, што перамовы ў Каракасе — гэта рэальны шанец на перамены, але яшчэ не гарантыя, што яны адбудуцца. Венесуэльскі палітычны працэс застаецца складаным раўнаннем з мноствам невядомых.

Ці можа гэты сцэнар стаць прыкладам для Беларусі?

Натуральна ўзнікае інтрыга: ці могуць перамовы ў Каракасе стаць прамым прыкладам для Беларусі, улічваючы, што іх куратарам выступае Дональд Трамп, які актыўны і на беларускім напрамку. Пакуль, на жаль, мы маем прынцыпова розныя кантэксты. Галоўнае адрозненне ў тым, што ў Венесуэле да ўлады нечакана прыйшлі новыя людзі, якім імкліва патрэбная ўнутраная і міжнародная легітымацыя.