Politico: Верагоднасць завяршэння вайны ва Украіне пры пасрэдніцтве Трампа — адзін да чатырох
Дональда Трампа ў чарговы раз заклікалі больш рашуча паводзіць сябе з Пуціным, які перыядычна раздражняе амерыканскага прэзідэнта. Расія выкарыстоўвае «каляднае зацішша», каб перагрупавацца і вызначыць новыя мэты атак. А на фронце у РФ па ранейшаму няма поспехаў. Ідуць 1410-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 116 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян ў раёнах Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Маладзецкага, Удачнага, Філіі, Дачнага і ў бок Навапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 20 атак расіян у раёнах Гуляйполя і ў кірунку Дабраполля і Зялёнага.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Сафіеўкі.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 10 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Аляксандраграду, Вішнёвага, Злагоды і Рыбнага.
* * *
Расійскія войскі працягваюць актыўны ціск на Пакроўскім кірунку, але стан лініі баявога сутыкнення застаецца нязменным, паведаміў у эфіры Суспільнага Арцём Прыбыльнаў, афіцэр аддзялення камунікацый 155-й асобнай механізаванай брыгады імя Ганны Кіеўскай.
«У першыя дні новага года сітуацыя на Пакроўскім кірунку застаецца напружанай, але ў асноўным кантраляванай. Баявыя дзеянні не спыняліся ні на суткі. Праціўнік працягвае ціск, але кардынальных змен на лініі баявога сутыкнення няма», — сказаў Арцём Прыбыльнаў.
Расіяне, нягледзячы на адсутнасць прарыву, працягваюць праводзіць бесперапынныя пяхотныя атакі, а месцамі — камбінаваныя штурмы з прыцягненнем тэхнікі. «Гэта не прыкметы сілы, а хутчэй спроба знясіліць нашую абарону. У іх цяпер тактычныя мэты — стварыць ціск на флангі, ускладніць лагістыку. Цяпер не ідзе гаворка пра хуткі захоп, гэта паступовае навязванне баявых дзеянняў на знясіленне», — рэзюмаваў Арцём Прыбыльнаў.
* * *
У Сумскай, Луганскай і Харкаўскай абласцях зафіксавана зніжэнне колькасці расійскіх атак у параўнанні з мінулымі тыднямі. Але аналіз дзеянняў праціўніка паказвае на тое, што падрыхтоўка да наступальных аперацый у студзені працягваецца, заявіў у эфіры Espreso начальнік упраўлення камунікацый Групоўкі аб’яднаных сіл, падпалкоўнік Віктар Трэгубаў.
«Што тычыцца сітуацыі на фронце, магу казаць за нашу зону адказнасці — Харкаўшчына, Луганшчына і Сумшчына, — праціўнік бліжэй да "алкагольнага трыпу" з некаторымі "нюансамі". Цяпер бачым не такія інтэнсіўныя атакі, як былі, напрыклад, некалькі тыдняў таму. Адбываюцца пастаянныя перагрупоўкі, пастаянныя спробы інфільтрацыі, яны падцягваюцца, хутчэй за ўсё, расійскія акупанты рыхтуюцца», — пракаментаваў начальнік упраўлення камунікацый Групоўкі аб’яднаных сіл.
Спробы расіян пранікаць углыб украінскіх тэрыторый фіксуюцца пастаянна, і гэта сведчыць пра тое, што армія РФ выбудоўвае ўмовы для далейшых атак ужо ў гэтым месяцы, лічыць Трэгубаў.
На гэтым фоне ў Чарнігаўскай вобласці была абвешчана абавязковая эвакуацыя ў 14 населеных пунктах. На цяперашні момант эвакуацыя ўжо завершана ў трох з іх, у астатніх 11 працэс яшчэ працягваецца.
Таксама з прыфрантавых раёнаў Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцей прымусова эвакуіруюць больш за тры тысячы дзяцей разам з іх бацькамі, паведаміў віцэ-прэм’ер-міністр па пытаннях аднаўлення Украіны і міністр развіцця абшчын і тэрыторый Аляксей Кулеба ў Telegram.
* * *
* * *
Вядучы сенатар ад Дэмакратычнай партыі ЗША Крыс Кунс заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прымяніць практыку перахопу нафтавых танкераў з Венесуэлы таксама да суднаў, якія перавозяць расійскую нафту, піша MS NOW.
Паводле слоў Кунса, адміністрацыя Трампа ўжо выкарыстоўвае ўзброеныя сілы для перахопу танкераў «ценевага флоту», якія падтрымліваюць венесуэльскі рэжым.
