Мадура пад арыштам: міжнароднае права, страхі і чорны гумар. Дасье ў карыкатурах

Арышт Нікаласа Мадуры, пра які паведамляюць шэраг сусветных СМІ, выклікаў бурную і далёка не адназначную рэакцыю. Карыкатурысты з розных краін адрэагавалі хутчэй за палітыкаў — і іх малюнкі шмат у чым дакладна фіксуюць страхі, сумневы і цынізм новай рэальнасці.

ЗША, паводле паведамленняў шэрагу медыяў, правялі аперацыю ў Венесуэле і захапілі прэзідэнта краіны Нікаласа Мадуру — навіна выклікала неадназначную рэакцыю як у Штатах, так і ва ўсім свеце.

Нягледзячы на маласімпатычны аўтарытарны характар рэжыму Нікаласа Мадуры, яго арышт не выклікаў асаблівага захаплення ў сусветнай прэсе. Многія баяцца, што наступствы рэйду амерыканскага спецназа могуць мець вельмі негатыўныя глабальныя наступствы.

Глядзіце таксама

Так, некаторыя — у тым ліку карыкатурысты — звяртаюць увагу, што акцыя ЗША супярэчыць міжнароднаму праву і базісным прынцыпам дэмакратыі. Італьянская Corriere della Sera, напрыклад, мяркуе, што Трампу давялося заплюшчыць вочы сваёй Статуі Свабоды на незаконны захоп Мадуры.

photo_2026_01_05_15_03_41.jpg

Ёсць асцярогі, што ў стане эйфарыі Трамп можа працягнуць падобныя выхадкі. Нядзіўна, што адразу ўзнікла тэма Грэнландыі, на якую ў камандзе Трампа, як вядома, даўно паклалі вока. Многіх еўрапейскіх палітыкаў перапалохала карта Грэнландыі, апублікаваная ў сацсетках жонкай аднаго з высокапастаўленых чыноўнікаў Трампа.

photo_2026_01_05_15_03_43.jpg

Хапае і скепсісу наконт рыторыкі Белага дома, які легітымуе арышт Мадуры барацьбой з наркамафіяй. Усім зразумела, што ўвесь сыр-бор адбыўся па іншых прычынах. Асноўныя матывы нападу Штатаў на Венесуэлу адлюстраваныя ў малюнку аднаго дацкага мастака.

photo_2026_01_05_15_03_46.jpg

Частка расійскага палітыкуму лічыць, што дзеянні Трампа цалкам нівелююць абвінавачанні Захаду ў адрас Расіі наконт парушэння міжнароднага права ва Украіне. Маўляў, цяпер заходняя прэса будзе менш крытыкаваць Крэмль. На гэтай карыкатуры за дэстабілізацыю планеты адказвае выключна Трамп.

photo_2026_01_05_15_03_49.jpg

Пры гэтым у беларускіх і ўкраінскіх чатах папулярная ідэя, што Трамп можа паўтарыць венесуэльскі бліцкрыг супраць Пуціна і АРЛ. Тэматычная «жаба» з белнета з каментаром: «А ўявіце сцэнар: Трамп прыязджае ў Беларусь разам з амерыканскім спецназам, арыштоўвае Лукашэнку і вязе яго ў Нью-Ёрк. І бац — венесуэльскі сцэнар: у нас новы прэзідэнт, і ўсё гэта ў Год жанчыны!».

photo_2026_01_05_15_03_55.jpg

Зрэшты, хапае месца і для гумару. Аўтар гэтай украінскай фотажабы лічыць, што Мадуру давядзецца вызваліць, бо ён трапіў у ЗША нелегальна. Паводле апошніх трампаўскіх законаў, такіх людзей трэба дэпартаваць.

photo_2026_01_05_15_03_59.jpg

А вось брытанская The Sunday Times звяртае ўвагу, што арышт Мадуры ставіць крыж на спадзяваннях Трампа атрымаць Нобелеўскую прэмію міру. Зрэшты, Дональд можа кампенсаваць гэта іншым трафеем. «А ёсць Нобелеўская прэмія вайны?» — пытаецца Трамп на карыкатуры.

photo_2026_01_05_15_04_02.jpg

У любым выпадку, новы год пачаўся весела. Нават занадта. Ці тое яшчэ будзе.