Дональд Трамп у чарговы раз сказаў, што «не ў захапленні» ад Пуціна

Нават на фоне Венесуэлы прэзідэнту ЗША Дональду Трампу давялося адказваць на пытанні па Украіне. Адмыслоўцы краін-партнёраў дапрацоўваюць дакументы па гарантыях бяспекі Украіне, але ў той жа час баявыя дзеянні працягваюцца. Ідуць 1411-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

07b1e010.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 211 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 40 штурмаў расійцаў ў раёнах Радзінскага, Пакроўску, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Зацішша, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку УСУ спынілі 36 спроб арміі РФ прасунуцца наперад у раёнах Гуляйполя, Успенаўкі, Даражнянкі і ў кірунках Дабраполля і Зялёнага.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 22 разыкаля Навасёлаўкі, Мірнага, Зарэчнага, Ямпаля і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 21 атаку ў раёнах Ялты, Варона, Вішнёвага, Салодкага, Злагоды, Рыбнага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 19 разоў атакаваў пазіцыі УСУ у раёнах Ваўчанску, Старыцы, Прыліпкі і ў кірунку Ізбіцкага.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Шчарбініўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і іншых.

На Купянскім кірунку зафіксавана 14 атак у раёнах Сінькоўкі, Новай Круглякоўкі і ў кірунку Купянска, Петрапаўлаўкі, Глушкаўкі, Багуслаўкі, Кучэраўкі і Курылаўкі.

* * *

Расійскія войскі ўзмацнілі ціск у Купянскім раёне, аднак іх спробы пракрасціся непасрэдна ў горад не дасягаюць мэты. Украінскія сілы абароны цалкам кантралююць сітуацыю і зрываюць інфільтрацыйныя дзеянні праціўніка, паведаміў начальнік упраўлення камунікацый Групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў.

«Расія засяродзіла асноўныя намаганні на левым беразе ракі Аскол, спрабуючы стварыць умовы для далейшага прасоўвання ў кірунку Купянска», — сказаў Трэгубаў.

Паводле яго, гаворка ідзе не пра аднаўленне пазіцый на поўнач ад Купянска, а менавіта пра ціск у раёне левабярэжжа. Таксама расійскія падраздзяленні неаднаразова спрабавалі зайсці ў горад невялікімі групамі, але «тыя туды проста не праходзяць».

Ён таксама адзначыў, што калі б праціўнік меў хоць бы частковы поспех, то не страціў бы здабытае ў Купянску, якое меў яшчэ два месяцы таму. «Усе спробы расіян вярнуцца ў горад пакуль застаюцца безвыніковымі», — падкрэсліў Трэгубаў.

* * *

У ноч на 4 студзеня Расія атакавала Украіну 52 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 39 БпЛА.

* * * 

606717095_1228588876120855_5645949691962607567_n.jfif

* * *

Перамоўны працэс Украіны з міжнароднымі партнёрамі выйшаў на новы этап і наблізіў бакі да абмеркавання магчымага фармату мірнага ўрэгулявання, піша The New York Times.

3 студзеня ва Украіну прыбылі 18 дарадцаў па нацыянальнай бяспецы ад дзяржаў-партнёраў. Іх удзел засяроджаны на абмеркаванні праекта мірнага плана, сістэмы гарантый бяспекі і канцэпцыі пасляваеннага аднаўлення краіны, паведамляе выданне.

У праекце мірнага плана разглядаюцца гарантыі бяспекі, набліжаныя да прынцыпаў калектыўнай абароны НАТА. Сярод магчымых гарантаў называюцца ЗША, Альянс і асобныя еўрапейскія дзяржавы.

Абмяркоўваецца захаванне колькасці УСУ на ўзроўні каля 800 тысяч вайскоўцаў пры фінансавай падтрымцы партнёраў, заключэнне двухбаковага пагаднення аб бяспецы з ЗША, а таксама членства Украіны ў ЕС у пэўныя тэрміны. Асобная ўвага надаецца патэнцыйнаму размяшчэнню еўрапейскіх кантынгентаў на тэрыторыі Украіны або найбліжэйшых краін Еўрасаюза.

Украінская пазіцыя шмат у чым сфарміравана папярэднім вопытам, у прыватнасці Будапешцкім мемарандумам 1994 года. Тады Украіна адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на запэўніванні ў бяспецы, якія не ўтрымлівалі канкрэтных механізмаў падтрымкі. Адсутнасць юрыдычна абавязковых абавязацельстваў, паводле ацэнкі ўкраінскага боку, стала адным з фактараў, якія дазволілі Расіі пачаць агрэсію ў 2014 годзе.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра магчымую сустрэчу з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам у канцы студзеня для абмеркавання мірнага плана па Украіне. Ён сказаў пра гэта падчас брыфінгу пасля перамоў з дарадцамі па нацбяспецы краін-партнёраў.

«Думаю, што мы будзем рыхтавацца да сустрэчы ў ЗША на ўзроўні лідараў у шырокім коле. Мы хацелі б, каб усё гэта адбылося на працягу студзеня, да канца студзеня», — заявіў Зяленскі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі ў чарговы раз заявіў, што не ў захапленні ад расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.

«Я не ў захапленні ад Пуціна. Ён забівае занадта шмат людзей», — адказаў Трамп на пытанне пра тое, ці абмяркоўваў ён сітуацыю ў Венесуэле падчас іх апошняга званка.

Ён дадаў, што спадзяецца дасягнуць прагрэсу ў мірным урэгуляванні вайны ва Украіне. Таксама Трамп заявіў, што не баіцца Пуціна.

* * *

Рэальныя кампрамісы з боку Расіі магчымыя толькі ва ўмовах жорсткага ціску. Гаворка ідзе пра спалучэнне санкцый, актыўнай ваеннай падтрымкі Украіны і захаванне дыялогу з удзелам ЗША і Еўропы, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас камунікацыі з журналістамі.

Зяленскі падкрэсліў, што пераканаць Расію пайсці на кампрамісы можна толькі праз рэальны ціск, а не фармальныя размовы. «Размаўляць, але размаўляць не проста па тэлефоне, а размаўляць з санкцыямі, размаўляць ваеннай падтрымкай Украіны», — сказаў ён.

Зяленскі адзначыў, што ЗША павінны ціснуць на Расію мацней, адначасова падкрэсліўшы маштабную працу амерыканскай каманды. Паводле яго слоў, у снежні прадстаўнікі ЗША і Украіны правялі надзвычай інтэнсіўнае супрацоўніцтва, за што ён выказаў ім удзячнасць.

«Тут ужо напрацавана вельмі шмат. Мы павінны паважаць працу людзей і час, бо кожная хвіліна прамаруджвання азначае новыя пакуты людзей ва Украіне», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Раней Украіна неаднаразова заяўляла, што любыя перамовы з Расіяй павінны абапірацца на прынцып сілы, а не саступак агрэсару. Кіеў настойвае на ўзмацненні санкцыйнага ціску і стабільнай пастаўцы ўзбраення, у прыватнасці сістэм супрацьпаветранай абароны.

Цягам апошніх месяцаў ЗША і еўрапейскія партнёры вядуць кансультацыі адносна далейшых крокаў падтрымкі Украіны, аднак дыскусіі часта суправаджаюцца затрымкамі ў рашэннях.