Ён падкрэсліў, што тыя ж самыя інструменты варта прымяніць да «флоту, які фінансуе ваенную машыну Расіі, падтрымлівае Іран і спрыяе Паўночнай Карэі».
Сенатар перакананы, што такі крок атрымае падтрымку Кангрэса. На яго думку, Трамп «атрымаў бы двухпартыйную падтрымку для больш жорсткіх дзеянняў супраць Пуціна і для абмежавання фінансавання яго ваеннай машыны, якая вядзе вайну супраць Украіны».
У той жа час Кунс раскрытыкаваў знешнюю палітыку прэзідэнта Злучаных Штатаў, нагадваючы, што Трамп перад выбарамі абяцаў «пазбягаць дурных новых войнаў за мяжой», але фактычна ўцягнуў ЗША ў канфлікт з адным з самых магутных аўтарытарных рэжымаў у Заходнім паўшар’і, маючы на ўвазе Венесуэлу.
Сенатар дадаў, што Трамп павінен засяродзіцца на вайне Расіі супраць Украіны і іншых кірунках знешняй палітыкі, дзе ён «не выкарыстаў даступныя інструменты».
* * *
Упартасць расійскага лідара Уладзіміра Пуціна ў перамовах перыядычна раздражняе Дональда Трампа і ўскладняе дыпламатычныя намаганні па завяршэнні вайны ва Украіне, піша Politico.
Выданне адзначае, што ні баі на фронце, ні ўнутраныя праблемы Расіі — уключаючы дэфіцыт паліва пасля ўдараў украінскіх беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчых заводах — не прымушаюць Пуціна адмаўляцца ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў. Яго настойлівасць «перыядычна раздражняе Трампа» і прымушае амерыканскага лідара задумвацца, ці не выкарыстоўвае Крэмль перамоўны працэс у сваіх інтарэсах.
Верагоднасць завяршэння вайны пры пасрэдніцтве Трампа, паводле ацэнак Politico, невялікая — прыкладна адзін шанец з чатырох.
Журналісты падкрэсліваюць, што зацягванне вайны выгадна Крамлю: яно знясільвае еўрапейскія краіны, падрывае адзінства трансатлантычнага саюза і адцягвае Захад ад іншых глабальных выклікаў. Гэта, на думку экспертаў, таксама іграе на руку Кітаю ў кантэксце Тайваня.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі прызначыў кіраўніка ваеннай разведкі Кірыла Буданава кіраўніком Офіса прэзідэнта. Гэта рашэнне — частка больш шырокай перабудовы ў вышэйшых эшалонах улады ва Украіне, піша Financial Times.
Прызначэнне адбылося на фоне актыўных намаганняў украінскага боку па атрыманні гарантый бяспекі ад заходніх саюзнікаў у межах адноўленых дыпламатычных ініцыятыў, накіраваных на спыненне вайны з Расіяй.
Буданаў лічыцца адным з нешматлікіх высокапастаўленых украінскіх чыноўнікаў, якія на працягу ўсёй вайны падтрымлівалі рабочыя каналы сувязі з Масквой, у тым ліку па пытаннях абмену палоннымі. «Гэты крок, відаць, з’яўляецца часткай больш маштабнай рэарганізацыі ў апараце бяспекі Зеленскага, у межах якой прэзідэнт перавёў на іншыя пасады двух іншых высокапастаўленых чыноўнікаў», — адзначае выданне.
Грамадская папулярнасць Буданава істотна вырасла на фоне маштабных аперацый ГУР, што зрабіла яго адной з найбольш вядомых фігур ва ўкраінскай палітыцы. Пры Буданаве ГУР трансфармавалася ў сучасную разведвальную структуру і ўмацавала ўзаемадзеянне з ЦРУ. Пры гэтым ён перыядычна сутыкаўся з непублічнай крытыкай з боку заходніх партнёраў, якія перасцерагалі ад занадта рызыкоўных крокаў з-за пагрозы эскалацыі канфлікту з РФ.
Апытанні рэгулярна адносяць яго да ліку самых папулярных публічных персон краіны, што ўзмацняе ўвагу да яго новай ролі.
«Аднак кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта — ключавая роля ў непразрыстай палітыцы Украіны, нягледзячы на тое, што фармальна гэта адміністрацыйная пасада, — традыцыйна з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі крытыкі», — адзначае Financial Times.