Ад 50 мільёнаў да арышту: як ЗША выходзілі на Мадуру. Дасье ў карыкатурах

Сённяшнія навіны пра арышт венесуэльскага лідара не сталі нечаканасцю. Яшчэ восенню ЗША пачалі паслядоўна павышаць стаўкі — ад узнагароды за Мадуру да дэманстрацыі сілы ля берагоў Венесуэлы. Узгадваем, як разгортвалася гэтая гісторыя і як яе адлюстроўвалі карыкатурысты.

Адносіны паміж Мадурам і Трампам не задаліся яшчэ ў часы першай кадэнцыі лідара MAGA (2017-2021). Трамп не прызнаў перамогу Мадуры на выбарах (сапраўды вельмі дзіўных) і актыўна лабіраваў саперніка Мадуры Хуана Гуайда ў якасці легітымнага венесуэльскага прэзідэнта. На гэтым малюнку Трамп спрабуе знесці Мадуру і дарвацца да венесуэльскай нафты, выкарыстоўваючы Гуайда ў якасці тарана.

photo_2025_10_26_16_27_50.jpg

Пасля таго, як Трампа «пракацілі» на выбарах 2021 года, пры прэзідэнце Байдэне градус амерыкана-венесуэльскай канфрантацыі знізіўся. І вось зараз усё вяртаецца: Вашынгтон зноў цісне на Каракас. З той розніцай, што зараз Мадуру крытыкуюць не за электаральныя фарсы, а за дачыненне да кантрабанды калумбійскага какаіну ў Штаты. Таму лаяльныя Трампу карыкатурысты малююць адносіны Мадуры і Трампа як дачыненні наркадылера і паліцэйскага з аддзела па барацьбе з наркотыкамі. На гэтым малюнку Трамп урываецца ў кабінет Мадуры з сабакам, які шукае какаін.

photo_2025_10_26_16_27_53.jpg

Істотным крокам да новага вітка канфрантацыі стала аб'яўленне Дзярждэпам 7 жніўня ўзнагароды за злоў Мадуры. У ЗША абяцаюць 50 млн долараў за інфармацыю, якая дапамагла б арыштаваць венесуэльскага гаранта. На думку аналітыкаў, такая акцыя павінна прымусіць набліжаных Мадуры здаць свайго правадыра, а самога прэзідэнта пайсці на саступкі. Венесуэльская апазіцыйная прэса лічыць, што зараз у Мадуры тры выхады: уцёкі, турма ці смерць.

photo_2025_10_26_16_27_55.jpg

Гэта было толькі пачаткам. ЗША ўжо нанеслі некалькі ўдараў па малых судах з Венесуэлы, заявіўшы, што на іх перавозілі наркотыкі. Па папярэдніх звестках, загінулі каля 40 чалавек. Урад ЗША сцвярджае, што атакаваныя судны звязаныя з наркатрафікам. Але супярэчлівасць доказаў выклікае прававыя і палітычныя спрэчкі.

photo_2025_10_26_16_27_57.jpg

Між тым, пакуль ніякіх прыкмет эрозіі рэжыму Мадуры не назіраецца. У тым ліку таму, што Мадура актыўна іграе на антыамерыканскіх настроях, папулярных у Лацінскай Амерыцы. Тут ён намаляваны ў стылі Балівара — героя вайны за незалежнасць кантынента.

photo_2025_10_26_16_27_59.jpg

Стабільнасць рэжыму Мадуры можна таксама растлумачыць геапалітычнай падтрымкай з боку Кітая і Расіі. Малюнак з мясцовай лаяльнай ураду газеты.

photo_2025_10_26_16_28_03.jpg

Усё гэта ў перспектыве ставіць Трампа перад складаным выбарам. Калі мэта амерыканскай ваеннай групоўкі ў берагоў Венесуэлы — прыстрашыць Мадуру, то незразумела, ці дастаткова яе для таго, каб справакаваць крызіс у чавісцкай эліце і ў краіне. Калі нічога не зменіцца, прыйдзецца вяртаць флот, што стане прыніжэннем для прэзідэнта. Адзіны выхад — паспрабаваць зрынуць Мадуру сілай, што вельмі рызыкоўна. Некаторыя мастакі выяўляюць звяржэнне Мадуры як нейкую сцэну з галівудскага паліцэйскага блокбастара.

photo_2025_10_26_16_28_06.jpg

Сёння, калі з’яўляюцца паведамленні пра арышт Нікаласа Мадуры, гэтыя карыкатуры ўспрымаюцца ўжо не як палітычная сатыра, а як хроніка эскалацыі, што паслядоўна вяла да цяперашняга моманту. Узнагарода, ваенны ціск, абвінавачанні ў наркатрафіку — ўсё гэта было не эпізодамі, а элементамі доўгай стратэгіі. Незалежна ад таго, якім будзе фінал гэтай гісторыі, ужо відавочна: супрацьстаянне ЗША і венесуэльскага рэжыму ўвайшло ў фазу, пасля якой вяртанне да ранейшага статус-кво выглядае амаль немагчымым.