У Кіеве пройдзе Форум Астрожскіх: будуць шукаць шляхі да практычнага партнёрства Беларусі і Украіны
18–19 верасня ў Кіеве пройдзе грамадска-палітычная частка 5-га Форуму Астрожскіх. Удзельнікі абмяркуюць беларуска-ўкраінскія адносіны, праблемы беларусаў ва Украіне, ролю беларускіх добраахвотнікаў і месца дэмакратычнай Беларусі ў новай рэгіянальнай сістэме бяспекі.

Ілюстрацыйная выява. Фота: Маладая Грамада
18–19 верасня ў Кіеве пройдзе грамадска-палітычная частка 5-га Форуму Астрожскіх. Беларускія і ўкраінскія эксперты, палітыкі, даследчыкі, прадстаўнікі медыя і грамадзянскай супольнасці абмяркуюць беларуска-ўкраінскія адносіны, праблемы беларусаў ва Украіне, ролю беларускіх добраахвотнікаў і месца дэмакратычнай Беларусі ў новай сістэме рэгіянальнай бяспекі.
Сёлетняя праграма форуму сканцэнтраваная на тым, як вайна Расіі супраць Украіны змяняе рэгіён і якое месца ў новай сістэме бяспекі могуць заняць дэмакратычная Беларусь і беларускія супольнасці.
Ад падтрымкі да партнёрства
Адным з галоўных пытанняў форуму стане тое, ці можа падтрымка Украіны беларускімі дэмакратычнымі сіламі і супольнасцямі стаць асновай паўнавартаснага партнёрства дзвюх краін.
Удзельнікі таксама абмяркуюць, чаму доўгачаканая сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага не дапамагла вырашыць канкрэтныя міграцыйныя, банкаўскія і сацыяльныя праблемы беларусаў ва Украіне.
Асобная ўвага будзе нададзеная ролі беларусаў ва ўкраінскім грамадстве і іх адказнасці перад Украінай падчас вайны.
Яшчэ адна тэма — культура і яе роля ў супольным супрацьдзеянні «рускаму міру». Удзельнікі паспрабуюць адказаць, як зрабіць голас антываеннай Беларусі больш чутным ва Украіне.
На форуме таксама будуць гаварыць пра беларускіх добраахвотнікаў і іх магчымую ролю ў доўгатэрміновай перспектыве: ці застануцца яны толькі ўдзельнікамі сённяшняй вайны або могуць стаць часткай больш шырокага беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.
Падчас форуму будуць прадстаўленыя вынікі новых даследаванняў беларуска-ўкраінскіх адносін.
Пра Форум Астрожскіх
Форум Астрожскіх — рэгулярная беларуска-ўкраінская экспертная пляцоўка, створаная для абмеркавання актуальных праблем двухбаковых адносін і выпрацоўкі практычных прапаноў па іх вырашэнні.
Традыцыйна мерапрыемства праходзіць у дзвюх частках: палітычная частка адбываецца ў Кіеве, экспертная — у Львове.
Форум аб’ядноўвае экспертаў, даследчыкаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і палітычных інстытутаў Беларусі і Украіны. У аснове яго працы — падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту абедзвюх краін, непрыманне расійскай агрэсіі і акупацыі, а таксама падтрымка дэмакратычнага развіцця і еўрапейскага выбару Беларусі і Украіны.
Зарэгістравацца для ўдзелу ў форуме можна па гэтай спасылцы.
Форум арганізуюць беларускія і ўкраінскія арганізацыі: Free Belarus Center, Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма», Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, Інстытут «Палітычная сфера», Цэнтр «Еўрапейскі дыялог» і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі пры падтрымцы Konrad Adenauer Stiftung, Friedrich-Ebert-Stiftung (FES) і Міжнароднага фонду «Адраджэнне».